Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Улады паказваюць сваю антыпольскасьць"


31 сакавіка Канстытуцыйны суд Беларусі пачаў разгляд закону Польшчы "Аб карце паляка" на адпаведнасьць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Ініцыявала гэтае пытаньне 23 лютага Палата прадстаўнікоў.

Прыняты польскім парлямэнтам закон аб "карце паляка" дзейнічае з 2008 году. Карта пацьвярджае прыналежнасьць этнічных палякаў, якія жывуць у СНД і Прыбалтыцы, да польскай нацыі і дае ім ільготы ў афармленьні візаў пры наведваньні Польшчы, а таксама гарантуе падтрымку пры вядзеньні бізнэсу, працаўладкаваньні і паступленьні на вучобу ў Польшчы. Як сьцьвярджае старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, у гэтым законе закладзены палажэньні, якія супярэчаць міжнародным нормам і не адпавядаюць прынцыпам добрасуседзтва. Таму беларускі бок і накіраваў яго ў Канстытуцыйны суд, які ўпершыню мае выкласьці пазыцыю наконт дакумэнту замежнай дзяржавы. Прэс-сакратар суду Васіль Селядзеўскі сказаў, што працэс пачаўся:

"Без запрашэньня прэсы, то бок запрашэньне прэсы не плянуецца. А ўсё астатняе — як будзе вызначацца судом. Гэта наша ўнутраная працэдура судовая — вывучэньне матэрыялаў справы".

У амбасадзе Польшчы ў Беларусі не камэнтуюць пачатак працэсу ў Канстытуцыйным судзе. Там кажуць, што "карту паляка" ніхто не зьбіраецца адмяняць. Але ці будзе мець нейкае значэньне рашэньне беларускага суду для Польшчы? Першы сакратар Амбасады Польшчы Павал Марчук:
для нас меркаваньне Канстытуцыйнага суду Беларусі ня мае ніякай моцы ...

"Польшча — гэта сувэрэнная дзяржава, і для нас меркаваньне Канстытуцыйнага суду Беларусі ня мае ніякай моцы. То бок можна, вядома, адзначыць пэўную думку беларускага боку, але гэта не абавязковае для нас рашэньне".

Ці можна меркаваць, што такія дзеяньні афіцыйнага Менску зьвязаныя з пагаршэньнем беларуска-польскіх дачыненьняў? На гэта спадар Марчук адказаў:

"Ня ведаю, то бок гэта пытаньне, якое трэба было б задаць беларускаму боку, чаму менавіта цяпер займаюцца адпаведнасьцю зь міжнародным правам польскага права. Я лічу, што ёсьць шмат законаў, крыніцаў права ў Беларусі, якія вельмі відавочна не адпавядаюць міжнародным стандартам. Шкадую, што беларускі Канстытуцыйны суд не займаецца гэтымі актамі".

Палітоляг Алесь Лагвінец называе працэс над "картай паляка" паказальным:

Алесь Лагвінец
"Улады пайшлі на такі паказальны працэс, каб паказаць сёньняшнюю сваю антыпольскасьць і проста параздражняць афіцыйную Варшаву. Заўсёды, калі ўнутры краіны справы ідуць кепска, то недэмакратычная ўлада шукае зьнешняга ворага, а не прызнаецца, што яна вінаватая ў тым, што адбываецца ў краіне. На фоне эканамічнага крызісу лепш знайсьці зьнешняга ворага і казаць, што яны ва ўсім вінаватыя. Гэта працяг антызаходняй кампаніі беларускіх уладаў. А заходні вораг нумар адзін для беларускіх уладаў — гэта Польшча".

Праваабаронца Гары Паганяйла назваў "чыста палітычнай акцыяй" накіраваньне закону іншай краіны на разгляд у Канстытуцыйны суд.

Нейкага юрыдычна значнага дакумэнта, абавязковага для Польшчы, ён прыняць ня можа.

Гары Паганяйла
"Гэта будзе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Польшчы, замах на яе сувэрэнітэт, і гэта нічым добрым не завершыцца. У сёньняшняй палітычнай сытуацыі, калі мы назіраем абвастрэньне дачыненьняў паміж кіроўным рэжымам у Беларусі і польскімі ўладамі, гэта толькі паказьнік таго, наколькі глыбока беларускія ўлады спрабуюць загнаць гэты канфлікт, выкарыстоўваючы ў тым ліку і Канстытуцыйны суд".

Паводле інфармацыі, агучанай у Палаце прадстаўнікоў, карту паляка на сёньня ў Беларусі маюць больш за 14,5 тысячы чалавек, а ўсяго ў краіне жыве 400 тысяч этнічных палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG