Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 красавіка на прапанову Палаты прадстаўнікоў Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэньне аб сваёй пазыцыі што да польскага закону "Аб Карце паляка".

Палата прадстаўнікоў зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд, каб той ацаніў адпаведнасьць "карты паляка" агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Паводле Канстытуцыйнага суду, некаторыя нормы польскага закону ў справе вызначэньня правамоцтваў пэўных грамадзкіх аб'яднаньняў, якія зарэгістраваны ў Беларусі, на вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з выдачай "карты паляка", "не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаў і неўмяшаньня ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампэтэнцыю іншай дзяржавы".

Палажэньні закону, якія тычацца выдачы грамадзянам Беларусі "карты паляка" консулам Польшчы, не адпавядаюць палажэньням Венскай канвэнцыі аб консульскіх зносінах і беларуска-польскай консульскай канвэнцыі. Таксама яны парушаюць дамову паміж Беларусьсю і Польшчай аб добрасуседзтве.

Ільготны візавы рэжым і прывілеі пры працаўладкаваньні, якія дае "карта паляка", паводле Канстытуцыйнага суду, усталяваныя ў аднабаковым парадку і не адпавядаюць беларуска-польскаму пагадненьню аб узаемных паездках грамадзянаў, а таксама пагадненьню аб узаемным працаўладкаваньні грамадзянаў. Паводле суду, яны парушаюць агульнапрызнаны прынцып добрасумленнага выкананьня дзяржавамі абавязаньняў Дэклярацыі аб прынцыпах міжнароднага права.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG