Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Слаўгарадзе вэртыкаль вырашае, на каго напусьціць усіх сабак…»


Пасьля 1986 году, калі гэтая мясцовасьць, атрымаўшы 15 кюры і вышэй, плямінамі трапляла пад зону адсяленьня, цяпер ехаў у Слаўгарад чацьвёрты раз.

Места заўжды пакідала змрачнаватае ўражаньне. Нават ня столькі адпаведнасьцю твараў многіх з 8 тысяч гараджан старой назьве гораду — Прапойск, колькі ўсюдыіснымі гаротнасьцю ды бязладзьдзем. Дагэтуль перад вачыма тры абгарэлыя пасьля Чарнобылю, пакрытыя мохам хаціны, зь якімі не прыдумалі зрабіць нічога лепшага, як перавезьці на аўтамабільную разьвязку перад уездам. Дарэчы, адной з падстаў вандроўкі было тэлефанаваньне нашага слухача на «гарачую лінію» РС. Слухач прапанаваў расказаць праўду пра крымінальную дэзактывацыю вёсак, дзе і ён працаваў. Аднак сустрэчы пачаліся ў мяне адразу на аўтобусным прыпынку, дзе бабулькі, цёткі Зоя і Марыля з прыгараднай вёскі, абмяркоўвалі сваё існаваньне. Я пачуў характэрную для цяперашняга часу вясковую гаману.

Зоя: «Слава богу, у брата ж на працы можна ўзяць балён зяцеўскага кабана смаліць. Жэні званіла — „ён п’яны ляжыць, а я не пайду“. А там 150 кг зерня купіла, не прывезенага — няма ані зерня, ані балёна. А курэй падзяржала — кінула…»

Марыля: «А як жа без свайго яйка?»

Зоя: «А я і зямлю кінула — і жыву…»

Марыля: «А я езьдзіла ў Трускавец, гутарыла з адным хахлом — развалілі калгас, пазабіралі тэхніку. Жывуць год бяз пэнсіі, але, казаў, дзяржыць кароў, цялят, сьвіней, свой млын…»

Карэспандэнт: «А, кажуць, на Ўкраіне дрэнна жывуць…»

Марыля: «Я вам кажу, мілы чалавек! Во ў нас усё пагарэла, бульбачка малая. Усё пазабралі, нам пэнсію не даюць. Гэта во Лукашэнка, малойца — паказвалі, колькі золата накапіў!»

У цэнтар гораду падвёз на «жыгулёнку» насуплены кіроўца з ПМК Сяргей. Ззаду сядзела жонка Сьвятлана. Толькі ў апошнія хвіліны разгаварыліся.

Паслаўскі: «Кладуць 800 у сярэднім — элітны тут заробак, можна сказаць. Па вёсках не атрымліваюць. Кватэры сваёй няма — у інтэрнаце…»

Карэспандэнт: «Нічога сабе будаўнік!»

Паслаўскі: «На чаргу ўжо ня ставяць гадоў пяць — толькі каапэратыўныя і спэцыялістам. 160 мільёнаў трохпакаёвая кватэра. А крэдыты браць ужо позна — ня выплацім…»

Сьвета: «І працу лепш не губляць — вельмі цяжка пасьля знайсьці. Я ў бальніцы санітаркай, а ЖБІ закрылі. А з кватэрай — будзем жыць у інтэрнаце…»

На мясцовым кірмашы сустрэўся з адным зь першых слаўгарадзкіх прадпрымальнікаў, 52-гадовым спадаром Валерыем Іванько. За 5 год, як мы знаёмыя, кажа, колькасьць індывідуалаў са 150 скарацілася ўдвая. Некалі гаварун, гэтым разам сумна паведаміў, што эканамічная катастрофа, прынамсі ў Слаўгарадзе, наступіла.


Іванько: «Слаўгарад — горад, дзе няма вытворчасьцяў. І насельнікі зарабляюць на тым, што выяжджаюць гастарбайтэрамі працаваць — тут у людзей проста няма грошай…»

Карэспандэнт: «У вашай краме якая пакупніцкая здольнасьць?»

Іванько: «За мінулы год упала разы ў 3–4. Была за месяц 150 тысяч, цяпер яшчэ горш. І тады забіралі апошняе, а цяпер кішэні выварочваюць звонку. Застаецца на хлеб, і ўсё. Тавар апошнія 2 месяцы закупляю ў доўг…»

Карэспандэнт: «А заводы многія ўжо сталі?»

Іванько: «Завод для сушкі гародніны банкрутам 2 гады праіснаваў — аддалі калгасу, сьпісаўшы даўгі і даўшы новыя крэдыты. Масласырзавод аддалі Быхаву — працуе як філіял, скарацілі і абмежаваная колькасьць людзей. А больш нічога не працуе. Пэнсіянэры, акрамя хлеба чорнага і гурка, і ня ведаюць лепшай ежы…»

У пустэльнай Іваньковай крамцы з гаспадарчымі таварамі сумаваў падсобны рабочы Андрэй Макаранка, які, між іншым, жыве з таго, што ня першы год езьдзіць гастарбайтэрам у Расею. Уступае ў размову.

Макаранка: «Моладзі наагул няма чаго рабіць узімку — хлеб зарабіць няма дзе. Я сам у Маскву ежджу — а ў нас цэны, як там. Там можна добрую кілбасу на нашы грошы набыць за 18–20 тысяч, дык тут такую па 30–35. Нашы беларускія тавары нашмат ніжэй каштуюць…»

Карэспандэнт: «А заробкі — во на базе СВК „Октябрь“ побач з вамі 150 тысяч?»

Макаранка: «У Маскве ў сярэднім 1,5 млн. беларускіх рублёў, хто працуе, мае…»

Калі суразмоўцы даведаліся, што далей зьбіраюся на ўскраіну наведаць сядзібу, дзе жыве легендарнае, мо адзіна шчаснае тут шматдзетнае сямейства Ціханавых — засьмяяліся. Аказалася, маці, душа ды арганізатар сямейнага дома спадарыня Ларыса працуе зараз за некалькі дзясяткаў мэтраў у камэрцыйным шапіку.


Дзеці (хорам): «Драст-вуй-це-е!»

Так мяне сустрэла сямейства Ціханавых 5 год таму ў двухпавярховым катэджы, пабудаваным, між іншым, з дапамогай беларуска-ангельскага дабрачыннага фонду «Дапаможам дзецям жыць». Тады Ларыса ўжо мела чацьвёра сваіх дзяцей, дзевяць прыёмных і ўнучку.

Ларыса: «Мне заўсёды падабалася, што яны сядаюць за вялікі стол, вячэраюць, сьнедаюць разам. Гоман, сьмех. І маленькая ўсё зь дзецьмі гуляла. І вырашыла, што нас павінна быць шмат. Працуем усе разам, дзеткі ўсе дапамагаюць. Хтосьці бульбачку чысьціць, хтосьці наразае. У гародзе разам працуем. Хлопцы — гной выкідаюць, салому падкладаюць, дроў прынясуць, пасякуць. Усё сваё — каровы, сьвіньні, куры, сабачка Дзік…»

У харчовым шапіку, дзе Ларыса зараз прадавачкай, наведнікаў таксама няма. Пытаюся пра апошнія сямейныя навіны.


Ціханава: «Я дапамагаю сыну — старэйшы гады тры таму стаў ІП. Раней не працавала — „маці-выхавацелька“. Дзеткі — хто вучыцца, хто ажаніўся, хто працуе. Пры мне зараз чалавечак сем прыёмных дзетак. Свая дачушка меншая — 4 годзікі. Прыёмная дачушка, унучка пайшлі ў 1 клясу — вучымся пісаць-чытаць. Трымаем сьвіней, курэй, каровы. Раней пазыкаў шмат у банку бралі — выплачваем, нідзе пазыкаў ня маем…»

Карэспандэнт: «Вы тады мелі кантакт з ангельскім фондам „Дапамагаем дзецям жыць“…»

Ціханава: «Вялікая падзяка, што дапамагаюць людзям, якія ствараюць такія дзіцячыя дамы — дзецям у сям’і лепш. Паштоўкі нам віншавальныя дасылаюць, але ў асноўным працуем самі — трэба прыкласьці, каб атрымаць ад жыцьця штосьці. Дзеткі ўдаліся — прыяжджаюць, дапамагаюць і булку хлеба заўсёды вязуць…»

* * *

Вандроўкі ў Слаўгарад ніколі ня мысьліў без сустрэч з даўнім і дарагім знаёмцам — тутэйшым апазыцыянэрам-барацьбітом, аўтарам 15 паэтычных зборнікаў, першым дэмакратычным мэрам гораду, былым інжынэрам-геолягам, 83-гадовым спадаром Фэліксам Шкірманковым. Гэтага каржакаватага, крыху сагнутага гадамі, але нязломнага духам чалавека называюць жывой гісторыяй посткамуністычнай, пасьлячарнобыльскай Слаўгарадчыны. Угледзеўшы, як вырасла пладаноснае лімоннае дрэва ў яго хаце, за гарбатай прашу спачатку патлумачыць, чаму ён у 1994-м, неўзабаве пасьля прыходу Лукашэнкі, сам кінуў пасаду гарадзкога галавы.


Шкірманкоў: «З тае пары, як пачала ўмацоўвацца ўладная вэртыкаль, пачалі зьнікаць інстытуты дэмакратыі. Заўсёды гаварылася — „выканкам раённага Савету дэпутатаў“. І ўсе ведалі, што ў яго ўваходзяць абраныя народам. А што сёньня?! Назва захавалася, а ён жа нічога не вырашае. Усім запраўляе рай-вы-кан-кам па камандзе зьверху. Гэта і судовая ўлада, якая цалкам падпарадкоўваецца вэртыкалі. Ну, і, урэшце, СМІ. Паглядзіце на нашу раённую газэту. Хоць замянілі назву „Ленінскі шлях“ на „Прысожскі край“. Пастановы і рашэньні, якія нікога не цікавяць, займаюць усю плошчу. У свае часы знаходзілася мейсца для літаратурнай старонкі. На ёй друкаваліся творы тых, каму бог на душу даў кроплю таленту, і яны маглі распраўляць крылы. Сёньня яе няма…»

Дарэчы, чаму Шкірманкову забаранілі друкаваць вершы ў мясцовай газэце, ладзіць паэтычныя сустрэчы ў горадзе, я зразумеў яшчэ 5 год таму ў часе сустрэчы з намесьнікам рэдактара раёнкі Ўладзімірам Рыжанковым.

Рыжанкоў: «У нас поўнае ўзаемаразуменьне, узаемадапамога і ўзаемапавага з вэртыкальлю. Яна ў якасьці кіраўніка, дарадцы, куратара. Старшыня райвыканкаму Ўладзімір Пятровіч Даніленка заўсёды цікавіцца газэтай. Калі лічыць, што трэба было інакш напісаць, ці нешта яму не спадабаецца, выклікае. І ў канструктыўнай размове знаходзім кампраміс…»

Ізноў да размовы са спадаром Шкірманковым.

Карэспандэнт: «Вы чулі запісы — слаўгарадцы едуць гастарбайтэрамі ў Расею, атрымліваюць тут менш за 300 тысяч. А гэта можа вырашаць вэртыкаль — і з прадпрымальнікамі на кірмашы, якія ня маюць каму прадаваць?»

Шкірманкоў: «Вэртыкаль вырашае, каму можна дазволіць гандляваць, на каго напусьціць усіх сабак — пажарную ахову, санстанцыю, міліцыю. Яны ўсё трымаюць у сваіх руках — ніякі закон ня дзейнічае, тут усё задушана, задаўлена. На прадпрыемствах уведзены пасады намесьнікаў кіраўнікоў па ідэалёгіі. Гэтае БРСМ, якое сілкуецца за грошы падаткаплатнікаў! Я быў сьведкам — перад нашым Палацам культуры ўрачыста прымалі ў піянэры вучняў. БРСМ — першае слова „беларускі“. А ці чулася хоць адно беларускае слова?! Але гэта насаджваецца ўладай. І забараняецца ўсё, што мае дачыненьне да гістарычнай спадчыны…»

Размова перапынілася прыходам памянёнага слухача Радыё Свабода — былога экскаватаршчыка дэзактывацыйнай фірмы «Радон» спадара Васілеўскага. Валер Анатолевіч упершыню вырашыў расказаць пра свой лёс, трагічна паламаны супрацоўніцтвам — як тады лічыў, дзеля справы — з КДБ. Але напачатку прымушае мяне вывучыць усе захаваныя афіцыйныя паперы — сьведчаньні пра тое, што была «па фактах» заведзеная крымінальная справа, яго выклікі ў КДБ у якасьці сьведкі.


Васілеўскі: «Усё ёсьць — позвы, сьведчаньні таго, што справа была, артыкул, нумар яе пазначаныя…»

Спадар Васілеўскі расказвае пра сутнасьць справы і як яго «кінулі».


Васілеўскі: «Я даў паказаньні сьведкі супраць майстра ўчастка і яго набліжаных — пяці чалавек. Прадавалі ўсё — печкі, паліва. Калі прыяжджаем у адселеную вёску — ні душы. І мы дамы закопвалі ў зямлю. Уяўляеце, колькі там будматэрыялаў, лазьняў! Бульдозэр яны „загналі“. А паліва колькі — за месяц па 9 тон саляркі. Завадатарамі былі два браты Філімонавы — афіцэры, што за крадзяжы былі выгнаныя з войска. У нас яны былі звычайныя кіроўцы-дэзактыватары. Майстар быў „казёл адпушчэньня“ — усё сьпісваў. Калі дайшло да праваахоўных органаў, да мяне і прыехалі супрацоўнікі КДБ. Праклінаю той дзень, калі даў паказаньні. Было гэта перад Новым годам, і 8 студзеня мяне ўжо выкінулі з працы без загаду — „пайшоў вон“. Я прыходжу на працу — майстар ставіць прагулы. Выклікаў міліцыю, давалі яму позвы, а ён ставіць мне прагул. Пайшоў да гэтых „хлапцоў“ — „не хвалюйся, у крыўду цябе не дамо“… Тут гэтая крымінальная справа перададзена ў міліцыю і там празь некага развалілася. Паехаў у КДБ — „ты ўжо ня сьведка па гэтай справе, яе няма“. Калі звальнялі мяне і Палякова — сьведкамі былі ўдвох — паставілі ў віну „непраходжаньне мэдкамісіі“ і „3 гадзіны прагулаў“ без пазначэньня дня. Я прайшоў абласны, Вярхоўны суды, пракуратуры — 5 год ваяваў. Бяз сэнсу! У мяне ў працоўнай так і стаіць штэмпэль — „звольнены па артыкуле“. Пайшоў на кірмаш да прадпрымальнікаў — 3 рублі ў дзень атрымліваў. Намёты зьбіраў, грузіў баўлы. Вось такое жыцьцё — за месяц 70 рублёў, пакуль у 2007-м не пайшоў на пэнсію…»

Спадар Шкірманкоў, сябра Партыі БНФ ад пачатку яе існаваньня, уважліва слухаў расповед Васілеўскага, і раптам яго прарывае на адпаведны ўспамін пра нядаўнюю зьвязаную зь ім гісторыю.

Шкірманкоў: «Падаслалі вучня 11 клясы Вярцейку Аляксандра. Аднойчы раздаўся званок — стаіць моцны з выгляду хлопец. «Фэлікс Уладзіміравіч, хачу, каб паглядзелі мае вершы на беларускай мове». Селі ля хаты — не было чаго глядзець. Я параіў яму выпісаць газэту «Наша слова». І ён пачаў да мяне заходзіць. Насьцярожыла тое, што зводзіў гаману да таго, што трэба тут у Слаўгарадзе зрабіць нейкую групоўку, якая б змагалася з сучасным рэжымам. Кажу — а хлопцы ў цябе ёсьць? — «Ёсьць, ёсьць, чалавек 10 „баевікоў“. (Сьмяецца.) І ў адзін з заходаў кажа — „нам трэба прымацаваць на даху райвыканкама бел-чырвона-белы сьцяг — як лепш зрабіць?“ Я яго ўжо раскусіў — а ці ведаеш, што гэта будзе крымінальнае злачынства? Магу дапамагчы стварыць суполку ТБМ. Бачу, што яму ўсё хочацца справакаваць мяне. Потым зьявіўся ў цэнтральнай сядзібе Партыі БНФ. У мяне пытаюцца, што за хлопец такі? Я ім усё сказаў. Пасьля ён выступіў па Магілёўскім ТБ, дзе нёс лухту, што яго „спрабуюць накіраваць на дзейнасьць, якая падрывае моц дзяржавы“. Але маё прозьвішча не назваў — забаранілі, відаць, бо сябе б раскрыў. Цяпер вучыцца ў ВНУ і працягвае „сэксоцтва“. Так працуюць з апазыцыяй „органы“. І падзеі 19 сьнежня для мяне красамоўна сьведчаць, што сярод тых, хто выйшаў, быў не адзін дзясятак „вярцейкаў“…»

Пры канцы Фэлікс Уладзіміравіч чытае верш, напісаны адразу пасьля падзей 19 сьнежня ў Менску.

«Лухту за праўду любіць гнаць і не трымаць ў судзе адказу.
А той, хто скажа „до брахаць“ — за краты загрыміць адразу.
З тае пары, як атрымаў… уладу — цуд пачаўся.
Ён думку іншую душыць пачаў, бо праўды як агню баяўся.
І толькі тыя, хто яму у рот глядзяць і падпяваюць —
Прылашчан кожны, і таму каля кармушкі месца маюць.
Каб не падумалі, крый бог, што нешта вырашаюць самі,
Сваю уладу беражэ, ўчапіўшыся ў яе зубамі.
Пра зьніклых ведае ўсё — і хто забіў, дзе пахаваны,
Таму ў вачах ягоных страх — сьмяротны і непрыхаваны…»
XS
SM
MD
LG