Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А Турэц спалілі нашы…»


Турэц-Баяры, Маладзечанскі раён.

Турэц-Баяры, Маладзечанскі раён.

Турэц-Баяры, паселішча пры Старавіленскім тракце, зусім не падобнае да вёскі. Уздоўж трасы цягнуцца шэрагі пяці- і трохпавярховых дамоў. Старая з прыгожым і сумным тварам, якая праходзіла побач, растлумачыла мне, адкуль тут столькі цэглы і бэтону.


— Месца вельмі добрае. Машыны, аўтобус, цягнік. Месца вельмі добрае. Я памятаю, некалі ў маладосьці я тут хадзіла, дык я думала, як тут добра людзям жыць. А тады толькі тры домікі былі. А цяпер во які пасёлак.

— А з-за чаго ён тут паўстаў?


— Цагельны быў завод. І я рабіла на гэтай цагельні. Во пайшла на пэнсію. Завод ужо ня робіць. Такі завод! Усе людзі рабілі. А цяпер…


— Што, цэгла нікому не патрэбная?


— Не было адкуль браць. Гліны не было. Выбралі ўсё каля лесу. А здалёку вазіць нявыгадна. І во, разьляцеўся гэты завод.


— А куды людзі пайшлі працаваць?


— На Маладэчна, на горад. У калгасы.


Больш за ўсё ў маіх паездках люблю вось такія выпадковыя сустрэчы на дарозе. Часам чалавек гатовы адкрыць усё самае набалелае. І не таму, што я падобны да сьвятара. Проста няма каму выгаварыцца.


— Сын нідзе ня робіць, водку п’е, і ўсё. Дачушка памерла, іду вось з могілак. Сорак сем гадочкаў было. Прыйшла з хаты, павалілася, і ўсё. Сэрца. Маё жыцьцё прайшло за нішто.


— Але ж павінна нешта ўспомніцца добрае?


Ня ведаю, як гэта праляцела так. У благім жыцьці і так хутка праляцела. Здаецца, каб яшчэ пажыць трохі. Сына, наркота гэтага, трохі патрымаць.

У маім жыцьці нічога добрага няма. Ня ведаю, як гэта праляцела так. У благім жыцьці і так хутка праляцела. Здаецца, каб яшчэ пажыць трохі. Сына, наркота гэтага, трохі патрымаць.


— А колькі яму?


Пяцьдзясят чатыры. Не жанаты. Вось так. Дык хіба гэта жыцьцё ў маткі? Як гэта перажыць усё?


Я далёка не ўпершыню бачу такую карціну. Старая маці, якая перажыла пакутны век вайны і калгасаў, дажывае жыцьцё ў клопатах пра алькаголіка-сына. І ня выключана, што яго перажыве. Бо для жыцьцёвай сялянскай сілы, загартаванай жахамі мінулага стагодзьдзя, усе сёньняшнія беды — нішто.


Галоўныя выхавацелі беларускага патрыятызму на сёньняшні дзень — настаўнікі беларускай мовы і краязнаўцы. Турэц-баярскім дзецям вельмі пашанцавала з настаўніцай Раісай Гарбачэўскай. Якая ня толькі захапляе дзяцей дэтэктывамі Федарэнкі і Рублеўскай, ня толькі стварыла музэй, але і кіруе краязнаўчым клюбам. У якім дзеці вывучаюць свой край па ўспамінах старажылаў. Як чалавек захоплены, спадарыня Раіса гатовая распавядаць пра свой край бясконца.



— Турэц і Баяры былі розныя вёскі. Зрасьліся яны толькі пасьля вайны. Тут фальварак быў. Пані Мажыеўская, маці і дачка, яны тут жылі да 39-га году. Гэты маёнтак стаяў падчас вайны. Тут немцы разьмяшчаліся. А разабралі гэты маёнтак пасьля вайны ўжо. Казалі, што цэгла патрэбная была. А тут і прысады былі, і тры сажалкі былі. Вельмі прыгожыя мясьціны. Ну, там ужо дачы пабудаваныя. Там, дзе маёнтак, я дзяцей вадзіла, там ужо лес вырас, я ў дзяцінстве золата шукала. І, помню, нейкую каструлю знайшлі.


А што за гурток у вас?


— «Спадчына».


Чым вы займаецеся?


— Зьбіраем па краязнаўстве мікратапонімы нашай мясцовасьці. Зьбіраем пра вядомых людзей нашай мясцовасьці. Мы будзем зборнічкі выдаваць.


Вы робіце самую важную справу ў Беларусі.


— Каб ведала ў дзяцінстве, што я зьвяжу сваё жыцьцё з прафэсіяй настаўніка беларускай мовы і літаратуры, я б столькі запісала! Мы зараз ходзім з гурткоўцамі да бабуль. Яны вельмі любяць, як ім расказваюць пра гэтыя мясьціны. Дзе наша школа стаіць, мясьціна называецца Крушыньнік. Тут было вечнае балота. А дзецям цікава гэта. А чаму там «за хлевушкамі», а чаму называецца «Есянова». Вельмі шмат мы зь імі зрабілі. Пра тапонімы, пра прозьвішчы вёскі Турэц-Баяры.


А даваенную гісторыю дасьледуеце?


— Так. Тут недалёка называецца поле Бутарэвіча. Там жыў пан Бутарэвіч. Там быў млын. Яшчэ, памятаю, мы з бацькам вазілі малоць. У нас тут многа цікавага. Зараз ужо няма млына. Але засталіся прысады, абсаджаныя ліпкамі. Адразу бачна, дзе быў гэты панскі маёнтак. А пасьля вайны людзі разрабавалі ўсё, разбурылі.


Раіса Гарбачэўская абавязаная жыцьцём бацьку іншай Раісы. Раісы Сільвестраўны Рак. Старой мудрай старажылкі Турца. Яе бацька — адзін з тых шматлікіх нашых удзельнікаў вайны, якія, не зрабіўшы ніводнага стрэлу, вартыя таго, каб іх помнілі вечна.



— Бацька майго бацькі лесьніком рабіў у пані. Зарабляў. А бацька ў першую вайну быў на фронце. Чатыры гады ў немцаў быў у палоне. Вывучыў нямецкую мову добра. Дык немцы, як былі прыйшоўшы…

Ён зь імі быў гутарыўшы.


— Высвабаджаў людзей. Абараняў, зь немцамі гаворачы. Немцы яму верылі. Наша хата была апошняя ад Турца. А Турэц спалілі нашы.


За што?


Дык немцы былі добрыя людзі, а сярод сваіх былі горшыя за гэтых немцаў.

— Бо немцы стаялі. Вось на гэтым выгане нямецкая частка стаяла. Тут сталовая была. Дык немцы былі добрыя людзі, а сярод сваіх былі горшыя за гэтых немцаў. Немцы не чапалі людзей. Нават папярэджвалі — глядзіце, выводзьце скаціну, каб не стаяла ў хлявах. Каб захаваць, калі запаліцца. Неблагія былі немцы. А Турэц запаліў наш самалёт. Мы нават бачылі, дзеці, вочы вылупіўшы. Іскры ляцелі, гэта гаручыя патроны. І пайшоў Турэц гарэць.


А бацька людзей ратаваў?


— Ратаваў. Умеў гаварыць. «У нас партызанаў няма». Абараняў людзей. Немцы ж маглі расстраляць, а бацька ратаваў.


Сільвестар…


— Рак.


Сільвестар Рак. А пасьля вайны?


— Цягалі бацьку. Палонны ў нас быў. Гэта разьмяркоўвалі немцы палонных па хатах.У нас быў чуваш. Харошы. Аверкін зваўся. Такі харошы хлапец быў.


За што цягалі?


— Што палоннага меў.


Яны яго абвінавачвалі ў тым, што ён яго ў парабкі ўзяў?


— Ну так.


А тое, што чалавеку жыцьцё ўратаваў…


— Гэта ня лічыцца. Пасьля ён пісаў лісты з Чувашыі. Так ужо дзячыў, што вярнуўся на радзіму.


Але пасьля ад бацькі адчапіліся?


— Адчапіліся.


Калі ў беларускай вёсцы няма свайго паэта, тады вёска ў нечым абкрадзеная. Але Турэц-Баяры ёсьць каму апяваць ямбам і харэем. Былая выкладчыца біялёгіі Ала Якуновіч нястомна піша цэлыя паэмы…



Атуленая лесам у цішы,

Раскінулася вёска ля шашы.

І рэчачка Турчанка тут спрадвек цякла

І свае воды да Ушы нясла.


З горыччу ўспамінае Ала тыя змрочныя для мястэчка часіны, калі закрылі цагельню.


— Дзе кар’ер у Мароськах, тут была гліна. А аказалася — гліны замала. І вось яны ўсё вычарпалі. І ўсё спынілася.


Гэта было для турэц-баярцаў драмай?


— Вядома! Яшчэ якой.


У чым яна выяўлялася? Людзі сыходзілі ў бутэльку?


— У бутэльку ў першую чаргу. Гарэлку гналі бясконца. Бо трэба ж аднекуль грошы браць. Дэградацыя такая ішла, што Божа мой. Але перажылі гэтую бяду.


Дзякуючы гораду Маладэчна?


— Так. Хто паехаў у Маладэчна, хто ў Смаргонь на працу.


Тым часам мэльярацыя прысьпела.

Турчанка раптам абмялела.

І журавін на купінах ня стала.

Зямля іх пад сабою пахавала.



XS
SM
MD
LG