Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Землякі Статкевіча: "Хай бы Лукашэнка пражыў на маю пэнсію месяц, ён бы адчуў"



Вёска Лядна не вылучаецца архітэктурнымі помнікамі і турыстычнымі цікавосткамі. Але калі назву гэтага паселішча пад Слуцкам забіць у інтэрнэтную шукалку, дык спасылак будзе багата. Як на месца нараджэньня палітыка, кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Мікалая Статкевіча. Ці памятаюць тутэйшыя людзі свайго земляка? Ці аддавалі яму свае галасы на мінулых выбарах? Што думаюць пра яго сёньня? З гэтымі пытаньнямі я выправіўся ў Лядна.


Па вясковай вуліцы ідзе стары гадоў 80-ці. Позірк недаверлівы. Што можна зразумець. Бо тэма размовы — знакаміты зямляк.

Карэспандэнт: "А вы ня памятаеце Віктара Паўлавіча Статкевіча?"

Стары: "Помню. Ён настаўнікам быў".

Карэспандэнт: "А Міколу, ягонага сына?"

Стары: "Я яго мала ведаю, малога яшчэ".

Карэспандэнт: "А вы ведаеце, што ён зараз у турме?"

Стары: "Ведаю".

Карэспандэнт: "А яму тут спачуваюць ці не?"

Стары: "Ня знаю".

Карэспандэнт: "А хто-небудзь галасаваў за яго?"

Стары:
"Хто гэта скажа?"

Карэспандэнт: "Баяцца".

Стары: "Ну канечне. Ніхто ня скажа. У нас, здаецца, каля дванаццаці чалавек прагаласавала. Я якраз газэту чытаю. "Советскую Белоруссию". Пра Някляева трохі прачытаў. Як яго ў Амэрыцы арганізавалі..."

Карэспандэнт: "А вы верыце гэтаму?"

Стары:
"Не! Ніколі!

Былая каляжанка Віктара Паўлавіча Статкевіча, настаўніца беларускай мовы Соф’я Аляксандраўна Сьцяпура, вядома ж, не прызналася, за каго яна асабіста аддала свой голас. І раней на каляпалітычныя тэмы размовы зь вяскоўцамі ня надта клеіліся. А зараз, пасьля 19-га, гэтая тэма шмат для каго стала табу. Таму размаўляем пра былое.

Соф’я: "Я працавала зь імі адзін час. Але ж гэта было даўно ўжо. Сям’я была добрая. Яны ж абое былі настаўнікі. Двое дзяцей у іх было, Саша і Коля. Гэты скончыў тут дзесяць клясаў. Усе пяцёркі".

У размову ўступае сын спадарыні Соф’і.

Сын: "У дзяцінстве ён быў спакойны малады хлопец. Ня буйны. Шкодных звычак у яго не было. У адной школе вучыліся. Спакойны хлопец быў".

Соф’я: "Я казала Віктару Паўлавічу — дарэмна ён пайшоў у апазыцыю. Калі б ён не пайшоў у апазыцыю, яго б мецілі ў міністры абароны. Спакойны, харошы. Дамашнія былі дзеці. Раней жа такога не было, як цяпер, што п’юць і гуляюць, і начамі цягаюцца. Раней такога не было. Я калі што скажу благое, я грэх на сваю душу вазьму. Але ж гэты пагром ня трэба было рабіць".

Сёлета добра ўрадзіла бульба, якую прадалі ў Татарстан. Мясцовы СПК ня самы горшы. Але тутэйшыя людзі з жалем узгадваюць сьпіртзавод, які даваў і працу, і лепшы заробак.

Сын
: "Раней сьпіртзавод быў. Раскідалі. Такі быў! Цяпер разьліваюць бурду ўсякую. А сьпіртзавод стаў непатрэбны. Брагі колькі, быкоў якіх гадавалі! Ого! Яны ад брагі расьлі".

Соф’я:
"Яшчэ панскі быў завод! І такі завод разьвярнулі, разграмілі".

Карэспандэнт: "А даўно яго разграмілі?"

Соф’я:
"Ужо гадоў восем будзе".

Ала Ўладзіміраўна Салохіна даўно ўжо на пэнсіі. Яна таксама працавала ў школе. Вучыла і Мікалая. Яе сын зь ім сябраваў у дзяцінстве. Старая смажыла скваркі, калі я да яе завітаў. Яе развагі пра палітычную сытуацыю ў краіне мяне нямала ўразілі. Бо я шмат чаго чуў на адрас нехарошай апазыцыі. Але такога! Тут да скваркі някепска было б і чарку ўзяць.

Ала: "Я ня ведаю, што зь ім здарылася, з гэтым хлопцам. Чаго ён улез у гэта дзярмо? Харошы хлопец быў, вучыўся добра. З адной чацьвёркай скончыў школу. Бацькі былі настаўнікамі. Сам хату пабудаваў сваімі рукамі, бацька. Аўтарытэт быў і сярод бацькоў, і сярод вучняў. Ён добры быў хлопец, нічога не скажу. А тады ўлез у гэта дзярмо. Хто яго там падбіў? Як ён улез у гэта?"

Карэспандэнт: "А чаму ў дзярмо?"

Ала: "А я гэту апазыцыю не прызнаю. У нас усе людзі кажуць, што мэта апазыцыі — нашых дурняў арганізаваць, зрабіць пераварот. Нашы фабрыкі трэба, заводы, наша багацьце. Наша зямля. А людзей добрых яны сабе забяруць, пэнсіянэрам пэнсіі не дадуць. Астатніх людзей абы-куды паадпраўляюць. І што нам дадуць? Нічога. Вось і супраць апазыцыі ўсе людзі".

Карэспандэнт: "А вы верыце, што пэнсіі ня будзе?"

Ала: "А яшчэ ж адзін, я забылася прозьвішча, лысы такі быў, у Польшчу ўцёк".

Карэспандэнт: "Пазьняк".

Ала: "Дык ён сказаў — ніякіх пэнсій старым. Іх, — кажа — бульдозэрам трэба згрэбсьці ў яму. Трактарам. А калі, — кажа, — хто хоча, хай дзеці глядзяць, як раней было. А хто сёньня хоча зь дзяцей глядзець нас? Ніхто. Каму мы трэба?"

Карэспандэнт: "Дзе вы такое чулі?"


Ала: "Усе людзі кажуць".

Карэспандэнт: "Дык вы чулі ад яго?"

Ала: "Ад людзей. Таму людзі і баяцца гэтай апазыцыі. Што пэнсіі забяруць, людзей у рабства. А харошых забяруць сабе. Зямлю, фабрыкі забяруць. І Беларусі як і не было".

Карэспандэнт: "А што б вы яму перадалі, калі б была такая магчымасьць?"

Ала: "Я б яму так і сказала. "Коля, пакайся, сыдзі адтуль".

Афіцыйная прапаганда — рэч, як выявілася, вельмі эфэктыўная. Але ж нават у ёй я ня чуў пра бульдозэры, якімі будуць зграбаць пэнсіянэраў, і пра рабства, у якое загоняць амэрыканцы. Дарэчы, той жа сьпіртзавод, які даваў працу, разрабавалі не амэрыканскія акупанты. Зрэшты, лягічныя довады тут ня маюць сэнсу. Але самае цікавае было ў гэтым дыялёгу наперадзе.

Карэспандэнт: "Апазыцыя, па-вашаму, гэта банда, якая хоча разрабаваць Беларусь".

Ала: "Апазыцыя — гэта Захад. Забраць, а людзей пад бульдозэр пусьціць. Заводы, фабрыкі, усё трэба Амэрыцы. Многа ж мільёнаў далі на гэта, паілі моладзь, па сто даляраў давалі, каб яны ішлі туды на Плошчу. І што яны зрабілі? Нічога".

Карэспандэнт: "Я галасаваў за яго. За Статкевіча".

Ала:
"Я таксама".

Карэспандэнт: "Ала Ўладзіміраўна, вы любіце Лукашэнку, а галасавалі за Мікалая. Чаму?"


Ала:
"Як былы вучань. Я думаю — ай. Няхай яму які голас дабавіцца. Можа, які лішні".

Вось гэта вельмі па-беларуску. Кляйміць банду будучых рабаўладальнікаў і аддаць голас свайму вучню.

Суседка Статкевічаў, Любоў Марцінаўна Шнэк, худзенькая, маленькая, уся высахлая за гады старая. Але пры згадцы суседавага імя яе вочы прасьвятляюцца.

Любоў: "А ў Статкевіча была сям’я добрая! Мы сябравалі. Ні хуліган ня быў, ні бандыт ніякі ня быў".

Карэспандэнт: "А калі б такая магчымасьць была, што б вы сказалі Міколу?"

Любоў: "Колечка, адзін у полі ня воін. Нічога ты ня зробіш. Адзін, пяць, шэсьць. Колечка, гэтак ня трэба рабіць. Біць вокны, ламаць".

Карэспандэнт: "Вы бачылі, што Коля біў вокны?"


Любоў: "Я ня бачыла, а казалі людзі".

Карэспандэнт: "А вы верыце?"

Любоў: "Я ня веру. Хай яму Бог здароўя, хай яго выпусьцяць, хай гадуе свае дзеткі. Ён хоча праўды несьці. А аднаму цяжка, мой сыночак. Няма праўды і ня будзе. Мы ж сабакі. Што кінуць нам? Костку кінуць? Добра, костачка. Мы не паправім нічога. Мы ня маем права слова сказаць. Ярмошына там ёсьць. Гэта кулак. Хай ніводзін чалавек ня выйдзе, яна ўсё зробіць. Папера вытрымае ўсё, сынок. У чыім возіку сяджу, таму песеньку пяю".

Вось табе і забітыя сяляне, і шчасьлівыя калгасныя пэнсіянэркі. Чый досьвед на гэтай зямлі сьведчыць толькі пра тое, што няма праўды і ня будзе. Але ж справядлівасьць, па словах Любові, ёсьць.

Любоў:
"Дзякуй Богу, што зямля бярэ. Харошага, брыдкага, багатага, беднага. А так бы адкупляліся. Лукашэнка — дзе добра, а дзе і не. Аднаму густа, другому пуста. Ён гаворыць добра. Мякка сьцеле, а цьвёрда спаць. Мы чакаем, дай Бог сьмерці. Хай бы Лукашэнка пражыў месяц, як мы жывем цяперака. Пойдзеш у магазын, сыночак, купіш хлеба, то солі няма. Адна сьмерць справядлівая".

Карэспандэнт: "Самая справядлівая рэч, гэта?.."

Любоў: "Сьмерць. Бярэ і багатага, і красівага. Не ганьбуе. Не ганьбуе. Бярэ. Хай бы Лукашэнка пражыў на маю пэнсію месяц, ён бы адчуў. А сыты, мой сыночак, галоднаму не спагадае".


View Падарожжы Свабоды in a larger map

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG