Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 красавіка: Cыну пісьменьніка Сяргея Антонава прысудзілі 1,5 года калёніі за «абразу» Лукашэнкі

абноўлена

Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Судзяць настаўніцу за ўдзел у пратэстах і дапамогу Ўкраіне

У Менскім гарадзкім судзе разглядаюць справу 23-гадовай настаўніцы Дар’і Хмяльніцкай. Яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў — ч. 1 арт 342 КК («Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх») і ч. 2 арт. 361-3 («Вэрбаваньне, навучаньне, іншая падрыхтоўка або выкарыстаньне беларусаў для ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне, а таксама фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці». Яго звычайна даюць тым, хто нейкім чынам дапамагаў Украіне).

Хмяльніцкай можа пагражаць да 10 гадоў зьняволеньня.

Падсудная жыла ў раёне Лошыцы, але вучылася ў беларускамоўнай 23-й гімназіі ў цэнтры гораду, піша «Наша Ніва».

Пасьля паступіла на філфак БДУ на спэцыяльнасьць «усходняя філялёгія», вучыла кітайскую мову. Яе дыплём быў прызнаны адным з найлепшых дыплёмаў філфака 2022-га. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту Дарʼя пайшла працаваць у сваю 23-ю гімназію ў Менску, была кляснай кіраўніцай, паступіла ў магістратуру філфаку БДУ.

Таксама яна ўдзельнічала ў конкурсах па напісаньні эсэ і перакладах на беларускую мову. Летась яна заняла другое месца на конкурсе «Зярцала словаў» у катэгорыі «мастацкі пераклад кітайскай прозы на беларускую мову».

Дарʼя захапляецца кітайскай культурай і вядзе блог пад нікнэймам «Кніжны цмок», дзе піша ўласныя фанфікі (творы па матывах іншых вядомых кніг, фільмаў, гульняў і г.д.) на беларускай мове і апавядае пра сваё жыцьцё. Апошняя публікацыя там датуецца 13 траўня 2023 году.

Менскі гарадзкі суд 22 красавіка таксама разглядае справу Андрэя Мірэйчыка. Яго абвінавачваюць паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), ч. 3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня альбо ўдзел у ім»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»), ч. 1 арт. 179 («Незаконныя збор альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці», выключаная з КК 26 траўня 2021 году), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

Штраф за разьмяшчэньне ў Instagram публікацыі партала «Люстэрка»

Суд Ушацкага раёну (Віцебская вобласьць) 4 красавіка аштрафаваў на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) мясцовага жыхара Антона Дэрбасава, паведаляе «Віцебская Вясна».

Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць») за разьмяшчэньне ў Instagram публікацыі партала «Люстэрка».

Cыну пісьменьніка Сяргея Антонава прысудзілі 1,5 года калёніі за «абразу Лукашэнкі»

Арцём Антонаў, сын пісьменьніка Сяргея Антонава, які пакінуў Беларусь, атрымаў 1,5 года калёніі агульнага рэжыму за «абразу» Лукашэнкі.

Арцёма Антонава затрымалі ў сярэдзіне сьнежня 2023 года ў Быхаве ў межах адміністрацыйнай справы. Паводле праваабаронцаў, затым у яго дома прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка, а самому Арцёму выставілі абвінавачаньне ў «абразе» Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК).

Прысуд вынес Уладзімер Жолудзеў (судзьдзя Быхаўскага раённага суду Магілёўскай вобласьці) 19 красавіка 2024 году.

Раней самому пісьменьніку Сяргею Антонаву ўдалося пакінуць краіну праз пагрозу крымінальнай справы за супрацоўніцтва з сайтамі 6TV і «Магілёў Мэдыя».

Магілёўскі суд прыбраў «абразу Лукашёнкі» з абвінавачаньня асуджанага жыхара Асіповічаў, але тэрмін ня зьменшыў

У судзе Асіповіцкага раёна 7 лютага судзьдзя Алена Шамаль прызнала Сяргея Шэха вінаватым паводле ч. 2 арт. 368 («абраза Лукашэнкі») і ч. 2 арт. 367 («паклёп на Лукашэнку») Крымінальнага кодэксу. Мужчыну прызначылі 2.5 гады калёніі агульнага рэжыму. 11 красавіка судовая калегія за старшынствам Ірыны Цяпловай у закрытым рэжыме разгледзела апэляцыйную скаргу Сяргея і вырашыла прыбраць з абвінавачваньня артыкул за «абразу Лукашэнкі». Нягледзячы на гэта, прысуд пакінулі без зьменаў.

Па «экстрэмісцкім» артыкуле затрымалі чыноўніцу з Рагачова

17 красавіка ў судзе Рагачоўскага раёна асудзілі да адміністрацыйнай адказнасьці Ірыну Зыкаву — галоўную спэцыялістку аддзела жылёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Рагачоўскага райвыканкама.

Судовы працэс паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядала судзьдзя Ірына Прадун»). Вынік суда высвятляюць праваабаронцы.

Інфармацыя аб Ірыне Зыкавай знікла з сайту Рагачоўскага райвыканкама, а на месцы гэтай чыноўніцы ўжо працуе іншая асоба, піша «Гомельская Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG