Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея атакавала Адэскую і Данецкую вобласьці балістычнымі ракетамі, ёсьць ахвяры

абноўлена

Наступствы адной з атак на Адэскую вобласьць Украіны, архіўнае фота
Наступствы адной з атак на Адэскую вобласьць Украіны, архіўнае фота

Расея працягвае ракетныя атакі на Ўкраіну.

Чатыры чалавекі пацярпелі ў выніку ракетнага ўдару па Адэскай вобласьці, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.

«Сярод іх трое мужчын і адна жанчына. Лекары аказваюць усю неабходную дапамогу. Ратавальнікі і камунальнікі працягваюць ліквідацыю наступстваў нападу», — адзначыў чыноўнік.

Раней Алег Кіпер паведамляў, што расейскія вайскоўцы нанесьлі балістычны ракетны ўдар, цэльлю якога быў транспартна-лягістычны аб’ект побач з партовай інфраструктурай, а выбуховая хваля і аскепкі ракеты пашкодзілі прыватныя дамы.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з рознымі відамі зброі — ударнымі БПЛА, ракетамі, зэнітнымі ракетамі. Нягледзячы на доказы і сьведчаньні, Масква адмаўляе мэтанакіраваны напад на мірных жыхароў з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня.

Маніторынгавая місія ААН у правах чалавека ва Ўкраіне праверыла зьвесткі аб гібелі ва Ўкраіне 10 810 і параненых 20 556 мірных жыхарах з 24 лютага 2022 году. Арганізацыя мяркуе, што ахвяраў сярод мірных жыхароў значна больш. Кожны тыдзень лічбы растуць.

Таксама стала вядома пра ракетную атаку на горад Украінск у Данецкай вобласьці. Загінула жанчына, яшчэ чатыры чалавекі параненыя. Гэты факт пацьвердзіла мясцовая адміністрацыя.

Жанчыне было 82 гады. Сьмяротныя раненьні яна атрымала каля свайго дому.

Паводле папярэдняй інфармацыі, расейцы правялі атаку ракетамі «Смерч». Пашкоджана 6 шматкватэрных жылых будынкаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG