Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея атакавала ракетамі Дніпро і Днепрапятроўскую вобласьць. Некалькі дзясяткаў чалавек загінулі і атрымалі раненьні


Наступствы расейскага ракетнага ўдару па цэнтры горада Дніпро, 19 красавіка 2024 году
Наступствы расейскага ракетнага ўдару па цэнтры горада Дніпро, 19 красавіка 2024 году

У Расеі заявілі, што Ўкраіна зноў атакавала Крым.

Расейскія войскі ў ноч на 19 красавіка нанесьлі ракетны ўдар па Днепрапятроўскай вобласьці і абласным цэнтры Дніпры. Пацярпеў жылы і прамысловыя сэктары.

Як паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак, загінулі 9 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, атрымалі раненьні 29 мірных жыхароў.

«Колькасьць пацярпелых у выніку ракетнай атакі па вобласьці ўсё павялічваецца», — паведаміў Сяргей Лысак у сваім Telegram-канале.

Паводле яго, толькі раніцай Расея запусьціла па Днепрапятроўскай вобласьці 9 ракет, яшчэ 2 — уначы.

Ліквідацыя наступстваў ракетнага ўдару Расеі па Дніпры, 19 красавіка 2024
Ліквідацыя наступстваў ракетнага ўдару Расеі па Дніпры, 19 красавіка 2024

У Паўлаградзе ракета пацэліла ў прадпрыемства, у Сінельнікавам часткова зруйнавалі 4 прыватныя дамы і яшчэ 8 атрымалі пашкоджаньні. У Дніпры, апроч жылога дома, пашкодзілі два інфраструктурныя аб’екты.

Мэр горада Дніпро Барыс Філатаў паведаміў, што 20 красавіка абвешчаны днём жалобы.

Дніпро, 19 красавіка 2024 году
Дніпро, 19 красавіка 2024 году

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 19 красавіка Расея атакавала Ўкраіну 22 ракетамі розных тыпаў і 14 дронамі. Расейскія войскі вялі абстрэл з тэрыторыі Разані, Курскай вобласьці, з анэксаванага Крыму, а таксама з акваторый Чорнага і Азоўскага мораў.

Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьбілі ўсе дроны і 15 ракет.

  • Нягледзячы на наяўнасьць доказаў і сьведчаньняў, Масква ад пачатку поўнамаштабанага ўварваньня аспрэчвае мэтанакіраваныя атакі на мірных жыхароў і цывільныя аб’екты.
  • Маніторынгавая місія ААН у правах чалавека ва Ўкраіне вэрыфікавалі гібель 10 810 цывільных і раненьне 20 556 чалавек. Але ў арганізацыі мяркуюць, што колькасьць ахвяр сярод мірнага насельніцтва можа быць большай.

У Расеі заявілі, што Ўкраіна атакавала анэксаваны Крым

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што Ўкраіна зноў атакавала Белгарадзкую вобласьць дронамі і артылерыяй, а таксама Крым.

«Дзяжурныя сродкі супрацьпаветранай абароны 25 снарадаў і тры бесьпілётнікі зьбілі над тэрыторыяй Белгарадзкай вобласьці і тры ракет і „Атакмс“ над акваторыяй Чорнага мора», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Украінская вайсковая выведка 18 красавіка паведаміла аб пацэльваньні ў вайсковыя аб’екты Расеі на тэрыторыі анэксаванага ёй Крыму.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG