Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Цапкала напісаў заяву ў пракуратуру на генпракурора Беларусі Андрэя Шведа


Валер Цапкала, архіўнае фота 2020 году
Валер Цапкала, архіўнае фота 2020 году

Улады Беларусі канфіскавалі і прадалі кватэру сям'і Вераніка і Валера Цапкалаў, якая належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям.

На сваёй старонцы ў Facebook Валер Цапкала апублікаваў тэкст заявы, накіраванай у пракуратуру Беларусі, у якой ён просіць правесьці службовае расьсьледаваньне і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці генпракурора Беларусі Андрэя Шведа ў сувязі з продажам кватэры Цапкалаў у Беларусі.

У сваёй заяве Цапкала сьцьвярджае, што Андрэй Швед «падазраецца ва ўчыненьні шэрагу злачынстваў, зьвязаных з парушэньнем Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь, яе міжнародных абавязаньняў, дамоваў і пагадненьняў», бо ён «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, выступаў у якасьці саўдзельніка, падбухторшчыка або памагатага» ў завалоданьні кватэрай Цапкалаў і перапродажы яе на аўкцыёне па заніжаным цане.

Цапкала адзначае, што ва ўстаноўленым законам парадку праінфармаваў Андрэя Шведа лістом ад 16 лютага пра ягоныя парушэньні. У заяве ён прыводзіць канкрэтныя артыкулы законаў, Канстытуцыі і міжнародных канвэнцыяў, якія на думку яго, парушыў Андрэй Швед:

  • пазбаўленьне яго, ягонай жонкі і непаўналетніх дзяцей права на пражываньне ў адзіным жылым памяшканьні ў іхнай уласнасьці зьяўляецца парушэньнем беларускага закону «Аб правах дзіцяці» і артыкулу 27 Канвэнцыі аб правах дзіцяці, якую ратыфікавала Беларусь, а таксама арт. 32 і 48 Канстытуцыі (у адпаведнасьці зь якімі «ніхто ня можа быць адвольна пазбаўлены жытла»), арт. 259 Грамадзянскага кодэксу, арт. 23 Кодэксу аб шлюбе і сям’і, арт. 188 п. 5 Жыльлёвага кодэксу Беларусі;
  • арт. 210 Крымінальнага кодэксу («Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі»), бо Швед, на думку Цапкалы, пазбавіў яго кватэры «шляхам ашуканскіх дзеяньняў у складзе арганізаванай групы, альбо мэтадам аказаньня ціску на падпарадкаваных і на судовыя органы», а таксама пункт 1 главы 24 КК РБ; калі ў выніку расьсьледаваньня высьветліцца, што Швед ня меў прамой камэрцыйнай цікавасьці ў продажы кватэры Цапкалаў, — паводле арт. 217 КК РБ за незаконнае «бязвыплатнае адчужэньне ў значным памеры чужой маёмасьці пры адсутнасьці карысьлівай мэты».
  • арт. 29 Канстытуцыі, арт. 12 Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека, і арт. 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія гарантуюць «недатыкальнасьць жытла».
  • арт. 202 КК РБ («Незаконнае ўварваньне ў жытло, учыненае службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў насуперак волі асобаў, якія ў ім пражываюць»);
  • ч. 1 арт. 218 КК РБ («Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці»), у тым ліку і без прыкметаў крадзяжу (ч. 1 арт. 216 КК).

У сваім паведамленьні Цапкала адзначае, што ў адпаведнасьці з законамі пры выяўленьні фактаў невыкананьня заканадаўства пракуратура Рэспублікі Беларусь павінна прыняць неабходныя меры пракурорскага рэагаваньня.

  • «БелЮрЗабесьпячэньне» з другога разу прадало кватэру былога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасалу Валера Цапкалы і ягонай жонкі Веранікі праз электронны аўкцыён за за 395 720,27 рубля. 9 красавіка на яе знайшліся патэнцыйныя пакупнікі. Зь першага разу кватэру сям’і Цапкалаў прадаць ня здолелі: на аўкцыён не паступіла ніводнай заяўкі і таргі скасавалі.
  • Трохпакаёвая кватэра Цапкалаў месьціцца ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Агульная плошча жытла — 103,7 кв. м. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Разам з жытлом прадавалася парковачнае месца на падземнай аўтастаянцы.
  • Вераніка Цапкала, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Таксама яна паабяцала вярнуцца ў сваю менскую кватэру і выгнаць «скупшчыкаў крадзенага».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG