Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Ўкраіны: У канцы вясны — пачатку лета Расея пачне наступ на Данбасе


Кірыл Буданаў
Кірыл Буданаў

У інтэрвію ARD Кірыл Буданаў назваў сытуацыю на фронце «складанай, але кантраляванай». Паводле яго, да канца вясны ва Ўкраіне чакаюць актывізацыі расейскіх наступальных дзеяньняў.

Украіна чакае ад Расеі ўзмацненьня наступальных дзеяньняў у канцы вясны — пачатку лета, у першую чаргу пад Данецкам. Пра гэта кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі (ГУР) Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў заявіў у інтэрвію нямецкаму тэлеканалу ARD, апублікаваным 7 красавіка, паведамляе Deutsche Welle.

«Яны (Узброеныя сілы РФ — рэд.) трохі прасунуцца ў бок Часава Яра. Яны будуць рухацца ў напрамку горада Пакроўска, стратэгічнага кірунку Пакроўск», — цытуе Буданава тэлеканал.

Пры гэтым кіраўнік украінскай выведкі мяркуе, што да пачатку чаканага расейскага наступу значных зьменаў на фронце ня будзе: «Сытуацыя даволі складаная, але яна пад кантролем».

У адрозьненьне ад многіх ваенных экспэртаў, якія прытрымліваюцца іншага пункту гледжаньня, Кірыл Буданаў не выключае і ўкраінскага наступу ў бягучым годзе. Аднак казаць на гэтую тэму падрабязьней суразмоўца ARD ня стаў, спаслаўшыся на тое, што адказнасьць за гэтую вобласьць ляжыць на Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.

Як падкрэсьліў Буданаў, Украіна мае патрэбу цяпер «у дадатковых аб’ёмах артылерыйскіх сыстэм, дадатковых абʼёмах боепрыпасаў». Камэнтуючы сумесны закуп эўрапейскімі краінамі па ініцыятыве Чэхіі ў трэціх краінах 800 тысяч артылерыйскіх боепрыпасаў для УСУ, кіраўнік ГУР указаў, што пакуль «не адчувае» іх прысутнасьці на фронце.

Раней аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) дапускалі, што расейскае камандаваньне можа засяродзіць заплянаваную наступальную апэрацыю ў канцы вясны-лета 2024 году на захадзе Данецкай вобласьці.

Далейшая затрымка ваеннай дапамогі Ўкраіне з боку ЗША асабліва ўплывае на магчымасьці, неабходныя ўкраінскім сілам для рэагаваньня на павелічэньне тэмпаў расейскіх мэханізаваных атак ва ўсходняй Украіне, гаворыцца ў справаздачы ISW за 6 красавіка. Там нагадалі, што прэзыдэнт Зяленскі нядаўна заявіў, што затрымкі з дапамогай прымусілі Ўкраіну саступіць ініцыятыву на полі бою Расеі, а ўкраінскія афіцыйныя асобы папярэдзілі, што Ўкраіна ня можа плянаваць пасьпяховы контранаступ або абарону, ня ведаючы, калі і якую дапамогу Кіеў атрымае.

3 красавіка выданьне Politico апублікавала артыкул пра крытычнае становішча Ўзброеных сіл Украіны ў выпадку летняга наступу расейскай арміі. Крыніцы сярод украінскіх высокапастаўленых чыноўнікаў ананімна заявілі журналістам, што «існуе вялікая рызыка разбурэньня лініі фронту, дзе расейскія генэралы вырашаць засяродзіць наступ». Сярод прычын такой сытуацыі суразмоўцы назвалі недахоп дронаў, гаўбіц і сотняў тысяч снарадаў і ракет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG