Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выйшаў фільм пра Тадэвуша Касцюшку. Спыталіся ў беларускага кінакрытыка, ці спадабаецца ён беларусам


У Польшчы выйшаў фільм пра Тадэвуша Касцюшку
У Польшчы выйшаў фільм пра Тадэвуша Касцюшку

Гістарычны трылер «KOS» з галоўным героем — ураджэнцам беларускага Косава пачалі паказваць напрыканцы студзеня. Але, на думку Тараса Тарналіцкага, самым яскравым пэрсанажам стужкі стаў зусім не Касьцюшка. Увага, спойлеры!

Вясна 1794 году. Генэрал Тадэвуш Касьцюшка (актор Яцэк Брацек) вяртаецца ў Рэч Паспалітую з ЗША і плянуе пачаць паўстаньне супраць расейцаў, мабілізуючы польскую шляхту і сялян. Яго суправаджае верны сябар і былы раб Дамінга (Джэйсан Мітчэл). Па сьлядах Касьцюшкі з плякатам аб вышуку ідзе расейскі кавалерыйскі ротмістар Дунін (Робэрт Вяцкевіч), які хоча схапіць генэрала да таго, як той распачне нацыянальнае паўстаньне.

У той жа час малады селянін Ігнац (актор Барташ Бяленя), пазашлюбны сын шляхціца Духноўскага (Анджэй Сэвэрын), даведваецца, што бацька, як паміраў, уключыў яго ў свой тастамэнт, і юнак марыць, што займее маёмасьць і герб. Але ягоны зводны брат ня хоча нават чуць пра гэта, і Ігнац уцякае з тастамэнтам. Па дарозе ён выпадкова сустракае Тадэвуша Касьцюшку, які ў чаканьні перамоваў з магнатамі хаваецца ад расейцаў. Кос ставіцца да Ігнаца недаверліва і трымае яго пад вартай.

У гэты дзень у сядзібу, дзе жыў генэрал, прыбывае расейскі ротмістар кавалерыі Іван Дунін (Робэрт Вяцкевіч). У вырашальны момант лёс паўстаньня апынецца ў руках непрыкметнага сялянскага хлопца Ігнаца. Дарэчы, якраз Ігнац, па задуме рэжысэра Паўла Масьлёны, — галоўны герой «Коса». «Менавіта яго падарожжа складае драматургію гэтага фільму», — сказаў Павэл Маслёна на прэм’еры фільму ва Ўроцлаве ў музэі Panorama Racławicka.

«Недастаткова боек і саспэнсу»

Яшчэ перад прэм’ерай пра «KOS» шмат пісалі і параўноўвалі яго са стужкамі Тарантына, заўважае кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

«Фільм у анонсах і ў постэры пазыцыянаваўся як жанравы, як вэстэрн, падобны да таго, што рабіў Тарантына ў „Джанга Вызваленым“. А калі героі трапляюць у дом — гэта такі „камэрны трылер“, які нагадвае „Брыдкую васьмёрку“. Аўтары хацелі зрабіць, з аднаго боку, жанравае, захапляльнае, відовішчнае кіно, але, як на маё адчуваньне, атрымалася ня вельмі пераканаўча.

Гэта больш драма — драма нораваў польскага грамадзтва, Рэчы Паспалітай канца XVIII стагодзьдзя. Атрымаўся больш сур’ёзны, чым забаўляльны фільм, хоць там шмат баявых сцэн. Але для жанравага кіно недастаткова боек і саспэнсу ў сцэнах з расейскімі жаўнерамі. То бок ты ідзеш на адно, а табе паказваюць штосьці іншае, і гэта цябе дэзарыентуе», — разважае кінакрытык.

А для гістарычнай драмы пра перадумовы развалу Рэчы Паспалітай фільм «KOS» недастаткова глыбокі. У аўтараў вельмі просты адказ — маўляў, было сацыяльнае расслаеньне паміж шляхтай, магнатэрыяй і сялянамі, мяркуе Тарас Тарналіцкі.

«А ў гісторыі ўсё больш складана, было шмат канфліктаў, чыньнікаў. Насамрэч Рэч Паспалітая развалілася ня толькі таму, што там было сацыяльнае расслаеньне, яна развалілася таму, што была слабая ўлада. А гэтага не паказана. Фільм ня самы пераканаўчы па зьмесьце. А як забаўляльны — слабы», — кажа кінакрытык.

«Самы яскравы вобраз — ліхадзей Іван Дунін»

У фільме паказаны адзін дзень з жыцьця Касьцюшкі. Хоць адпачатку зразумела, што Касьцюшка павінен выжыць, таму глядач проста назірае, як гэта будзе адбывацца.

«Сам Касьцюшка паказаны нецікава. Ён назірае, што адбываецца, ён „праваднік“ — ёсьць у драматургіі такія пэрсанажы, якія зьяўляюцца „сьведкамі“, проста назіраюць. А генэрал Касьцюшка ўвогуле недарэчы тут — калі яго замяніць на якога-небудзь безыменнага пэрсанажа, то нічога б не зьмянілася. Калі прыбраць момант, зьвязаны з паўстаньнем, сам Касьцюшка як пэрсанаж нічога не дадае да гісторыі, ён вялікай ролі не адыгрывае. Касьцюшка такі... прэсны.

А самы яскравы вобраз — ліхадзей Іван Дунін (Робэрт Вяцкевіч). Ён больш жывы. Гаворыць на дзіўнай мове — мяшанцы расейскай, украінскай, беларускай, польскай. І гэты пэрсанаж больш пераканаўча паказаны: у яго свая праўда, імпэт, матывацыя, ён кпіць з палякаў, што Айчына, патрыятызм у іх на другім месцы. Ён жывейшы.

Чытаў рэцэнзіі, што Бяленя добра сыграў. Але ў яго такая роля — перайсьці з прыгонных сялянаў у шляхту. І, на мой погляд, ягоная гісторыя крыху зьбівае фокус», — выказаў меркаваньне крытык.

Ці будзе цікавым «KOS» для беларускіх гледачоў?

Тарас Тарналіцкі
Тарас Тарналіцкі

На думку Тараса Тарналіцкага, фільм цікавы агулам для людзей, незалежна ад іх нацыянальнасьці, якія ведаюць і разумеюць гісторыю Рэчы Паспалітай таго пэрыяду.

«А вось многім беларусам ён ня будзе да канца зразумелы, там недастаткова кантэксту. У нас вельмі мала гавораць пра постаць самога Касьцюшкі, асабліва ў апошнія гады — з улікам антыпольскай палітыкі рэжыму, русыфікацыі ўсіх сфэраў. Таму сучаснае пакаленьне, моладзь, якая ходзіць у кіно і якая дрэнна вучылася ў школе, увогуле не зразумее, пра што гэта, і не здагадаецца, што гэта зьвязана зь Беларусьсю.

Тыя, хто лепш ведае гісторыю, зразумеюць крыху болей. Але фільм недастаткова раскрывае гэтую гістарычную тэму. Зразумела, гэта польскі фільм, там няма праяваў літвінства, што тычыцца беларусаў, ВКЛ. Гэта польскае кіно з польскімі наратывамі», — мяркуе кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG