Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іншых забаў амаль няма». Чаму, нягледзячы на санкцыі, у Беларусі паказваюць галівудзкія фільмы


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

«Барбі», «Опэнгаймэр», «Вонка». Заходнія навінкі хоць і са спазьненьнем, але ўсё ж трапляюць у тыя кінатэатры, дзе іх не павінна было б быць.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне многія студыі перасталі супрацоўнічаць з Расеяй і Беларусьсю, а беларускія кінатэатры не маглі паказваць галівудзкія прэм’еры. Аднак ужо праз год сытуацыя ў гэтай сфэры, хоць і з пэўнымі зьменамі, амаль вярнулася на даваенны ўзровень.

Проста цяпер у беларускіх кінатэатрах можна паглядзець стужку «Вонка» — сумесны праект ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады. Гэта прыквэл карціны «Чарлі і шакалядная фабрыка». Паглядзець фільм каштуе ад 12 рублёў.

Таксама ў беларускіх кінатэатрах цяпер ідзе мультфільм «Міграцыя» вытворчасьці ЗША і Францыі.

Квіткі каштуюць ад 5 рублёў. Паказваюць таксама амэрыканскі баявік «З глыбіні». Усе гэтыя фільмы можна пабачыць як у дзяржаўных, так і ў прыватных кінатэатрах.

Яшчэ ўвесну 2022 году кінатэатры ў Беларусі ня здолелі паказаць шмат кінапрэм’ер. Напрыклад, «Бэтмэна» ці «Я чырванею». Аб узнаўленьні супрацоўніцтва заходніх кінакампаній з Расеяй і Беларусьсю не паведамлялася.

Хітрыкі са стрымінгавымі плятформамі

Крыніца, блізкая да сфэры кінапракату ў Беларусі, расказала Свабодзе, як у краіну трапляюць фільмы.

«Эўрапейскія студыі працуюць зь Беларусьсю, таму іх стужкі выходзяць у Беларусі без праблем. Калі браць амэрыканскія, то там ёсьць хітрасьць. Пракатчыкі атрымліваюць фільмы тады, калі яны выходзяць на стрымінгавых плятформах. Таму фільм трапляе ў беларускі пракат на 40-90 дзён пазьней за дату прэм’еры», — расказвае суразмоўца.

Па яго словах, фільмы, якія ідуць у Беларусі, нічым не адрозьніваюцца ў якасьці ад тых, якія паказваюць ва ўсім сьвеце. Гэта ня нейкая пірацкая копія, зьнятая ў кіназалі і перададзеная кантрабандай у Беларусь.

«Фільмы ўсё адно дублююцца на расейскую мову. Ёсьць рынак Казахстану, ёсьць рынак Каўказу. Працэс падрыхтоўкі фільма да пракату не зьмяніўся. Рыхтуецца дубляж на ўсіх мовах, рыхтуецца расейская вэрсія. Аднак расейская вэрсія выходзіць у пракат пазьней. Пасьля, праз пасярэднікаў, фільм трапляе ў Беларусь», — апісвае працэс крыніца.

Летась 6 студзеня ў Беларусі прынялі закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці». Ён дазваляе займацца паралельным імпартам у Беларусь (шэрымі схемамі паставак, у абыход меркаваньня праваўладальніка. — РС) аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасьці. У тым ліку фільмаў.

Цэнзура

Некаторыя заходнія фільмы ўсё ж не трапляюць на экраны беларускіх кінатэатраў, але гэта зьвязана з цэнзурай, працягвае суразмоўца Свабоды.

«Беларусы азіраюцца на Расею. Калі фільм там трапляе пад забарону, аўтаматычна ён трапляе і пад забарону ў Беларусі. Вырашае гэта камісія пры Міністэрстве культуры. Самастойныя рашэньні беларускія чыноўнікі прымаць баяцца. Ня дай Бог там нейкі намёк на ЛГБТіК ці яшчэ нешта. Са сьвежага, нядаўна ў пракат са спазьненьнем выйшаў фільм Скарсэзэ „Забойцы каляровага месяца“. Там кіно аб прыгнёце правоў народаў, і гэтая тэма не спадабалася чыноўнікам», — тлумачыць суразмоўца.

Ён тлумачыць, што перад выхадам фільма ў пракат у Мінкульце зьбіраецца камісія і вырашае, што рабіць. Фільм таксама могуць адклікаць з пракату, калі яго раптам забароняць у Расеі. Так зь беларускіх кінатэатраў зьнікла апошняя расейская стужка з сэрыі «Аб чым гавораць мужчыны». Удзельнікі фільма выказваліся супраць вайны ва Ўкраіне, а таксама асуджалі гвалт сілавікоў у Беларусі ў 2020 годзе.

Як жыве кінабізнэс

Паводле апошніх дадзеных Белстату, у Беларусі на сёньня працуе 85 кінатэатраў. У 2022 годзе іх наведалі 2,9 мільёна гледачоў. Большасьць з кінатэатраў дзяржаўныя, але на рынку працуюць і прыватныя арганізацыі.

Сетка Silver Screen (mooon) мае тры кінатэатры ў Менску і адзін у Горадні. Гэта прыватнікі, юрыдычная назва фірмы — ТАА «Маяк», яны маюць латыскіх інвэстараў. За 2022 год, згодна са справаздачай, кампанія выйшла ў мінус у чыстым прыбытку на 67 тысяч рублёў. Акурат у той час кінаіндустрыя ў Беларусі, паводле крыніц Свабоды, была ў разгубленасьці. Старыя схемы не працавалі праз вайну, новых яшчэ не прыдумалі. Для параўнаньня, у 2021 годзе кампанія мела хоць невялікі, але плюс у 6 тысяч рублёў.

Па зьвестках за 2022 год, 51% долі кампаніі належала бізнэсоўцу Аляксею Малайчуку, 49% — латыскаму інвэстару.

Іншая прыватная кампанія, Skyline Cinema, мае адзін кінатэатар у менскім гандлёвым цэнтры Galileo і адзін у Рэчыцы. Юрыдычная назва «Белсінема», раней кампанія называлася «Эўракіно». Працуе на беларускім рынку параўнальна нядаўна, з 2020 году. І таксама мае латыскіх інвэстараў.

«Кінабізнэс зараз працуе някепска. У краіне амаль не працуюць тэатры, няма канцэртаў, выстаў, пэрформансаў. Кіно ў гэтым пляне — гэта такая аддушына, там ёсьць нейкі рух. Аўдыторыя рэагуе на гэта, у кінатэатраў зараз залаты час. У іх добрыя зборы», — расказвае пра стан сфэры ў Беларусі абазнаная крыніца.

Яшчэ адзін суразмоўца таксама называе трапляньне ў Беларусь заходніх фільмаў «паралельным імпартам». Паводле яго, гэта адбываецца, бо ў краіне не засталося «ні закону, ні маралі» і ў ход ідуць усе сродкі.

За год (сьнежань 2022-га — сьнежань 2023-га) квіток у кінатэатар падаражэў на 9,3%. Гэты паказчык вышэйшы за агульную інфляцыю на 3,8%.

«Фільмаў стала меней»

Свабода папрасіла кінааматараў зь Беларусі параўнаць якасьць фільмаў і колькасьць наведнікаў у дакрызісныя часы і цяпер. Алена (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) расказала, што ў кінатэатрах усё ж стала прыкметна менш людзей.

«Гэта адчуваецца. Фільмаў таксама стала меней, меншы выбар. Што да якасьці, то розьніцы асаблівай не адчуваецца з тым, што было раней», — кажа дзяўчына.

Другая суразмоўца расказала, што, паводле яе ўражаньняў, кінатэатры запоўненыя, а вось якасьць стужак, якія ў іх паказваюць, зьнізілася. На паказах стала прыкметна больш рэклямы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG