Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены ў закон аб прадпрымальніцтве закрануць каля 40 тысяч ІП, — Міністэрства фінансаў Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Рынак у Горадні
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Рынак у Горадні

З 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі павінны памяняць альбо ўжо памянялі форму сваёй дзейнасьці, каб не канкураваць з камэрцыйнымі прадпрыемствамі.

Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Дзьмітры Кійко заявіў, што закон аб пераходзе з ІП у юрыдычную асобу тычыцца прыкладна 40 тысяч прадпрымальнікаў Беларусі. Раней яны плацілі падаткаў каля 150 мільёнаў рублёў штогод. Калі ж ІП гэтых відаў дзейнасьці трансфармуюцца ў форму юрыдычнай асобы, дык тая ж колькасьць юрыдычных асобаў аплочвае 440 мільёнаў рублёў падаткаў. Такім чынам, на думку Кійко, «зьнікне нездаровая канкурэнцыя», паколькі ІП нясуць значна меншыя выдаткі.

У 2024 годзе значна мяняецца сыстэма падаткаабкладаньня індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі. Скарочаны сьпіс відаў дзейнасьці, паводле якіх прадпрымальнікі маглі прымяняць адзіны падатак з ІП і фізычных асобаў, а таксама ўсталяванае абмежаваньне па выручцы за год у памеры 500 тысяч рублёў. Да гэтай сумы выручка абкладаецца падаткам 20%. Пры дасягненьні гэтай «столі» ўся выручка абкладаецца падаткам у памеры 30%, а ІП павінен перарэгістравацца ў камэрцыйнае прадпрыемства.

Прадпрымальнікі павінны зрабіць выбар — альбо памяняць від дзейнасьці, каб застацца ў статусе ІП, альбо стварыць камэрцыйную арганізацыю. Неабходнасьць такога кроку дзяржава тлумачыла ў тым ліку і тым фактам, што камэрцыйныя арганізацыі, якія занятыя тымі ж самымі відамі дзейнасьці, што і ІП, сутыкаюцца зь нядобрасумленнай канкурэнцыяй зь іх боку. Камэрцыйныя прадпрыемствы значна больш зарэгуляваныя беларускім заканадаўствам, а ІП карыстаюцца льготнымі ўмовамі, якія былі створаныя на пачатку станаўленьня прадпрымальніцтва. Таксама не сакрэт, што статус ІП многія выкарыстоўвалі для мінімізацыі падаткаабкладаньня.

Менавіта таму ў 2024 годзе ІП павінны рэфармаваць сваю дзейнасьць. «Мы не заўважылі, каб колькасьць ІП у гэтым годзе значна скарацілася, пры гэтым бюджэтныя паступленьні ад іх павялічыліся на 600 мільёнаў рублёў», — заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Навумовіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG