Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Wall Street Journal: Расейская ядзерная зброя можа знаходзіццца на авіябазе ў Лідзе


Самалёт Су-25, здольны несьці тактычную ядзерную зброю.
Самалёт Су-25, здольны несьці тактычную ядзерную зброю.

Авіябаза «Ліда» (Горадзенская вобласьць), разьмешчаная за 40 кілямэтраў ад мяжы з Літвой, — адзінае месца дысьлякацыі самалётаў Су-25 беларускіх вайскова-паветраных сіл, і гэта «найбольш верагодная» лякацыя для разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі.

Пра гэта паведамляе амэрыканская газэта The Wall Street Journal са спасылкай на Фэдэрацыю амэрыканскіх навукоўцаў, якая прааналізавала выведныя дадзеныя з адкрытых крыніц, у тым ліку відэаматэрыялы Міністэрства абароны Беларусі.

У кастрычніку летась гэтая ж газэта на аснове аналізу спадарожнікавых здымкаў і матэрыялаў беларускіх дзяржаўных СМІ, у прыватнасьці, «ВаенТВ» і АНТ, паведаміла, што расейская тактычная ядзерная зброя можа захоўвацца на адной з пляцовак у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

25 сьнежня 2023 году Аляксандар Лукашэнка, адказваючы ў Санкт-Пецярбургу на пытаньні журналістаў перад пасяджэньнем Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады, заявіў, што тактычная ядзерная зброя дастаўленая з Расеі ў Беларусь «даўно», «апошняя пастаўка» адбылася на пачатку кастрычніка.

Аналізуючы гэты факт, The Wall Street Journal падкрэсьлівае, што заява Лукашэнкі зьявілася ў той час, калі Расея ўзмацняе свае пагрозы на адрас Захаду. Выданьне спасылаецца на словы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які заявіў, што «будуць праблемы» зь Фінляндыяй пасьля таго, як NATO «ўцягнула» Хэльсынкі ў альянс. Прыводзіцца таксама заява намесьніка старшыні Рады бясьпекі Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева пра тое, што Польшча — «вораг», які можа страціць сваю дзяржаўнасьць. «Правакацыйны ядзерны крок Пуціна ў Беларусі — напамін пра тое, што стаіць на коне ва Ўкраіне», — адзначае The Wall Street Journal.

У даведцы МЗС РФ, падрыхтаванай да сумеснага пасяджэньня калегій зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краін 15 сьнежня 2023 году ў Маскве, адзначалася, што рашэньне Пуціна і Лукашэнкі разьмясьціць у Беларусі расейскую тактычную ядзерную зброю стала «скаардынаваным адказам на эскаляцыю пагроз з боку дзяржаў — членаў NATO, якія далей сьцягваюць істотныя баявыя сілы да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы».

На сустрэчы з Пуціным 25 чэрвеня 2022 году ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады «вельмі турбуюць пытаньні трэніровачных палётаў ЗША і самалётаў NATO, якія трэніруюцца несьці ядзерныя боегалоўкі і ядзерныя зарады».

«Таму я прашу вас разгледзець пытаньне „люстранога адказу“ на гэтыя рэчы, безь перабору, — сказаў ён. — Яны трэніруюцца несьці ядзерныя боегалоўкі, вы, калі ласка, дапамажыце нам хоць бы прыстасаваць самалёты нашы, якія ў нас ёсьць (Су-35, па-мойму, так), якія могуць несьці ядзерныя зарады. Я не кажу пра тое, што заўтра вы перавезяце туды ядзерныя боепрыпасы, але жартаваць нам нельга».

  • 17 верасьня летась намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Павел Муравейка ў эфіры тэлеканалу СТБ заявіў, што беларускія вайскоўцы маюць адпаведную падрыхтоўку для выкарыстаньня ядзернай зброі. Спэцыялісты, сказаў Муравейка, «прайшлі пэўны кантрольны зрэз і допуск, атрымаўшы магчымасьць выкарыстоўваць і ўжываць гэтую зброю».

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG