Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя можа прапанаваць «Яся Гаспадара», віртуальнага кандыдата ў дэпутаты


Кіраўнік Цэнтру «Эўрапейскі дыялёг» былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька, выканаўца абавязкаў кіраўніка АГП Уладзімер Шанцаў, Яўген Вільскі з БСДП «Народная Грамада», выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. Вільня, 8 студзеня 2024
Кіраўнік Цэнтру «Эўрапейскі дыялёг» былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька, выканаўца абавязкаў кіраўніка АГП Уладзімер Шанцаў, Яўген Вільскі з БСДП «Народная Грамада», выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. Вільня, 8 студзеня 2024

Ніхто з БНФ не спрабаваў вылучацца на выбары, а сярод прыхільнікаў БХД нават ёсьць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы.

25 лютага ў Беларусі адбудзецца «адзіны дзень галасаваньня». Выбарнікам упершыню прапануюць прагаласаваць адначасова за кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

Кампанія адбываецца на фоне зачысткі палітычнага поля. Цягам лета — восені 2023 году Міністэрства юстыцыі зьліквідавала ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі.

Чат-бот з кандыдатам

Кіраўнік Цэнтру «Эўрапейскі дыялёг» і былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька анансаваў, што апазыцыя можа прапанаваць выбарнікам «Яся Гаспадара».

«Гэта віртуальны кандыдат, сэнс яго зьяўленьня ў тым, каб паказаць, што выбараў у Беларусі няма. Пры гэтым паказаць альтэрнатыву, якая існуе. Акцэнт будзе зроблены на праграму: эўрапейская інтэграцыя, Беларусь у Эўрапейскім зьвязе; магчыма, Беларусь у NATO. Гэта тое, пра што ня будзе гаварыць ніводзін зарэгістраваны кандыдат», — кажа Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Па словах палітыка, цяпер вядуцца распрацоўкі такога магчымага «кандыдата».

«Ён будзе на розных пляцоўках. Калі „Ясь“ спадабаецца людзям, то гэта будзе такой цікавай інфармацыйнай часткай абсалютна шэрай выбарчай кампаніі», — мяркуе палітык.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што ініцыятыва зьяўленьня «Яся Гаспадара» агульная. Ідэя ў сырым варыянце зьявілася падчас сустрэчы прадстаўнікоў палітычных партый і Каардынацыйнай рады.

«Я спадзяюся, што гэтая ініцыятыва будзе шырокай. Цяпер ідзе абмеркаваньне з грамадзкімі і грамадзянскімі ініцыятывамі, ёсьць вялікая цікавасьць ад ІТ-сэктару. У мяне ўжо ёсьць шэсьць партрэтаў „Яся Гаспадара“. Мне здаецца, гэта нешта крэатыўнае і можа пацэліць у чаканьні людзей».

Цяпер для «Яся» пішуць праграму. Лябедзька не выключае, што запрацуе адмысловы чат-бот, у якім кожны ахвочы зможа задаваць «кандыдату» пытаньні.

«Для нас гэта будзе магчымасьць чарговы раз расказаць пра эўрапейскі выбар, адсутнасьць сумленных выбараў і незалежнай судовай сыстэмы. Гэта частка інфармацыйнай кампаніі», — кажа палітык.

«Яська-гаспадар з-пад Вільні» — гэта псэўданім Кастуся Каліноўскага, кіраўніка антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў на тэрыторыях Беларусі і Літвы.

Адзін прыхільнік АГП і нуль прыхільнікаў БНФ

Што тычыцца саміх выбараў, то прыхільнікі палітычных партый, якія застаюцца ў Беларусі, таксама прымалі рашэньне, ці браць удзел у кампаніі.

«Бясьпека людзей унутры Беларусі зьяўляецца прыярытэтам для нас, таму мы не рэкамэндавалі нашым сябрам удзельнічаць у кампаніі», — кажа выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Па яго зьвестках, ніхто з актывістаў БНФ не спрабаваў рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу ні ў парлямэнцкія, ні ў мясцовыя выбары. Ён называе гэтую кампанію «адной з самых нецікавых і бяззубых».

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Што тычыцца АГП, то выканаўца абавязкаў кіраўніка партыі Ўладзімер Шанцаў сказаў, што некаторыя сябры арганізацыі хацелі выпрабаваць свае сілы.

«Мы ня можам, адпаведна са статутам, цалкам забараніць удзел, некаторыя ахвотнікі ў нас былі, правялі зь імі размовы. У выніку яны ўсё зразумелі вельмі хутка. Ведаю, што адзін чалавек спрабаваў вылучацца ў віцебскі гарсавет, але нічога ня выйшла — ініцыятыўнай групы не зарэгістравалі», — кажа Ўладзімер Шанцаў.

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» дазваляла сваім прыхільнікам як байкатаваць выбары, так і ўдзельнічаць — для прасоўваньня мясцовага парадку дня.

«Гэта людзі з розных дваравых актыўнасьцяў, зь якімі мы знаёмыя. Іх падавалася, па нашай інфармацыі, каля некалькіх дзясяткаў на розных мясцовых узроўнях. Частку зь іх не зарэгістравалі з розных прычынаў. Зарэгістравалі як ініцыятыўныя групы добра калі калі дзесяць чалавек. Больш дакладнай інфармацыі не скажу, бо збор яе няпросты. Гаворка выключна пра мясцовыя выбары, на парлямэнцкія ніхто не спрабаваў», — кажа кіраўнік БХД Дзяніс Садоўскі.

Дзяніс Садоўскі.
Дзяніс Садоўскі.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG