Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч расказала, што прапагандысты пагражаюць забраць яе менскую кватэру


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота 2022 году
Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота 2022 году

Ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2015 году Сьвятлане Алексіевіч пагражаюць забраць яе менскую кватэру, у якую ў 2020 годзе спрабавалі трапіць сілавікі і куды прыходзілі на знак салідарнасьці зь пісьменьніцай заходнія дыпляматы.

Пра гэта сама Сьвятлана Алексіевіч расказала ў інтэрвію нямецкаму выданьню Zeit.

«У мяне вялікая кватэра, якую я купіла на грошы Нобэлеўскай прэміі — у мяне столькі кніг, што мяне выгналі са старой маленькай кватэры. Цяпер прапагандысты кажуць: гэтая кватэра сапраўды была б ідэальнай для сем’яніна са спэцназу АМАП. Лукашэнка пагражае ўсім, хто меў дачыненьне да рэвалюцыі, адпомсьціць ім», — сказала Алексіевіч у інтэрвію.

Паводле Алексіевіч, у яе менскай кватэры засталіся шматлікія рукапісы і дзёньнікі, за якія яна перажывае больш за ўсё.

У камэнтары «Люстэрку» Сьвятлана Алексіевіч распавяла, што інфармацыі пра арышт яе кватэры пакуль няма. Па словах пісьменьніцы, да нерухомасьці маюць доступ яе давераныя асобы.

«Кватэра не апячатаная, нічога такога няма, — патлумачыла Сьвятлана Алексіевіч. — Пакуль толькі размовы пра гэта ходзяць, сябры дасылалі мне відэа Азаронка, дзе ён прапануе аддаць маю кватэру шматдзетнаму амапаўцу. Зь імі не засумуеш! Мне падаецца важным, што ня ўлада такія моманты агучвае, а прапагандысты. Я думаю, гэта выпрабавальны камень, яны ўкідваюць у грамадзтва такія мячы і глядзяць, якая будзе рэакцыя. Улада сама ня можа пра гэта сказаць».

Нобэлеўская ляўрэатка адзначае, што магчымая канфіскацыя менскай кватэры будзе ёй непрыемная, але ніякіх каштоўнасьцяў там няма. Нобэлеўскі мэдаль яна забрала з сабой у Нямеччыну яшчэ падчас ад’езду зь Беларусі ў 2020 годзе.

«У кватэры засталіся толькі мае асабістыя рэчы: кнігі, адзеньне — усё, што складае чалавечае жыцьцё», — з сумам у голасе сказала Алексіевіч.

Пісьменьніца адзначыла, што інфармацыйная кампанія аб неабходнасьці канфіскацыі яе менскай кватэры пачалася паралельна з хваляй ператрусаў і арыштаў нерухомасьці людзей, зьвязаных з Каардынацыйнай радай.

На сытуацыю з магчымым арыштам кватэры Алексіевіч зьвярнула ўвагу грамадзкасьці дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

  • У 2020 годзе Сьвятлана Алексіевіч увайшла ў прэзыдыюм Каардынацыйнай рады (КР) і стала аб’ектам увагі сілавікоў. У верасьні 2020 году Алексіевіч была апошняй зь сямі сяброў прэзыдыюму КР, якая заставалася ў Беларусі на волі: астатнія альбо вымушана пакінулі краіну, альбо затрыманыя. Супраць сяброў Каардынацыйнай рады завялі крымінальную справу.
  • 9 верасьня 2020 году да дома ў цэнтры Менску, дзе жыла Алексіевіч, прыбылі апэратыўнікі ў цывільным, ёй званілі ў тэлефон і дамафон, патрабуючы адчыніць. Тады да дома Алексіевіч прыбылі на падтрымку неабыякавыя людзі, а таксама каля 20 журналістаў, дыпляматы, агулам да паўсотні чалавек, каб абараніць яе ад нападу сілавікоў.
  • Пасьля гэтага выпадку, у верасьні 2020 году, пісьменьніца выехала за мяжу. З таго часу Алексіевіч знаходзіцца ў Бэрліне. Яна прыехала туды па запрашэньні Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD). Пазьней Алексіевіч выказвала асьцярогу, што ня зможа вярнуцца ў краіну, а пасьля сказала, што вернецца толькі пасьля зьмены ўлады ў Беларусі.
  • 28 лістапада стала вядома пра шэраг ператрусаў па ўсёй Беларусі ў сяброў Каардынацыйнай рады. 3 сьнежня

    намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў, за апошні тыдзень сілавікі правялі больш за 130 ператрусаў і 145 накладаньняў арышту на маёмасьць у сябраў Каардынацыйнай рады. Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што сілавікі прыходзяць да людзей, нібыта зьвязаных з КР, з пастановамі на ператрус паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG