Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўкі, суды і малітвы. Гісторыя царквы «Новае жыцьцё», якая змагалася за існаваньне некалькі дзесяцігодзьдзяў


Малітва ў закрытай удадамі царкве «Новае жыцьцё».Менск, 2012
Малітва ў закрытай удадамі царкве «Новае жыцьцё».Менск, 2012

12 сьнежня Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу вернікаў на ліквідацыю царквы «Новае жыцьцё».

Грамада хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» была зарэгістраваная ў 1992 годзе. Доўгі час вернікі арандавалі для набажэнстваў кінатэатры ці дамы культуры ў сталіцы. У 2002 годзе грамада выкупіла занядбаны кароўнік у вёсцы Сухарава Менскага раёна.

І маліцца нельга, і кароў разводзіць

Царква-кароўнік мела плошчу 1640 квадратных мэтраў. Калі выкуплялі будынак, у дамове куплі-продажу было дакладна ўказана, што ён будзе культавым, там зьбіраюцца адпраўляць царкоўныя службы.

Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» ў Менску, 2017 год
Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» ў Менску, 2017 год

Аднак перапрафіляваць будынак у культавы не ўдалося. А ў 2003 годзе вёску Сухарава ўключылі ў склад Менску. Менгарвыканкам таксама не дазволіў зрабіць будынак культавым. У дакумэнтах ён заставаўся кароўнікам.

На той час там ужо зрабілі рамонт, пачаліся штодзённыя набажэнствы. Пры царкве стварылі тэатральную групу, праводзілі сустрэчы з алька- і нарказалежнымі, выязныя службы ў дамах-інтэрнатах.

Будынак царквы «Новае жыцьцё», 2017 год
Будынак царквы «Новае жыцьцё», 2017 год

У 2005 годзе гаспадарчы суд Менску прызначыў «прымусовы выкуп» будынка царквы «Новае жыцьцё». Афіцыйная падстава — нямэтавае выкарыстаньне памяшканьня. Вернікі абскарджвалі рашэньне ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, аднак нічога не дамагліся.

У 2006 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў царквы, вернікі правялі галадаваньне-пост, якое доўжылася каля месяца. Сытуацыя вакол царквы набыла шырокі грамадзкі і міжнародны рэзананс.

Гарадзкія ўлады пералічылі на рахунак «Новага жыцьця» 16 тысяч даляраў — у такую суму ацанілі будынак. Але вернікі не пагадзіліся з выкупам і пералічылі грошы назад.

У будынку царквы
У будынку царквы

Без вады і электрычнасьці

Чарговы раз у вернікаў спрабавалі забраць будынак у 2012 годзе. У адказ яны арганізавалі несупынную малітву. Потым будынак перадалі на балянс ЖРЭА. Уласьнік будынку, ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску, ня раз зьвяртаўся ў эканамічны суд з патрабаваньнем прымусіць царкву «Новае жыцьцё» вызваліць памяшканьне. Безвынікова.

Каб царкву не забралі, вернікі трымалі пост-галадоўку ў 2006 годзе
Каб царкву не забралі, вернікі трымалі пост-галадоўку ў 2006 годзе

Храм адрэзалі ад усіх камунікацыяў. Ваду давялося прывозіць у бутэльках, электрычнасьць выпрацоўваў генэратар.

У 2018 годзе ўлады вырашылі пабудаваць на месцы царквы сярэднюю школу больш як на 1240 вучняў і басэйн. На арганізаваным для гэтага грамадзкім абмеркаваньні людзі рашуча выступілі супраць зносу царквы «Новае жыцьцё». З 521 звароту ў 459 было выказана нязгода з праектнымі рашэньнямі, прапанаванымі архітэктарамі. Аднак на пачатку 2019 году ўлады ўсё адно прынялі рашэньне будаваць школу, а царкве хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» было рэкамэндавана шукаць новую пляцоўку.

Школу дагэтуль не пабудавалі.

Разбурэньне царквы «Новае Жыцьцё»
Разбурэньне царквы «Новае Жыцьцё»

Экскаватар і сьвятары на «сутках»

Увосень 2020 году вернікі «Новага жыцьця» запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый, якія пачаліся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

17 лютага 2021 году царкву «Новае жыцьцё» прымусова выселілі зь яе будынка. Да царквы пад’ехалі 6 міліцэйскіх машын з 20 міліцыянтамі, прыехалі судовыя выканаўцы і прадстаўнікі ЖРЭА. Яны расьпілавалі замкі, узламалі мэталічныя дзьверы. Вернікаў, якія ў той час маліліся, пад пагрозай арышту і штрафаў вымусілі пакінуць будынак.

Вернікі пэўны час адпраўлялі набажэнствы пад адкрытым небам на паркоўцы.

Малітва на паркоўцы
Малітва на паркоўцы

У красавіку 2021 году ўлады Менску запатрабавалі ад «Новага жыцьця» 180 тысяч даляраў — нібыта падатак за забраны імі ж будынак.

У верасьні 2022 году пастара «Новага жыцьця» Вячаслава Ганчарэнку затрымалі і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3,2 тысячы рублёў). У кастрычніку затрымалі іншага пастара, Сяргея Паўлоўскага, за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

20 чэрвеня 2023 году экскаватарамі зруйнавалі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё».

14 жніўня 2023 году ў дом пастара Вячаслава Ганчарэнкі ўварвалася 20 супрацоўнікаў ГУБАЗіКу. У доме правялі ператрус. Пастара і ягонага зяця Ільлю Будая затрымалі, ім прысудзілі 10 і 5 дзён арышту адпаведна, нібыта за «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы» (артыкул 24.3 КаАП).

17 кастрычніка 2023 году Менскі гарадзкі суд зьліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё».

Рашэньне па пазове Менгарвыканкаму прыняла судзьдзя Тацяна Дарашчонак. Крыху раней экстрэмісцкімі былі прызнаныя сацыяльныя сеткі царквы.

12 сьнежня Вярхоўны суд пакінуў рашэньне Менгарсуду ў сіле.

«Гэта не адзінкавы ціск»

Прадстаўнік беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі перакананы, што ў Беларусі ідуць сыстэмныя ганеньні на Царкву. Але зьнішчыць Хрысьціянскую царкву, зьліквідаваўшы афіцыйную рэгістрацыю, немагчыма.

«Немагчыма гэта было ні крываваму імпэратару Рымскай імпэрыі Нэрону, немагчыма гэта было ў нацысцкай Нямеччыне, немагчыма будзе і рэжыму Лукашэнкі.

А палітыка рэжыму Лукашэнкі цяпер капіюе палітыку нацысцкай Нямеччыны ў дачыненьні да ўсіх хрысьціянскіх цэркваў, якія знаходзіліся тады на яе тэрыторыі. А гэта значыць, што канкрэтна ў Беларусі ідуць сыстэмныя ганеньні на Царкву, і гэта не адзінкавы ціск на асобных пастараў ці ксяндзоў. Рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсіх сьвятароў — каталіцкіх, праваслаўных, пратэстанцкіх — паводле аднаго толькі крытэра: калі сьвятар, кіраўнік супольнасьці не пагаджаецца трансьляваць лукашэнкаўскую прапаганду», — кажа Віталь Рымашэўскі.

Ён нагадаў, што да гэтага была зьнішчаная фактычна ўся грамадзянская супольнасьць у Беларусі. Цэрквы яшчэ засталіся, але ўлады цяпер атакуюць іх.

«Гэта лёгіка таталітарнага рэжыму. Ён зьнішчае ўсё тое, што ня можа сабе падпарадкаваць. Гэтак сама было ў нацысцкай Нямеччыне», праводзіць аналёгію Віталь Рымашэўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG