Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне аб ліквідацыі пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё»


Служба ў пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё» ў Менску. Архіўнае фота
Служба ў пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё» ў Менску. Архіўнае фота

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пастар царквы «Новае жыцьцё» асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў. Будынак царквы разбурылі яшчэ летам 2023-га.

Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў апэляцыі кіраўніцтва менскай царквы «Новае жыцьцё», яе зьліквідавалі, паведамляе тэлеграм-канал ініцыятывы «Хрысціянская візія».

Менскі гарадзкі суд 17 кастрычніка зьліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё». Рашэньне па пазове, які 15 верасьня падаў Менгарвыканкам, прыняла судзьдзя Тацяна Дарашчонак.

У пазове, паводле інфармацыі ініцыятывы, сьцьвярджалася, што царква яшчэ ў 2004 годзе не прайшла перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з законам «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» ад 2002 году, а таксама ажыцьцяўляла дзейнасьць, якая выходзіць за рамкі яе статуту.

Неабходнасьць зьліквідаваць царкву таксама аргумэнтавалася тым, што асобныя інфармацыйныя рэсурсы «Новага жыцьця» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».


Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка настойваў, што названыя прычыны недастаткова важкія для ліквідацыі грамады. Па ягоных словах, калі ў 2004 годзе царква падала заяўку на перарэгістрацыю, улады яе адхілілі.

Перасьлед царквы «Новае жыцьцё»


Царква «Новае жыцьцё» была заснаваная ў 1992 годзе. Улады перасьледавалі яе з пачатку 2000-х.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў.

У лютым 2021-га царкву прымусова выселілі з культавага будынку, у які вернікі пераабсталявалі былы кароўнік. Людзі маліліся на вуліцы і ў онлайн-фармаце.

У верасьні 2022 году пастара затрымалі і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3,2 тыс. рублёў).

20 чэрвеня 2023-га стала вядома пра знос будынку царквы. На гэтым месцы нібыта плянуецца пабудаваць школу. Пасьля здарэньня Ганчарэнка накіраваў зварот да ўладаў, у якім назваў знос будынку «фатальнай памылкай», пасьля якой «непазьбежна будуць наступствы».

14 жніўня Ганчарэнку і яго зяця Ільлю Будая затрымалі і арыштавалі паводле адміністрацыйных абвінавачаньняў адпаведна на 10 і 5 дзён. Паведамлялася, што ў дом пастара «ўварваліся 20 аўтаматчыкаў» з ГУБАЗіК МУС. Быў праведзены ператрус.

Пастара арыштавалі на падставе арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў), яе сваяка — паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

23 жніўня гэтага году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў кантэнт мэдыярэсурсаў царквы «Новае жыцьцё» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Рашэньне прынятае па заяве гарадзкой пракуратуры. Гаворка ідзе пра публікацыі на старонцы царквы ў Instagram, а таксама пра датаванае 21 лістапада 2020 году відэа ў YouTube «Пазыцыя хрысьціян царквы „Новае жыцьцё“».

31 жніўня суд Маладачанскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» зьнятае ў 2020 годзе відэа «Пастар Вячаслаў Ганчарэнка асуджае гвалт і заклікае ўладу пакаяцца!». У сьпіс таксама ўключана група «ЎКантакце» «Церковь „Новая Жизнь“. Минск».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG