Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагозін прапаноўваў Пуціну ўдарыць па Ўкраіне касьмічнай ракетай — BILD са спасылкай на запіс размовы


Дзьмітрый Рагозін і Ўладзімір Пуцін
Дзьмітрый Рагозін і Ўладзімір Пуцін

Экс-гендырэктар дзяржаўнай карпарацыі «Роскосмос» Дзьмітрый Рагозін прапаноўваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ўдарыць па буйным горадзе Ўкраіны з дапамогай ракеты-носьбіта, якую выкарыстоўваюць для палётаў у космас.

Пра гэта ён заявіў у тэлефоннай размове з гендырэктарам ракетна-касьмічнага цэнтру «Прогресс» Дзьмітрыем Баранавым. Запіс званка трапіў у распараджэньне нямецкай газэты BILD, аднак сапраўднасьць размовы пакуль не пацьверджана незалежнымі крыніцамі.

Паводле зьвестак журналістаў, Рагозін і Баранаў абмяркоўвалі магчымасьць выкарыстаць касьмічную ракету з пачатку студзеня 2023 году. Чыноўнікі сышліся на тым, што лепш за ўсё запусьціць яе з вайсковага касмадрома ў Плясецку.

Баранаў таксама гаварыў пра магчымыя праблемы з запускам. Паводле яго, пасьля звышгукавога ўваходу ў атмасфэру цяжкія фугасныя авіябомбы або кіраваныя боегалоўкі будуць перагравацца пры хуткасьці шэсьць кілямэтраў на сэкунду. Рагозін у адказ паабяцаў параіцца з канструктарам Юрыем Саламонавым, паведамляе «Настоящее время».

Таксама чыноўнікі абмяркоўвалі рызыку падзеньня ракеты на тэрыторыю Расеі і хібы разьлікаў пры падзеньні.

Празь некалькі дзён Рагозін паведаміў, што вырашыў пытаньне, зьвязанае з магчымым перагрэвам. Ён спытаў Баранава, колькі часу яму спатрэбіцца на падрыхтоўку апэрацыі. Той адказаў, што каля паўгода.

Як піша BILD, Рагозін у размовах з Баранавым называе Пуціна «нашым вялікім і жахлівым» і кажа, што перадасьць яму плян праз кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Антона Вайно. Паводле зьвестак нямецкага выданьня, Пуціну паведамілі пра ідэю 16 студзеня. Як ён адрэагаваў на яе — невядома.

Рагозін сышоў з пасады гендырэктара «Роскосмоса» ў ліпені 2022 году. У верасьні 2023 году яго прызначылі «сэнатарам» ад акупацыйнай заканадаўчай улады Запароскай вобласьці. Паміж гэтымі падзеямі Рагозін пасьпеў паўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. У сьнежні 2022 году атрымаў раненьне і быў шпіталізаваны ў выніку абстрэлу Данецку. Як сьцьвярджаецца, чыноўнік быў паранены ў сьпіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG