Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акупаваным Расеяй Данецку паранілі экс-кіраўніка «Роскосмоса» Рагозіна


Дзьмітрый Рагозін
Дзьмітрый Рагозін

Падчас абстрэлу рэстарана, дзе Рагозін адзначаў дзень народзінаў, быў паранены таксама кіраўнік так званага ўраду «ДНР» Хацэнка.

Былы кіраўнік «Роскосмоса» Дзьмітрый Рагозін, які цяпер знаходзіцца на акупаваным Расеяй Данбасе і бярэ ўдзел у вайне супраць Украіны, увечары 21 сьнежня атрымаў раненьне і быў шпіталізаваны ў выніку абстрэлу Данецку, паведамляе ТАСС са спасылкай на памочніка Рагозіна.

«На ўскраіне Данецку абстралялі гатэль, у якім у апошнія месяцы пражывала група вайсковых дарадцаў на чале зь Дзьмітрыем Рагозіным. Дзьмітрый Алегавіч атрымаў раненьне ў сьпіну. Ён шпіталізаваны. Пагрозы жыцьцю няма», — сказаў ён.

Па дадзеных «Базы», былы кіраўнік «Роскосмоса», які цяпер узначальвае групу вайсковых дарадцаў «Царскія ваўкі», быў паранены не ў сьпіну, а атрымаў аскепкавае раненьне мяккіх тканак галавы, пранікальнае аскепкавае раненьне ягадзіц, а таксама пранікальнае аскепкавае раненьне левага сьцягна. «Рагозін быў паранены пры абстрэле рэстарану „Шэш-Беш“ у Данецку, дзе адзначаў дзень нараджэньня. Усяго пры абстрэле рэстарана загінулі 2 чалавекі, яшчэ 5 параненыя», — паведамляе выданьне.

«Удар насіў відавочна мэтанакіраваны характар. Спэцыялісты схіляюцца да таго, што для ўдару была выкарыстаная 155-мілімэтровая самаходная артылерыйская ўстаноўка Caesar, распрацаваная і вырабленая францускай фірмай Nexter», — заявіў памочнік Рагозіна.

Разам з Рагозіным пры абстрэле таго ж гатэлю ў Ленінскім раёне Данецку раненьне атрымаў кіраўнік «ураду ДНР» Віталій Хацэнка. Пра гэта ў чацьвер паведаміла ягоная прэс-сакратарка Міна Ахвердзіева.

«Хацэнка паранены пры абстрэле гатэлю ў Данецку, пагрозы ягонаму жыцьцю няма. Траўмы таксама атрымалі асобы, якія яго суправаджалі», — сказала яна.

Украінскія ўлады абстрэл гатэлю з расейскімі вайскоўцамі пакуль не пацьвярджалі, аднак у навакольлях Данецку ўжо некалькі тыдняў ідуць інтэнсіўныя баявыя дзеяньні.

Увосень у Херсоне ад ракетнага ўдару загінуў «намесьнік кіраўніка» акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці Аляксей Кацярынічаў, а перад гэтым у тым жа горадзе ад удару ракеты загінуў былы дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Жураўка. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён загінуў пры выбуху ў гатэлі Play Hotel: там таксама жылі журналісты, якія асьвятлялі псэўдарэфэрэндум, які праходзіў у рэгіёне, аб анэксіі акупаваных тэрыторый і далучэньні іх да Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG