Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы першая жанчына, якая да нас прыехала». Як 71-гадовая гарадзенка валянтэрыла на вайне ў Ізраілі


Аляксандра Ханевіч у Ізраілі
Аляксандра Ханевіч у Ізраілі

Гарадзенка Аляксандра Ханевіч паляцела ў адпачынак у Ізраіль. Там яе засьпела вайна. 71-гадовая блогерка пасьпела павалянтэрыць для вайскоўцаў і першай сярод беларусаў вылецела з Ізраілю ў часовы дом у Польшчу.

«Я цыдулачак панабірала»

Сёлета Аляксандра наведвала Ізраіль трэці раз. Першы раз яна была ў паломніцтве 6 гадоў таму. Летась езьдзіла разам з сынам. Тады ж пазнаёмілася зь менчуком Аляксандрам, які большую частку жыцьця жыве ў Ізраілі і якога ў жніўні 2020 году затрымалі і пабілі ў Менску. Ён і запрасіў яе сёлета ў госьці.

Гарадзенка хацела вылятаць пасьля 10 кастрычніка, але знайшліся танныя квіткі з Польшчы і назад на 1 і 15 кастрычніка. Пералёт каштаваў каля 170 даляраў у два бакі. Спачатку яна правяла тыдзень у Тэль-Авіве. Потым заплянавала пару дзён у сяброў у Мадыіне, паездку ў Ерусалім і пікнік зь беларусамі Ізраілю.

«Я цыдулачак панабірала і сама панапісвала, ужо буду маліцца за ўсіх. Тры дні пабуду ў манастыры», — успамінае свае пляны беларуска.

Горад Ашкелон пасьля асбрэлаў Хамасу, 11 кастрычніка 2023
Горад Ашкелон пасьля асбрэлаў Хамасу, 11 кастрычніка 2023

«Пазачынялі ўсё, аж вокны дрыжэлі!»

Увечары пятніцы 6 кастрычніка яна прыехала да сяброў у горад Мадыін, што за 60 кілямэтраў ад сэктару Газа. У суботу яны меліся ехаць на мора ў Тэль-Авіў.

Ранкам у суботу Аляксандра прачнулася ад паветранай трывогі. Першую сырэну пачула слаба. Але да яе ў гасьцявы пакой прыйшла ўся сям’я, бо гэта быў мамад — бомбасховішча ўнутры кватэры.

«У мяне вакно было адчыненае. Гаспадыня хуценька апусьціла жалезныя жалюзі, зачыніла вакно. Сырэна гучала можа адну хвіліну. Але ў іх такі закон: 10 хвілін пасьля нельга выходзіць з бомбасховішча. Потым адчынілі дзьверы», — расказвае яна.

Спачатку асаблівай увагі на сырэну не зьвярнулі, бо яны часта здараюцца. Працягвалі зьбірацца на мора.

«Аб 11-й прагучала другая трывога. Тая была такая страшная, так гудзела! Пазачынялі ўсё, аж вокны дрыжэлі! У мяне тэлефон быў у іншым пакоі, я хацела ўзяць і запісаць яе, але яны такія дысцыплінаваныя: „Нельга, не выходзьце з пакою“. Тады было страшна», — успамінае беларуска.

Зь ейных назіраньняў, у першы дзень вайны мала хто ў горадзе выходзіў на вуліцу.

Празь некалькі дзён Аляксандра разам зь сябрам паехала ў горад Ашкелон, што каля самай мяжы з Газай, каб забраць адтуль ягоную цешчу. Горад моцна абстрэльвае ХАМАС і пагражае зраўняць яго зь зямлёй. Уся вуліца ў Ашкелоне была засыпаная, як бісэрам, дробным шклом, заўважыла Аляксандра. Дзе-нідзе ішоў ад зямлі белы дым: значыць, у гэтым месцы зьбілі ракету.

«У яе такая прыгожая кватэра. Я разумела, як ёй гэта балюча, — успамінае Аляксандра пра ад’езд жанчыны са свайго жытла. — А Саша кажа: гэта ў вас такая дурная савецкая загартоўка. Жыцьцё трэба шкадаваць, а вы дамы шкадуеце!» — успамінае Аляксандра.

Працуе ізраільская сістэма СПА Жалезны купал. Алкелон, 14 кастрыніка 2023
Працуе ізраільская сістэма СПА Жалезны купал. Алкелон, 14 кастрыніка 2023

Па дарозе яны бачылі шмат машын хуткай дапамогі. Пры дарозе стаялі вялікія намёты лязарэту, дзе разьмяркоўвалі параненых: каго тэрмінова ў шпіталь, каму можна дапамагчы на месцы.

«Мне казалі па-расейску „Спасибо“ і абдымалі»

У панядзелак 9 кастрычніка сябар Аляксандры паехаў у краму па тавары для вайскоўцаў. Аляксандра паехала зь ім. Яны купілі харч, шампунь, пену для галеньня, шкарпэткі, батарэйкі.

«Столькі людзей было ў крамах, такія чэргі! Людзі куплялі на 1-3 тысячы шэкеляў (250-750 даляраў). Там жа стаялі прыёмныя пункты і можна было ўсё перакладваць у вялізныя машыны. Сябар сказаў, што сам паедзе да жаўнераў», — успамінае Аляксандра.

Яна папрасіла ўзяць яе з сабой. «А вы што, не баіцеся?» — «Не баюся, вельмі хачу паехаць», — пераказвае іхны дыялёг Ханевіч. Яны прыехалі ў вайсковы пункт за 5 кілямэтраў ад Газы. Раздалі вайскоўцам пакеты з прадуктамі.

«Яны ўжо адмаўляліся браць. Стаяла вялізная машына, рэфрыжэратар, нешта мы здалі туды. У мяне была майка з надпісам Belarus. Хоць яны гаварылі на іўрыце, але мне казалі па-расейску „Спасибо“ і абдымалі. Быў украінец гадоў 40, які захацеў разам сфатаграфавацца. Там такія маладыя вайскоўцы, па 20 гадоў, дзеці, але ўсе настроеныя па-баявому», — расказвае Аляксандра.

Зь ейных словаў, людзі старэйшага ўзросту, як яна, таксама закупляліся ў краме, але яны ўжо не паехалі да вайскоўцаў.

Эвакуацыя пасьля выбухаў у Ашкелоне, 8 кастрычніка 2023
Эвакуацыя пасьля выбухаў у Ашкелоне, 8 кастрычніка 2023

«Мне сказаў гэты вайсковец: вы першая жанчына, якая да нас прыехала. Нам усё прывозяць, але мужчыны. Вы вельмі сьмелая», — успамінае беларуска.

Аляксандра дапускала, што ўжо ня здолее вылецець зь Ізраілю, і прасіла ўзяць яе валянтэркай у вайсковую частку. Той адказаў, што ня хоча рызыкаваць ейным жыцьцём. Да таго ж яе ня возьмуць, бо яна ня ведае іўрыту.

«У Беларусі мне было страшней»

Аляксандру вельмі ўразіла салідарнасьць, якую яна ўбачыла ў Ізраілі. Доўгія чэргі, каб здаць кроў для параненых. Грамадзяне Ізраілю сярэдніх гадоў, якія пераехалі ў ЗША ці Канаду, вярталіся на радзіму, каб пайсьці ў войска.

Па дарозе ў сэктар Газа яны падвозілі маладога хлопца, у якога за тыдзень перад гэтым скончылася служба ў войску. Ён паехаў у Тайлянд адпачыць. Але, як пачалася вайна, адразу вярнуўся ў войска, хаця камандзір казаў, што такой неабходнасьці не было.

«Шэсьць гадоў таму я закахалася ў Ізраіль, а цяпер — у ізраільцянаў. Яны настолькі сталі аб’яднаныя, левыя і правыя сталі разам, няма сварак паміж сабой», — кажа беларуска.

Аляксандра кажа, што салідарнасьць беларусаў у 2020 годзе ўразіла яе менш, бо людзі ў Беларусі падзяліліся.

«Памятаю, іду на мітынг, а мне крычыць мужчына: „Эй, дурніца, куды прэсься? Хочаш, каб было, як ва Ўкраіне?“. У нашых шмат было такога: абы не было вайны», — разважае Аляксандра.

У Беларусі ў 2020 годзе ёй было страшней, чым у Ізраілі падчас вайны.

«У Беларусі, калі я бачыла, як палкамі калоцяць людзей, то мне было страшней. Цяпер я ці то страх згубіла, ці нешта сталася. Адзін журналіст пажартаваў: неўзабаве прышлюць самалёт і вы паляціце ў Менск. Кажу: „Не жартуй так, лепей я памру на Сьвятой зямлі, чым траплю ў тое пекла“», — прызнаецца яна.

«Грошы на білет былі праз 5 хвілін»

Аляксандра Ханевіч стала адной зь першых беларусаў, хто здолеў вылецець з Ізраілю пасьля пачатку вайны, хаця былі і незадаволеныя, чаму менавіта яе адправілі першай. Сама яна думае, што дапамог узрост або ейная вядомасьць. Ёй дапамагалі беларусы ЗША, беларусы Ізраілю, НАУ, шмат людзей былі гатовыя яе сустрэць, накарміць абедам, прыняць на начлег.

«Сябар зьвязаўся зь беларусамі ў Амэрыцы. Празь пяць хвілін у мяне былі грошы на білет. Ведаю, што іх даў пэўны чалавек, але ён не хацеў, каб ягонае імя фігуравала», — кажа яна.

Яшчэ пяць дзён, з аўторка да нядзелі, Аляксандра «сядзела на валізках» і чакала, якім рэйсам яе змогуць забраць. Урэшце ляцела ў Польшчу зь перасадкай у Грэцыі. Білеты каштавалі 900 даляраў, гатэль у Салёніках — 200.

У аэрапорце да яе падышоў расейскамоўны супрацоўнік спэцслужбаў. Запытаўся, дзе яна была і куды ляціць. Здагадаўся, што яна не расейка. Сказаў, што зь Беларусі самалёта не было і, відаць, ня будзе.

Самы страшны момант за ўвесь час у Ізраілі здарыўся ў аэрапорце Тэль-Авіва. Аляксандра адышла ў д’юты-фры, каб купіць парфуму для знаёмай. Калі вярталася ў залю, на яе ляцеў натоўп людзей.

«Думаю, мо памянялі пляцоўку, зь якой адлятае самалёт. Я ўбок да сьценачкі стала. А мне кажуць: „Сховішча, сховішча, сховішча“. І тут чую: „У-у-у“», — успамінае чарговую паветраную трывогу беларуска.

У аэрапорце шмат «кішэняў», якія служаць бомбасховішчамі. Там яны і схаваліся. Чулі выбухі. Вылет затрымалі на гадзіну.

«Мы ўжо селі ў самалёт, было цёмна, але былі відаць і страляніна, і выбухі. Цемра, цемра, і ўверсе такое вогнішча, быццам нешта разрываецца — гэта Жалезны купал, супрацьпаветраная абарона, якая зьбівае ракеты», — апісвае Аляксандра.

Зь ейных словаў, 90% пасажыраў ляцелі зь немаўлятамі. Ужо ў грэцкім гатэлі ў беларускі пачалася гістэрыка, маўляў, тут так ціха і спакойна, чаму ж у Ізраілі людзі пакутуюць? Ужо ў Беластоку яна ў першы час падскоквала ад гукаў будоўлі побач. Беларуска кажа, што за апошнія дні ёй напісалі столькі людзей, колькі не пісалі за ўсё жыцьцё.

«Увесь час прабівае на сьлёзы. Я сустрэла столькі добрых людзей! Хочацца, каб хутчэй гэта ўсё скончылася, каб ніхто нікога ня біў, ня гвалціў... Кавалачак майго сэрца застаўся там, у Ізраілі», — кажа яна.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG