Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое паліцыянтаў, адзін генэрал арміі. Расказваем пра ўраджэнцаў Беларусі, якія загінулі ці пацярпелі ў выніку нападу ХАМАС на Ізраіль


Ізраільскія грамадзяне, народжаныя ў Беларусі, які загінулі ці былі параненыя падчас нападу ХАМАС: Стывэн Макарчанка, Алена Астапенка, Раман Гофман, Віталь Карасік. Каляж
Ізраільскія грамадзяне, народжаныя ў Беларусі, які загінулі ці былі параненыя падчас нападу ХАМАС: Стывэн Макарчанка, Алена Астапенка, Раман Гофман, Віталь Карасік. Каляж

7 кастрычніка тэрарысты ХАМАС перайшлі мяжу Ізраілю і атакавалі цывільнае насельніцтва на поўдні краіны. У выніку нападу загінулі больш за тысячу чалавек. Сярод загінулых і пацярпелых ёсьць і ўраджэнцы Беларусі.

Па словах валянтэраў, грамадзяне Беларусі маюць цяжкасьці з эвакуацыяй з Ізраілю.

Загінулыя

Ізраільскі паліцыянт, старшы сяржант Віталь Карасік жыў у горадзе Ашкелон. 38-гадовы ўраджэнец Магілёва працаваў сьледчым аддзелу крыміналістыкі ізраільскай паліцыі.

Падчас службы ў ізраільскім войску Віталь Карасік быў танкістам і мэдыкам, удзельнічаў у ваенным канфлікце Ізраілю і Лібану. Пасьля гэтага пайшоў служыць у паліцыю.

7 кастрычніка Віталь працаваў у ахове музычнага фэстывалю Supernova Sukkot Gathering на мяжы з сэктарам Газа. Якраз тады тэрарысты ХАМАС напалі на Ізраіль, Віталь загінуў у баі з нападнікамі, як яшчэ 37 ахоўнікаў фэстывалю і больш як 260 удзельнікаў.

Алена Астапенка, сяржант ізраільскай паліцыі. Алена пераехала ў Ізраіль з Рэчыцы разам з маці і сястрой яшчэ ў 2000 годзе, ёй тады было ўсяго два гады. 25-гадовая дзяўчына жыла на поўдні Ізраілю, у горадзе Ашкелоне.

Падчас нападу ХАМАС на Ізраіль Алена патрулявала ўчастак у горадзе Афакім. Разам зь іншымі паліцыянтамі і вайскоўцамі яна ўступіла ў бой з нападнікамі, у якім загінула.

Стывэн Макарчанка, ураджэнец Беларусі, які 7 кастрычніка наведаў фэстываль Supernova Sukkot Gathering на мяжы з сэктарам Газа. Гэты фэстываль стаў адной зь мішэняў для атакі тэрарыстаў. Загінулі больш за 260 наведнікаў фэстывалю. Стывэна шукалі некалькі дзён сябры і сваякі, праз 4 дні стала вядома, што хлопец загінуў ад рук тэрарыстаў.

Амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб'ёў пацьвердзіў гібель у Ізраілі трох выхадцаў зь Беларусі, а таксама паведаміў, што адзін грамадзянін Беларусі цяпер лічыцца ў сьпісе зьніклых, ягоны лёс пакуль не вядомы.

Пацярпелыя

Падчас нападу тэрарыстаў быў цяжка паранены ўраджэнец Мазыра, генэрал арміі Ізраілю Раман Гофман. Раненьне вайсковец атрымаў падчас бою з тэрарыстамі ў ізраільскім Сдэроце, цяпер ён у лякарні.

Свабода паразмаўляла з Аляксандрам Фруманам, прадстаўніком Народнай амбасады беларусаў у Ізраілі. Аляксандар служыў разам з Раманам Гофманам.

«Мы служылі разам у войску і былі на адным пункце. Пра стан паведамляюць толькі блізкім, будзем спадзявацца, што ён ідзе на папраўку. Я веру ў якасьць ізраільскай мэдыцыны, якая ня раз ставіла на ногі людзей у цяжкім стане», — кажа Аляксандар.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, у выніку нападу на Ізраіль пацярпелі сама меней трое грамадзян Беларусі: у Ашкелоне параненыя маці і сын, стан жанчыны ацэньваецца як цяжкі, ейны сын атрымаў лёгкія раненьні. Яшчэ адна беларуска пацярпела, калі спускалася ў бамбасховішча. Ёй ужо дапамаглі мэдыкі. Іншыя падрабязнасьці невядомыя.

«Беларусы ня могуць вылецець з Ізраілю, беларускі МЗС адасобіўся»

Паводле прадстаўніка Народнай амбасады беларусаў у Ізраілі Аляксандра Фрумана, цяпер многія беларусы ня могуць вылецець з Ізраілю. Пры гэтым беларускі МЗС адасобіўся ад праблемы.

«Мы атрымалі больш за 10 зваротаў ад беларусаў з просьбай аб эвакуацыі, амбасада Лукашэнкі ім сказала, маўляў, аэрапорт працуе, вылятайце самі. А цэны пякельныя, бо многія турысты спрабуюць выехаць, выяжджаюць неграмадзяне Ізраілю. Усе лоўкосты адмянілі свае палёты, таму квіткі вырасьлі ў цане ў некалькі разоў. Мы прапрацоўваем розныя варыянты, каб знайсьці квіткі беларусам на эвакуацыйныя рэйсы іншых краін, бо Польшча такія рэйсы мае, Данія мае. Зразумела, для іх найперш свае грамадзяне ў прыярытэце, але мы спрабуем знайсьці месцы. Фактычна замяшчаем амбасаду Лукашэнкі, якая проста кінула сваіх грамадзян», — кажа Аляксандар.

Зараз у Ізраілі знаходзіцца блогерка Аляксандра Ханевіч, якраз ёй ужо ўдалося знайсьці квіток назад у Беласток пры дапамозе асацыяцыі беларусаў Амэрыкі і фонду I Need Help BY.

Фруман зазначае, што пацярпелых ураджэнцаў Беларусі можа быць болей. Бо загінулі больш за 1300 чалавек, а ў Ізраілі «прыкладна кожны пяты — выхадзец з былога СССР».

«Загінулыя — гэта найперш грамадзяне Ізраілю, пра беларускіх грамадзян мы нічога ня чулі. Пра ўраджэнцаў цяжка даведвацца, бо яны даўно прыехалі, межы сьціраюцца. Калі паведамляюць пра загінулых, пра іх паведамляюць як пра грамадзян Ізраілю. Звычайна ў Ізраілі вельмі падрабязна паведамляюць пра тых, хто загінуў. Але цяпер іх 1300, вайна ідзе, таму на гэтым няма акцэнту. Таго, што адбылося, нельга ўявіць нават у страшным сьне, таму інфармацыю пра людзей шукаць вельмі цяжка», — кажа Аляксандар.

Аляксандар Фруман
Аляксандар Фруман

На поўдні Ізраілю знаходзіцца небясьпечна і цяпер, працягвае суразмоўца. З гарадоў, што суседзяць з сэктарам Газа, людзі выяжджаюць.

«Час прылёту ракеты з сэктару Газа вельмі малы. Я, калі прыехаў у Ашкелон, проста не пазнаў яго: квітнеючы горад ператварыўся ў прывід. Такой колькасьці абстрэлаў ніколі не было. Я сваю цешчу вывез з Ашкелону. Аднак на тэрыторыі Ізраілю вайскоўцы ўзялі пад кантроль ужо ўсе пункты, цяпер бяруць пад кантроль мяжу і рыхтуюцца да наземнай апэрацыі. Калі раней былі вайсковыя дзеяньні супраць камандзіраў ХАМАС, то зараз усё, што мае дачыненьне да ХАМАС, будзе зьнішчана. Усе правыя, левыя, людзі ўсіх палітычных поглядаў аб’ядналіся, каб захаваць нацыю. У войска за 48 гадзін набралі 300 тысяч чалавек. Я сам хачу туды трапіць, але няма месцаў. На адно месца 1,5 рэзэрвіста, заторы стаяць, каб на вайну ехаць», — расказвае Аляксандар Фруман.

У Ізраілі праз вайну паўстаў моцны валянтэрскі рух, людзі закупляюць прадукты і рэчы для войска.

«Проста ў гіпэрмаркеце бачыш у калясках адны і тыя ж прадукты, якія людзі вязуць вайскоўцам. Усе кансалідаваліся і хочуць дапамагчы. У мяне каля дома суседзі паставілі вялікую скрынку з надпісам „Вайскоўцам Ізраілю“, дзе зьбіраюць рэчы. Людзі едуць на машынах на мяжу зоны баявых дзеяньняў і падвозяць туды рэчы і харч для вайскоўцаў», — расказвае Аляксандар Фруман.

З гарадоў і кібуцаў (сельскія грамады. — РС) на памежжы з сэктарам Газа эвакуаваліся каля 8 тысяч чалавек, ім таксама дапамагаюць уладкавацца.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG