Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцякаў ад КДБ, а трапіў на вайну. Гісторыя гамельчука, які валянтэрыць у Ізраілі


Наступствы ракетнага абстрэлу з сэктару Газа. Дом у Тэль-Авіве, 8 кастрычніка 2023. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы ракетнага абстрэлу з сэктару Газа. Дом у Тэль-Авіве, 8 кастрычніка 2023. Ілюстрацыйнае фота

Алег Барадзін адседзеў у Беларусі 15 дзён арышту і эміграваў пасьля завядзеньня крымінальнай справы. Даведаліся, як ён дапамагае людзям пасьля пачатку вайны.

29 сакавіка 2022 году Алега Барадзіна затрымалі супрацоўнікі КДБ. Падставай стала тое, што Алег сфатаграфаваў двух расейскіх салдатаў у Гомлі, якія ішлі нападпітку і несьлі пакеты з алькаголем і ежай, расказвае мужчына. Нібыта такім чынам ён зганьбіў «гонар і годнасьць» расейскага войска.

Алег Барадзін у Ізраілі
Алег Барадзін у Ізраілі

Пазьней Алега ўжо ГУБАЗІК абвінаваціў у падпісцы на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Жыхар Гомля атрымаў 15 дзён арышту і трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня.

Пасьля «сутак» Алега выпусьцілі, але на яго завялі крымінальную справу. Мужчына прыняў рашэньне выехаць у Маскву, адкуль паляцеў спачатку ў Ерэван і далей у Тбілісі.

«У нас у Беларусі была свая мэблевая фірма. І вось у Грузіі я праз чатыры месяцы пасьля ўладкаваньня стаў выканаўчым дырэктарам мэблевага прадпрыемства. І можна было жыць у Грузіі, бо і грошай хапала, і нейкія сувязі зьявіліся, але там вельмі прарасейскі рэжым. Таксама я ня мог там адкрыць банкаўскі рахунак, які патрэбен для атрыманьня часовага дазволу на жыхарства».

Таксама ў Тбілісі Алег стварыў беларускую друкарню «Альба», дзе выходзілі плякаты і паштоўкі на беларускую і антываенную тэматыку, сувэніры і рэчы. З сакавіка 2023 году Алег Барадзін з жонкай і дзецьмі пачалі жыць у Ізраілі. Тут Алег пайшоў у прыватную кампанію цесьляром. Мужчына працягваў у Ізраілі рабіць цацкі і сувэніры з дрэва.

«У сваё першае ў жыцьці бамбасховішча я трапіў праз два месяцы пасьля пераезду. Прыйшлося бегаць, але ня так шмат, як цяпер. І вось праз восем месяцаў тут зноў незразумела, што адбываецца, навошта гэта ўвогуле рабіць».

«Здаецца, чатыры дні прайшло, але яны як паўжыцьця адразу»

Вайну Алег зь сям’ёй сустрэлі а 7-й раніцы.

«Мы пабеглі ў бамбасховішча, адседзелі там да паўдня. І з гэтага ўсё пачалося. З суседам-паліцыянтам адчынялі бамбасховішчы па ўсім горадзе. Бо грамадзкія бамбасховішчы — з цэнтральным замком, які адчыняецца аўтаматычна, як толькі сырэна спрацоўвае. А тыя, што ў падвалах, яны ўсе пад звычайны ключ. І вось трэба было езьдзіць і ўсе іх адмыкаць перад другой хваляй атак».

Пашкоджаньні пасьля абстрэлу
Пашкоджаньні пасьля абстрэлу

Далей муніцыпалітэт гораду Кір’ят-Гат, дзе жыве Алег, заявіў, што патрэбныя валянтэры зьбіраць дапамогу ад насельніцтва жаўнерам ЦАХАЛ (Армія абароны Ізраілю).

«Трэба ўсё сартаваць па скрынках, пакаваць па машынах, а калі ёсьць жаданьне і магчымасьць, то хтосьці яшчэ і вязе гэта на далёкія франты. Пачалося ўсё з сартаваньня, потым выклікалі на прыбіраньне бомбаў. Таксама працаваў у іншых гарадах, там трэба было ад валянтэраў зьбіраць усё, везьці гэта на цэнтральны склад, адкуль усё перапакоўваецца ў мінівэны і разьяжджаецца далей».

Алег кажа, што валянтэры працуюць да 10-12 гадзіны вечара, а бывае, і да позьняй ночы.

«Нас развозіць валянтэрскі аўтобус па дамах. Потым а 5-й раніцы трэба ўставаць, ехаць на працу, і так кожны дзень. Тут, здаецца, 4 дні прайшло, але яны як паўжыцьця адразу».

Увесь поўдзень Ізраілю цяпер пад аранжавай зонай, кажа Алег. Ёсьць абмежаваньні па перамяшчэньні групамі, шмат хто не працуе.

«Людзі жывуць, як і жылі. Учора, напрыклад, я быў на мантажы ў горадзе Герцлія і Тэль-Авіве, і там усё рухаецца, кавярні працуюць, людзі сядзяць адпачываюць. Толькі вось на пляжы нікога няма, там забаронена знаходзіцца, бо побач няма ні стацыянарнага, ні мабільнага бамбасховішча».

Збор дапамогі ад насельніцтва жаўнерам ЦАХАЛ
Збор дапамогі ад насельніцтва жаўнерам ЦАХАЛ

У прадуктовых крамах шмат пустых паліц, але не ад нястачы, кажа Алег.

«Проста не пасьпяваюць супрацоўнікі раскладаць тавары. Здаецца, і горад маленькі, 50 тысяч, а ўсё адно разьбіраюць усё. І паніка ёсьць, бо ёсьць рэжым, што павінен быць поўны камплект ежы і вады на тры дні. Таму людзі закупляюцца. Улічваючы, што тут шмат дзяцей у сем’ях, чатыры-шэсьць, каб такую колькасьць пракарміць, шмат і купляюць».

Ёсьць і пэўны кантроль на выдачу малака і курыных яек, кажа гамяльчук.

«Ня больш за два латкі яек і тры літры малака на аднаго чалавека за адзін раз. Вядома, можна потым яшчэ раз прыйсьці, зноў купіць, але каб за адзін раз на касе не было больш за дазволенае».

«На другі месяц жыцьця — вайна»

Па словах суразмоўцы, у Ізраілі зараз спыніліся будоўлі і ўзьніклі праблемы з грамадзкім транспартам, бо частку кіроўцаў забралі ў армію — працаваць на цяжкавіках.

«70% будаўнікоў — гэта арабы. Таму будоўлі рэзка спыніліся. Недзе 30% кіроўцаў грамадзкага транспарту — таксама арабы. І як толькі вайна пачалася, яны пайшлі ў адпачынак — не па сваім жаданьні, а таму што баяліся, што будзе разьня. Бо людзі бачылі, як тут зьдзекаваліся зь дзяцей малых, як адразалі галовы. Тут народ у шоку, яму толькі дайце нейкага араба».

Збор дапамогі ад насельніцтва жаўнерам ЦАХАЛ
Збор дапамогі ад насельніцтва жаўнерам ЦАХАЛ

Зараз Алег дапісвае кнігу, якую пачаў у Грузіі, пра тое, што зь ім адбывалася за гэты час.

«Сям’і цяжка. Колькі і так жонка перажыла, пакуль мяне за кратамі трымалі, потым я паехаў, „згубіўся“ ў Грузіі. Мы баяліся тэлефанаваць адно адному, бо тэлефоны ўсе праслухоўваліся, стараліся празь іншых людзей зьвязвацца і рэдка. І вось усё гэта перанеслася сюды. Здавалася, трэба было б неяк расслабіцца, наладжваць жыцьцё ў эміграцыі, а ніяк. На другі месяц жыцьця тут вайна пачалася, а праз восем месяцаў увогуле поўны цырк шапіто».

Самі ізраільцяне вяртаюцца да сябе ў краіну, зваротныя рэйсы поўныя, людзі ідуць запісвацца рэзэрвістамі, кажа Алег.

«Я думаю, што актыўная фаза вайны скончыцца праз пару тыдняў у лепшым выпадку, можа і раней. Бо тут, па сутнасьці, усё, што было можна зрабіць, усё зрабілі. Тут усе за тое, каб даводзіць сытуацыю да лягічнага канца настолькі, наколькі можна. Бо ўся краіна нагледзелася відэа разьні, дзе дэталёва паказаныя адрэзаныя галовы, некалькі дамоў было, дзе дзяцей спальвалі жыўцом. Таму ў людзей няма панікі, але ёсьць вялізная, вельмі моцная злосьць».

Збор дапамогі ад насельніцтва жаўнерам ЦАХАЛ
Збор дапамогі ад насельніцтва жаўнерам ЦАХАЛ

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG