Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разглядае пазоў аб ліквідацыі «Справядлівага сьвету» — апошняй дэмакратычнай партыі Беларусі


На зьезьдзе Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», у цэнтры яе лідэр Сяргей Калякін. Архіўнае фота
На зьезьдзе Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», у цэнтры яе лідэр Сяргей Калякін. Архіўнае фота

Вярхоўны суд 29 верасьня разглядае пазоў аб ліквідацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» — апошняй дэмакратычнай палітычнай сілы, якая мае рэгістрацыю.

Згодна з раскладам на партале электроннага судаводзтва, судзьдзя Андрэй Алешчанка пачаў ініцыяваны Міністэрствам юстыцыі працэс у 11:00, піша Bpn-info.online.

2 чэрвеня партыя падала дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сябраў — зь меркаваньняў бясьпекі, 30 чэрвеня Мін'юст ёй у гэтым адмовіў.

Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін расказваў, што рашэньне аб адмове ў яе перарэгістрацыі згодна з новым законам было прынятае 30 ліпеня «на вядомых падставах: недахоп структур, няма неабходнай колькасьці сяброў партыі, якая патрабуецца паводле новага заканадаўства».

У верасьні Сяргей Калякін накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на адмову ў перарэгістрацыі партыі, у якой просіць суд абавязаць Міністэрства юстыцыі перарэгістраваць Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет» і паставіць перад Канстытуцыйным судом пытаньне аб праверцы канстытуцыйнасьці закону Рэспублікі Беларусь «Аб унясеньні зьмяненьняў у законы аб дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў». 26 верасьня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць «Справядлівы сьвет».


Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» у апазыцыі да Лукашэнкі

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» заснаваная ў 1991 годзе, да 2009 году яна называлася «Партыя камуністаў Беларуская» (ПКБ). У 1996 годзе частка яе сяброў, якія падтрымлівалі Лукашэнку, аддзялілася і ўтварыла праўладную Камуністычную партыю. Партыя ж «Справядлівы сьвет» — апазыцыйная. Таксама яна ўваходзіць у склад Партыі эўрапейскіх левых.

Старшыня партыі, 71-гадовы Сяргей Калякін, спрабаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў у Беларусі, аднак ва ўсіх выпадках ня стаў кандыдатам.

Раней усе апазыцыйныя партыі Беларусі былі закрытыя ўладамі.

20 верасьня Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

  • У канцы 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і зьнешняй палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сілаў і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
  • Пасьля гэтага ўлетку і на пачатку восені ў Беларусі зьліквідавалі 9 апазыцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структураў: Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскую партыю, Сацыяльную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю.
  • Перарэгістравалі толькі праўладныя Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».
  • 4 верасьня стала вядома, што ў працэсе самаліквідацыі знаходзіцца Беларуская аграрная партыя.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG