Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Корбут: «У Польшчы, ЭЗ, увогуле ў сьвеце мой збор для архіву-музэю беларускай незалежнасьці ня мае аналягаў»


Віктар Корбут
Віктар Корбут

Пра намер стварыць у Варшаве архіў-музэй беларускай незалежнасьці і нацыянальнага руху XX–XXI стагодзьдзяў абвясьціў нядаўна журналіст, мовазнавец, гісторык Віктар Корбут. Свабода пагаварыла зь ім пра магчымасьці і спосабы ўвасабленьня гэтай ідэі.

«Беларуская Беларусь — гэта ўсё ж ня казка»

— Калі вы пачалі зьбіраць дакумэнты і рэчы, зьвязаныя зь беларускім нацыянальным рухам XX–XXI стагодзьдзя? Што было самым першым у вашым асабістым зборы?

— У 1994 годзе ў менскай краме «Школьнік», што знаходзілася побач з Галоўпаштамтам, я, тады гімназіст, купіў дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь — бела-чырвона-белы; побач, на паштамце — маркі, капэрты з гербам «Пагоня» і сьцягам; недалёка, у Цэнтральнай кнігарні на праспэкце Францішка Скарыны — кнігі з нацыянальнай сымболікай, выдадзеныя ў той час у дзяржаўных выдавецтвах.

У 1995 годзе, калі ўжо адбыўся травеньскі рэфэрэндум, я, жывучы ў самым цэнтры Менску, хадзіў па вуліцы Карла Маркса, па праспэкце Францішка Скарыны, пазіраў на будынак Адміністрацыі Прэзыдэнта, Дом ураду, на тое, як іх упрыгожваюць бела-чырвона-белыя сьцягі і «Пагоня», і хваляваўся: няўжо ж іх здымуць, заменяць? Як так?! І вось у адну раніцу, калі я выйшаў са свайго дому на вуліцы Беларускай, адкуль, са сьвіслацкай нізіны, адкрываўся від на пагорак, дзе стаіць будынак на вуліцы Карла Маркса, 38, я ўбачыў над ім чырвона-зялёны сьцяг. Гэта было — як страшны сон. Я пайшоў на плошчу Незалежнасьці, і там, над Домам ураду, яшчэ лунала бела-чырвона-белае палотнішча...

І вось гэтае каштоўнае страчанае — нашы сымбалі — на самой справе не зусім страчанае. Нашы сымбалі ёсьць у сховішчах многіх дзяржаўных архіваў і музэяў Беларусі. Яны ёсьць, як кажуць, на руках у насельніцтва. Аднак хто іх, схаваныя, бачыць?

Я лічу задачай сабраць як мага больш гэтых артэфактаў. Але не для сябе. Мяне цешыць думка, што гэта можа неяк паспрыяць разуменьню тых беларусаў, якія пабачаць гэтыя рарытэты ў маёй калекцыі, на выставах, якія я мог бы арганізаваць, падчас лекцый, якія я мог бы прачытаць, што хай сабе і недасканалая, але беларуская Беларусь — гэта ўсё ж ня казка. Яна была. А каб яна адрадзілася, трэба ўяўляць, якой яна павінна быць, і — ісьці да яе.
ххх

Я з павагай стаўлюся да ўсіх пэрыядаў гісторыі Беларусі, аднак трэба прызнаць, што ідэя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці дасягнула кульмінацыі ў 1991–1995 гады: зь дзяржаўнай беларускай мовай і дзяржаўнымі беларускімі гербам і сьцягам. Вось ён, той пункт, зь якога трэба ісьці наперад. Прынамсі, адтуль пачаўся мой шлях.

І нават тыя, для каго гісторыя Беларусі пачалася з 2020-га, павінны ўсё ж ведаць, што «б-ч-б» — гэта ня сымбаль пратэстаў ці Ціханоўскай, ці нейкая эмблема руху супраць Лукашэнкі ці калябарантаў часоў Другой сусьветнай вайны. Для мяне гэта дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гады і беларускі нацыянальны сьцяг з 1917 году, калі ён быў упершыню ўзьняты дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў Менску, а затым стаў сымбалем Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхаславаччыне, Нямеччыне і іншых краінах, куды змушаныя былі зьехаць дзеячы БНР.

— А які артэфакт цяпер лічыце самым каштоўным па гістарычна-навуковай значнасьці?

— Кожны артэфакт, створаны на беларускай мове, упрыгожаны бела-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня», — гэта сьвятыня. Бадай, самая вялікая сьвятыня — гэта сьцяг, куплены ў краме «Школьнік», а самая маленькая — марка з «Пагоняй», выдадзеная ў 1992-м ці ў 1994-м.

«Самая галоўная складанасьць — гэта лягістыка»

— Як вам удалося пераправіць менскія калекцыі ў Варшаву?

— Самая галоўная складанасьць — гэта лягістыка. Цяпер пераслаць нешта складаней і даўжэй, чым да пандэміі і тым больш да 2020-га. І заплаціць няпроста — з прычыны санкцыяў і вялікіх працэнтаў банкаў. Фактычна артэфакт знайсьці лёгка: месцы я ведаю і адкрываю ўвесь час новыя. Інтэрнэт — вось дзе залежы. Але каштуе заўсёды цікавая рэч ня танна. Нават калі гэта 5–10 эўра, а не 50–100, то даводзіцца даплачваць за паштовыя паслугі, банкаўскі працэнт за грашовы перавод, за транспартаваньне ў Варшаву. Усё гэта абмяжоўвае мае магчымасьці па набыцьці большай колькасьці прадметаў. Бо трачу я на гэта выключна ўласныя сродкі — тое, што ўдаецца зэканоміць. Карацей, аб’ёмы назапашваньня рарытэтаў наўпрост прапарцыйныя заробку і тратам на жыцьцё.

«Што толку ўсё гэта зьбіраць, калі яно не працуе на ўзгадаваньне сьвядомых беларусаў?»

— Нядаўна вы агучылі ідэю стварэньня Беларускага архіву-музэю ў Варшаве. Як узьнікла такая ідэя?

— Як у свой час Ян Луцкевіч, які зьбіраў у Вільні калекцыю беларускіх старажытнасьцей, я задумаўся аб пераўтварэньні майго прыватнага збору ў архіў-музэй для ўсяго грамадзтва.

Я разважаю цяпер так: што толку ўсё гэта зьбіраць, калі яно не працуе на ўзгадаваньне сьвядомых беларусаў? Мне ня трэба самога сябе ў чымсьці пераконваць і адкрываць гісторыю 1991–1995 гадоў. Я ўсё гэта добра ведаю і памятаю. Цяпер, маючы дакумэнтальныя матэрыялы, я магу ня толькі пра гэта расказаць іншым, але і паказаць. Прычым адразу скажу, што лічу старую добрую форму музэйнай работы сам-насам з наведвальнікам па-ранейшаму самай эфэктыўнай. Так, цяпер усё пераходзіць у онлайн. Але зусім інакш усё гэта ўспрымаецца і адчуваецца, калі дакранаесься ня проста да звычайнага бела-чырвона-белага сьцяга ці паперкі з «Пагоняй», а да дзяржаўных сьцяга і герба Рэспублікі Беларусь. Той Рэспублікі Беларусь, якая дагэтуль існуе на карце, але зусім ня тая, што «раньш была».

«Архіў-музэй — гэта месца сілы, храм гісторыі»

— А як вы зьбіраецеся ажыцьцявіць задуманае?

— Усё проста, здаецца... Патрэбна асобнае памяшканьне, дзе можна было б частку калекцыі, бібліятэкі захоўваць у шафах, як і ў любым архіве і музэі, і адначасова экспанаваць у вітрынах, на сьценах, мяняць экспазыцыю, прымаць наведнікаў, арганізоўваць тэматычныя сустрэчы. Такое памяшканьне ўрэшце можа стаць месцам для працы вучоных, якія дасьледуюць або жадаюць дасьледаваць гісторыю Беларусі 1991–1995 гадоў, але ня маюць доступу да менскіх ці горадзенскіх сховішчаў. Дый нават калі маюць, то ў ніводным зь іх няма сабраных разам паводле тэматычнага і храналягічнага прынцыпу тых матэрыялаў, якія маю я. А ў мяне ўсё як на далоні: беларуская Беларусь 1991–1995 гадоў.

У сувязі з гэтым я думаю, ці не назваць гэты архіў-музэй Bielaruščyna: тою беларускаю лацінкаю, якую сёлета ў Беларусі пазбавілі статусу законнай, аб’явілі «польскаю», хаця ў тым і парадокс, што яна ні разу ня польская. Польская была на пачатку ХХ стагодзьдзя: тады напісалі б Biełaruszczyna (па-польску Białoruszczyzna). І вось так, як антыбеларускія прамаскоўскія прапагандысты хлусяць пра беларускую мову, так яны хлусяць і пра ўсё беларускае ўвогуле, іншымі словамі, пра беларушчыну. А ў маёй калекцыі адлюстравана праўда пра краіну, мову, народ.

Для пераўтварэньня ж прыватнага праекту ў грамадзкі патрэбная супольная дапамога. Перш за ўсё фінансавая падтрымка. Прычым ня нейкія сотні тысячаў і мільёны. На самой справе ўсё досыць танна: трэба штодня маніторыць зьяўленьне прадметаў у інтэрнэце, купляць, аплачваць і дастаўляць іх у Варшаву. Былі б сродкі на ўсё, што ёсьць у наяўнасьці ў прадаўцоў.

Зрэшты, я ўжо даўно, паралельна са зборам арыгінальных дакумэнтаў, капіюю тое, што не пад сілу набыць, у свой кампутар са старонак у інтэрнэце. Мая мара — выдаць альбом па гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сымболікі, прычым пачынаючы з пачатку ХХ стагодзьдзя. І, думаю, калі б гэты альбом выйшаў, а потым рэгулярна перавыдаваўся, папаўняючыся выявамі набытых для Беларускага музэю-архіву ў Варшаве прадметаў, з імёнамі спонсараў і дарыльшчыкаў артэфактаў, гэта было б і найлепшым спосабам папулярызацыі гістарычнай нацыянальнай дзяржаўнай сымболікі Беларусі, і справаздачай аб маёй дзейнасьці і ўкладзе ў праект грамадзкасьці. Таму перш за ўсё я стаўлю мэтай папаўненьне калекцыі, а затым публікацыю. Ну, а архіў-музэй — гэта месца сілы, храм Гісторыі, дзе да артэфактаў можна дакрануцца.

— У выпадку пасьпяховага вырашэньня ўсіх няпростых арганізацыйных і фінансавых пытаньняў, зьвязаных са стварэньнем Беларускага музэю-архіву ў Варшаве, што складзе аснову ягонай экспазыцыі?

— Калі сыстэматызаваць калекцыю, то ў ёй можна вылучыць наступныя разьдзелы:

  • кнігі (у тым ліку па гісторыі, уключаючы бела-чырвона-белыя падручнікі — калі хто помніць, былі з гэткімі вокладкамі);
  • часопісы («Роднае слова», «Беларуская мінуўшчына» і інш.);
  • афіцыйныя выданьні Вярхоўнага Савету, іншыя заканадаўчыя акты, розныя ведамасныя выданьні;
  • газэты зь дзяржаўнай сымболікай у шапках («Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка», «Свабода» і інш.);
  • дзяржаўны сьцяг у розных формах (для вывешваньня на вуліцы, настольны — для афіцыйных перамоваў);
  • вайсковая форма і яе элемэнты (нашыўкі, гузікі, кукарды і інш.);
  • этыкеткі (піўныя, гарэлачныя);
  • маркі, паштоўкі (як выданьні «Белпошты», так і малавядомыя і малатыражныя ведамасныя: міністэрстваў і ведамстваў), капэрты, каляндарыкі;
  • фінансавыя дакумэнты: грашовыя знакі, лятарэі, прыватызацыйныя чэкі;
  • фотаматэрыялы (напрыклад, фота шыльды з гербам «Пагоня» на будынку Акадэміі фізычнага выхаваньня і спорту Рэспублікі Беларусь, якая вісела яшчэ ў 1998-м);
  • працоўныя і ашчадныя кніжкі, пасьведчаньні: пэнсійныя, рэдакцый выданьняў, супрацоўнікаў міністэрстваў і ведамстваў, да ўзнагарод і іншых адзначэньняў і г. д.;
  • узнагароды: мэдалі, значкі;
  • пасьведчаньні і атэстаты аб атрыманьні адукацыі;
  • пасьведчаньні аб нараджэньні, аб шлюбе і яго скасаваньні, аб сьмерці;
  • пашпарты: савецкія зь пячаткамі МЗС і МУС з гербам «Пагоня», якія сьведчылі, што гэта дакумэнты грамадзян Рэспублікі Беларусь; на жаль, у калекцыі пакуль няма ўласна беларускіх пашпартоў з гербам «Пагоня», што зьвязана як зь іх рэдкасьцю, так і з цаной, калі зьяўляецца прапанова набыць;
  • іншыя дакумэнты: падзякі, граматы, дыплёмы, папкі;
  • лістоўкі і іншая інфармацыйная прадукцыя;
  • блянкі дзяржаўных і прыватных устаноў: Вярхоўнага Савету, выканкамаў Саветаў народных дэпутатаў розных узроўняў, міністэрстваў (напрыклад, Міністэрства культуры і друку з подпісам яго кіраўніка Анатоля Бутэвіча) і дзяржкамітэтаў пры Саўміне (Кабміне) (напрыклад, камітэту па сацабароне ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў з подпісам яго старшыні Мікалая Чаргінца — дакумэнт 1993 году на расейскай мове, але на беларуска-расейскім блянку — да старшыні праўленьня Беларускага фонду культуры Івана Чыгрынава);
  • дамовы (завераныя натарыюсамі на беларускай мове), ліцэнзіі, дазволы на розныя віды дзейнасьці, дакумэнты падатковых інспэкцый (цікава, што на блянках і пячатках сустракаюцца дзьве формы: літаратурная «падатковая» і размоўная «падаткавая»);
  • і іншае.

Трэба адзначыць, што пэўная частка гэтых дакумэнтаў адлюстроўвае пераходны характар пэрыяду 1991–1995 гадоў. Так, на віншавальнай паштоўцы Ўзброеных сіл адлюстраваны Курган славы Савецкай Арміі пад Менскам, аплецены бела-чырвона-белай стужкай. Або — ганаровая грамата Акадэміі навук, выдадзеная 9 траўня 1995 году вэтэрану Вялікай Айчыннай вайны з выявай савецкага ордэна Айчыннай вайны і побач — пячатка зь дзяржаўным гербам «Пагоня».

Шэраг дакумэнтаў, у тым ліку шапкі блянкаў, розныя статуты, афіцыйныя пісьмы, судовыя і паштовыя паперы, аформленыя, запоўненыя на расейскай, а не на дзяржаўнай беларускай мове, што супярэчыць тэзісу пра тое, што быццам бы расейская мова ў той час дыскрымінавалася (зрэшты, яна мела статус мовы міжнацыянальных зносін — вельмі высокі).

І што яшчэ цікава: дакумэнтацыя з сымболікай 1991–1995 гадоў яшчэ доўгі час функцыянавала і пасьля 1995-га: блянкі, пячаткі.

— Ці можаце хаця б прыкладна назваць колькасьць магчымых экспанатаў будучага музэю?

— Я не лічыў, але на вока гэта тысячы рарытэтаў. Пад рарытэтам я маю на ўвазе прадмет, якога няма ў свабодным доступе. І калі нешта з маёй калекцыі можна адшукаць у Беларусі (дакумэнты, кнігі ў дзяржсховішчах або ў прыватных асобаў, дый тое калі мець да іх доступ, а зь іх боку дазвол і давер, што таксама няпроста), то ў Польшчы, ЭЗ, увогуле ў сьвеце па-за Беларусьсю мой збор ня мае аналягаў. Прынамсі, я ня ведаю нікога, хто вядзе такую сыстэматычную зьбіральніцкую работу. Зрэшты, каб яе весьці, трэба мець і жаданьне, і натхненьне, і вопыт, і веды. Гэта таксама адразу не даецца, а прыходзіць з часам, у выніку плянамернай дзейнасьці.

«Калі буду ўпэўнены, што працэс нацыянальнага адраджэньня стаў на цьвёрды грунт, то першы ж ініцыюю перадачу маёй калекцыі ў Рэспубліку Беларусь»

— Па адукацыі вы музэязнавец. Як адмысловец у гэтай справе ці вырашылі вы ўжо, які статус найбольш прыймальны для будучага музэю? Дзяржаўны? Грамадзкі? Прыватны? І хто будзе ў ім працаваць? Іншымі словамі, ці ёсьць у вас каманда аднадумцаў?

— Пакуль што гэта прыватны музэй, і я ад гэтага прынцыпу пры сваім жыцьці не зьбіраюся адыходзіць. Я яго заснаваў, я яго разьвіваю, і я адказваю за яго перад грамадзтвам, калі яно мяне падтрымае. Так, як гэта рабіў Ян Луцкевіч. А пасьля ягонай сьмерці музэй стаў часткай Беларускага навуковага таварыства ў Вільні, цяпер жа падзелены паміж навуковымі ўстановамі Літвы і Беларусі. Аднак калекцыя захавалася, мы можам паехаць у Вільню і там карыстацца Луцкевічавымі зборамі абсалютна свабодна.

Што да маёй калекцыі, то я ўсьведамляю, што рана ці позна маё жыцьцё спыніцца. Але не павінна спыніцца жыцьцё сабраных прадметаў. Паколькі яны так ці інакш паходзяць зь Беларусі, то ў будучыні, калі беларусы нарэшце створаць беларускую нацыянальную дзяржаву, то тады, калі я буду яшчэ жывы і калі буду ўпэўнены, што працэс нацыянальнага адраджэньня стаў на цьвёрды грунт, то першы ж ініцыюю перадачу маёй калекцыі ці часткі яе (бо ў працэсе зьбіраньня адкладаюцца дублеты) у Рэспубліку Беларусь. Яе можа прыняць Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь і іншыя ўстановы, дзе працуюць прафэсіяналы, якія ведаюць архіўна-музэйную справу.

Дарэчы, перад ад’ездам у 2016 годзе ў Польшчу частку сваёй калекцыі я перадаў у Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальную бібліятэку Беларусі, а таксама ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва.

Але могуць быць і іншыя варыянты. У Польшчы я б перадаў калекцыю ў дзяржаўны архіў, але не сказаў бы, што ў Польшчы існуе нейкая цікавасьць да зьбіраньня і захаваньня прадметаў беларускай тэматыкі. На жаль, як ні дзіўна. Зрэшты, гэта таксама адна з прычын, чаму я зьбіраю беларускія матэрыялы тут, у Варшаве. Хтосьці ж мусіць...

У Эўрапейскім Зьвязе, Польшчы, Варшаве жывуць тысячы беларусаў. Спадзяюся, ім патрэбная беларуская спадчына. І я гатовы дзяліцца зь землякамі сабраным мною духоўным багацьцем.

«Буду рады супрацоўніцтву з добрымі людзьмі»

— Музэю патрэбна памяшканьне, адмысловае абсталяваньне, мікраклімат, супрацоўнікі, шмат яшчэ чаго, што вымагае значных фінансавых укладаньняў. Ці можаце назваць магчымых дабрадзеяў і фундатараў?

— На сёньняшні дзень я маю плян-мінімум. Патрэбныя сродкі на закупку тых артэфактаў, якія мне аднаму не пад сілу (г. зн. кошт якіх пачынаецца ад 10 і больш эўра). І варта было б іх разьмясьціць у нейкім невялічкім памяшканьні, каб я мог адчыніць кунсткамэру для наведнікаў: паказаць, расказаць... А далей усё залежыць ад таго, як ацэніць гэты праект грамадзтва, а таксама польская дзяржава. Я ўсё ж спадзяюся, што ў Польшчы знойдуцца мудрыя людзі, якія падтрымаюць маю навукова-дасьледчыцкую работу.

Я не аптыміст, прызнаюся. Але рук не апускаю. Пачатага не спыню. А вось дабрадзеі і спонсары няхай думаюць: ці даражэйшыя ім вечныя каштоўнасьці за чарговы новы аўтамабіль, гадзіньнік ці бутэльку дарагога віна. Аднымі кіруе спажывецкая псыхалёгія і сквапнасьць ды зайздрасьць, а іншымі — жаданьне зрабіць нешта для паляпшэньня гэтага сьвету ды каб душою стаць чысьцей і ня страціць сьвятое штосьці. Для мяне гэтае сьвятое — беларушчына: мова, герб і сьцяг.

А для вас? Вось няхай кожны чытач, патэнцыйны дабрадзей, і адкажа сабе на гэтае пытаньне.

І да сустрэчы ў Беларускім архіве-музэі ў Варшаве. Сардэчна запрашаю! І буду рады супрацоўніцтву з добрымі людзьмі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG