Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатарка тыдня беларускай культуры ў Вільні Людвіка Кардзіс: «Мы ўсе марым пра вольную Беларусь, але ўяўляем сабе розныя краіны»


Людвіка Кардзіс.
Людвіка Кардзіс.

4–10 верасьня ў Вільні пройдзе Тыдзень беларускай культуры. Свабода пагаварыла пра гэта і ня толькі з кіраўніцай Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча і актывісткай Цэнтру беларускай культуры і супольнасьці Людвікай Кардзіс.

«Мне пашанцавала пазнаёміцца з тымі, якія засталі міжваенную беларускую Вільню»

— Мой беларускі шлях пачаўся зь першых дзён на сьвеце, бо я нарадзілася ў беларускамоўнай сям’і: беларуская — мая родная мова, — кажа Людвіка Кардзіс. — Але напрыканцы 80-х, пераехаўшы ў Вільню на вучобу, я пазнаёмілася зь мясцовымі беларусамі, і ад гэтага пачаўся новы этап у жыцьці — асэнсаванай, сьвядомай беларускасьці. Мне пашанцавала пазнаёміцца зь беларусамі, якія вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, удзельнічалі ў Беларускім студэнцкім саюзе — тымі, якія засталі міжваенную беларускую Вільню.

«Паводле архівістаў, якія цяпер працуюць з нашай калекцыяй, гэта вельмі вартыя рэчы, часам адзіныя ў сьвеце»

— Калі і чаму вы далучыліся да стваральнікаў Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча?

— Ідэя адраджэньня належала Сержуку Вітушку, майму сьветлай памяці мужу. Ён гэтую ідэю доўга абдумваў, і я яго падтрымоўвала, бо мы бачылі, што беларускія рэчы, якія захоўваліся ў старых віленчукоў, не заўжды былі патрэбныя іх нашчадкам. Мы бачылі, як каштоўная беларуская спадчына гублялася на сьметніках ці спальвалася, бо людзі ня ведалі, як аб ёй клапаціцца, ды ня мелі каму гэта дэлегаваць.

Ідэя Сержука была менавіта адраджаць музэй з нуля. Старое пакаленьне віленскіх беларусаў думала пра рэпатрыяцыю экспанатаў, пра адраджэньне музэю зь яго першапачатковай калекцыяй, але Сяржук як гісторык ведаў, што такіх выпадкаў у сьвеце не бывае, ці прынамсі ў тыя часы не было, і лічыў, што трэба захоўваць тое зь беларускай спадчыны, што даступна цяпер. Не заўсёды, на жаль, нам хапала сьмеласьці папрасіць нейкія экспанаты, ці не было грошай выкупіць, але тое, што ўдалося зьберагчы, паводле архівістаў, якія цяпер працуюць з нашай калекцыяй, гэта вельмі вартыя рэчы, часам адзіныя ў сьвеце.

«Мы пачалі працаваць не для супольнасьці, а з супольнасьцю»

— Як выглядаюць цяпер, праз два гады пасьля адкрыцьця, мэты, роля і праграмы дзейнасьці Беларускага музэю? Ці скарэктаваў іх масавы прыезд беларусаў у Вільню з радзімы пасьля пратэставага 2020-га?

— Зьмена дэмаграфікі беларусаў у Вільні пасьля 2020 году зьмяніла нашую працу радыкальна. Канечне, мы ўсё яшчэ прыярытызуем клопат над нашай калекцыяй, але за апошнія гады зьявіліся цалкам новыя задачы — падтрымоўваць нашую новую дыяспару. Мы заснавалі праграму нефармальнай адукацыі — Беларускую школку, і цяпер гэта адна з самых вялікіх ініцыятываў нефармальнай адукацыі для беларусаў за межамі радзімы, і самая вялікая ў Літве.

Вельмі дапамагла эмпатыя літоўцаў — у 2021 годзе Віленскае самакіраваньне дало памяшканьне для беларусаў Вільні, і гэтая прастора стварае нам магчымасьць кожны тыдзень мець адукацыйныя праграмы для дзяцей ды дарослых, моўныя курсы, каворкінг, самую вялікую публічную беларускую бібліятэку ў Вільні ды агулам прастору для беларускіх ідэяў, дзе кожны можа прыйсьці ды займацца тым, чым хоча. Мне здаецца, гэта была асноўная зьмена ў нашай працы — мы пачалі працаваць не для супольнасьці, а з супольнасьцю, і навучыліся значна лепш яе чуць, даваць значна больш прасторы для таго, каб чальцы гэтай супольнасьці рабілі тое, што ім цікава, замест таго каб мець нейкія выключна ўласныя мэты й пляны ды сачыць выключна за гэтымі мэтамі.

«Калі раней беларускіх імпрэзаў трэба было чакаць па некалькі месяцаў, то цяпер яны ледзь ня кожны дзень»

— Што ўвогуле зьмянілася ў жыцьці беларускай супольнасьці Літвы пасьля 2020-га?

— Каб сур’ёзна адказаць на гэтае пытаньне, трэба шмат сур’ёзных дасьледаваньняў. Я раскажу пра адно назіраньне, якое не аднойчы чула ад беларусаў, якія жывуць тут даўно: калі раней беларускіх імпрэзаў трэба было чакаць па некалькі месяцаў, то цяпер яны ледзь ня кожны дзень.

«Самае прыгожае для мяне ў сучаснай беларускай Вільні — гэта яе шматкаляровасьць»

— Якія новыя беларускія арганізацыі паўсталі ў Вільні за апошнія тры гады? Колькі іх усяго цяпер? І як складаюцца дачыненьні паміж беларускай дыяспарай і эміграцыяй?

— Вельмі радасна назіраць за тым, як шмат паўстала беларускіх арганізацыяў у Вільні — усе такія розныя, творчыя, энэргічныя. Усіх і не пералічыш! Мне здаецца, беларуская дыяспара даволі часта наведвае імпрэзы эміграцыі, але я ня бачу нічога дрэннага, калі гэтыя дзьве групы ня ёсьць цалкам аб’яднанымі. У кожнай групы свае звычкі, свае патрэбы. Не бывае такіх супольнасьцяў на сьвеце, дзе ўсе аднолькавыя, усе любяць тое самае, усім тое самае патрэбна. Самае прыгожае для мяне ў сучаснай беларускай Вільні — гэта яе шматкаляровасьць, разнастайнасьць.

«Канфлікты — гэта нашая, віленскіх беларусаў, спадчына»

— Даводзілася чуць пра нейкія не зусім, ці дакладней, зусім не прыемныя выпадкі, калі на імпрэзу, арганізаваную адной суполкай, прынцыпова не прыходзяць сябры іншых. Нават калі прыяжджаюць да іх нейкія вельмі паважаныя і таленавітыя аўтары ці творцы. Чым вы можаце патлумачыць такія непаразуменьні?

— Мы ў музэі жартуем, што канфлікты — гэта нашая, віленскіх беларусаў, спадчына. Так яно было і сто год таму, у міжваеннай Вільні, — сварыліся, байкатавалі. Пра дырэктара міжваеннага Віленскага беларускага музэю Антона Луцкевіча нават газэта ёсьць, дзе ўсяляк зь яго кпяць ды крытыкуюць. Таму мяне ня дзівіць, што ў супольнасьці ёсьць канфлікты.

Мы ўсе розныя, і нават нягледзячы на тое, што мы ўсе марым пра вольную Беларусь, мы ўяўляем сабе розныя краіны. Я ня бачу нічога пачварнага ў канфлікце як такім — зноў жа, у кожнай супольнасьці яны ёсьць. Аднаго толькі хацелася б, каб мэтады канфлікту былі больш этычнымі — каб не намагацца ўтапіць іншага ўсімі магчымымі спосабамі. Калі бачу такое, думаю — вы ж гэты час маглі аддаць на працу для Беларусі.

Нарэшце, мушу прызнацца, што не на кожную імпрэзу сама хаджу, нават калі вельмі цікава — проста не хапае часу, ці стома перамагае. Думаю, ня я адна такая, і часам канфлікты больш уяўныя, чым сапраўдныя.

«Шляхецкія звычкі, вайсковая слава, лес беларускіх нячысьцікаў, касьмічная акварэль, вершы, музыка, танцы ды багатая пачостка»

— 4–10 верасьня ваш музэй ладзіць Тыдзень беларускай культуры. Раскажыце, калі ласка, дзе і што там можна будзе пабачыць і пачуць.

— Мы вырашылі прысьвяціць кожны дзень пэўнаму аспэкту беларускай культуры. Вядома, ахапіць усё за адзін тыдзень немагчыма, але мы выбралі тое, што на сёньня падаецца цікавым і актуальным у першую чаргу для нашых сталых наведнікаў (але спадзяёмся, што праграма будзе цікавая і для гасьцей, якія неўзабаве могуць стаць нашымі новымі сябрамі).

Так, панядзелак прысьвечаны беларускай шляхецкай культуры і замкам, аўторак — славутым дзеячам (у тым ліку віленчукам), серада — выяўленчаму мастацтву, чацьвер — літаратуры і кнігам (у прыватнасьці, сучаснай паэзіі), пятніца — музыцы (але мы не абмінем увагай такую важную дату, як 8 верасьня — Дзень беларускай вайсковай славы), субота — кірмаш, нядзеля — сялянская традыцыйная культура (у прыватнасьці, абрад «Багач»).

Робім праграму з разьлікам і на дарослых, і на дзяцей, бо да нас у Цэнтар прыходзіць вялізная колькасьць менавіта сем’яў, працуюць розныя гурткі, а па выходных ладзіцца Беларуская школка.

Будуць самыя розныя майстар-клясы і майстэрні. Напрыклад, майстэрня, падчас якой дзеці і бацькі змогуць сабраць папяровыя мадэлі беларускіх замкаў. Будзе майстар-кляса па такім цікавым фэномэне, як беларускі традыцыйны росьпіс па шкле — «Відзікі». Разам з тым майстар-кляса па сучаснай акварэлі — будзем маляваць «Зорку Вэнэру» ў стылі касьмічнай акварэлі.

Прыедзе шмат цікавых запрошаных гасьцей: Наста Кудасава, Віталь Рыжкоў, Аляксандар Памідораў і іншыя творцы.

У панядзелак усіх ахвочых чакае цікавы аповед пра гісторыю кавы на Беларусі, а таксама дэгустацыя трох старадаўніх рэцэптаў кавы.

У аўторак запрашаем паблукаць на квэсьце па Вільні (хто быў на «Нашаніўскіх легендах», ведаюць, што будзе вельмі цікава).

У сераду запрашаем на творчыя майстар-клясы (дарэчы, яшчэ ёсьць літаральна некалькі вольных месцаў).

У чацьвер, акрамя паэтычнай сустрэчы з Настай Кудасавай і Віталём Рыжковым, у нас будзе вольны мікрафон — кожны і кожная змогуць пачытаць свае паэтычныя і празаічныя творы ці выказацца пра тое, што турбуе.

У пятніцу чакаем гасьцей Цэнтру на караоке (мы ўжо ладзілі яго на Дзень Волі і атрымалі шмат станоўчых водгукаў).

У суботу будзе кірмаш, у якім удзельнічаюць майстры-беларусы, а таксама нашы сябры іншых нацыянальнасьцяў. Будзе шмат handmade вырабаў, кніжны кірмаш, вулічная ежа. Для дзяцей будзе працаваць аквагрым, зладзім таксама гульні. Увечары пачнецца музычная праграма. Будзе хораша!

А ў нядзелю ладзім Багач. Правядзем адпаведны абрад, зладзім супольны абед (гэта ўжо наша добрая традыцыя), будуць майстар-клясы па беларускіх танцах пад дуду, гульні для дзяцей і вясёла-сур’ёзная лятарэя «Багач».

І агулам цягам усяго Тыдня ў нашым Цэнтры будуць дзейнічаць тэматычныя прасторы. Напрыклад, можна сфатаграфавацца на сялянскай фатазоне, схадзіць у Лес беларускіх нячысьцікаў, узгадаць знакавыя беларускія вершы, даведацца пэўныя цікавінкі пра беларускія замкі і шляхецкія гербы.

— Ці заявілі неяк пра сваё жаданьне далучыцца да наладжваньня імпрэзаў тыдня іншыя беларускія арганізацыі і суполкі?

— А гэта мы далучаемся да іншых — Тыдзень беларускай культуры адбываецца па ўсім сьвеце ў ліпені. Але ў гэтым годзе менавіта ў той час у Вільні праходзіў саміт NATO, быў абмежаваны доступ да цэнтру гораду, дзе мы знаходзімся, нерэгулярна хадзіў гарадзкі транспарт — карацей, наладзіць Тыдзень беларускай культуры ў адзін час з усім сьветам не атрымалася. Таму перанесьлі на восень. Арганізуем супольна з самымі рознымі ініцыятывамі. Напрыклад, квэст арганізаваны сумесна з праектам гарадзкіх экскурсій ULegend, а кірмаш ладзім разам з Art-fusion project.

— Што, па-вашаму, можа яшчэ больш згуртаваць віленскіх беларусаў? І якой вы бачыце будучыню сваіх суайчыньнікаў у старажытнай беларускай сталіцы?

— Я прапаную мець рэалістычнае ўяўленьне аб згуртаваньні беларусаў. Мы ўжо згуртаваныя пад ідэяй дэмакратычнае Беларусі, пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам. А далей трэба размаўляць паміж сабою пра тое, якую Беларусь мы ствараем, але мець інтэнцыю пры тым пачуць і зразумець іншага, нават калі ня цалкам зь ім згодныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG