Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі сустрэчы ў Джыдзе падтрымалі цэласнасьць Украіны


Уладзімір Зяленскі ў Джыдзе 19 траўня 2023 году.
Уладзімір Зяленскі ў Джыдзе 19 траўня 2023 году.

Удзельнікі міжнароднай сустрэчы 5–6 жніўня ў горадзе Джыда ў Саудаўскай Арабіі, прысьвечанай прынцыпам мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, выказаліся ў падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў, уключаючы Ўкраіну.

Пра гэты вынік саміту паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы і заходнія СМІ з спасылкай на крыніцы, гэта ж пацьвердзіў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Удзельнікі сустрэчы — прадстаўнікі каля 40 дзяржаваў — не ўзгаднілі якога-небудзь сумеснага дакумэнту. Гэтага, зрэшты, і не чакалася, бо галоўным зьместам сустрэчы быў абмен думкамі, а не выпрацаваньне адзінай пазыцыі.

У падсумоўчай заяве Ермака гаворыцца, што ў Джыдзе прайшлі «вельмі прадуктыўныя кансультацыі аб ключавых прынцыпах, на якіх павінен будавацца справядлівы і моцны мір». «Былі розныя погляды, але ўсе прысутныя засьведчылі прыхільнасьць сваіх краін прынцыпам Статуту ААН, міжнароднага права, павагі сувэрэнітэту і непарушнасьці тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў», — сьцьвярджае кіраўнік Офісу прэзыдэнта, які ўзначальваў украінскую дэлегацыю.

Прадстаўнікоў Расеі на сустрэчы ня было, паведамляюць, што Эр-Рыяд паінфармуе Маскву аб выніках.

Паводле Ермака, на сустрэчы ўкраінская дэлегацыя падрабязна расказала аб так званай формуле міру, якая прадугледжвае ядзерную, энэргетычную і харчовую бясьпеку Ўкраіны, вызваленьне палонных і дэпартаваных, а таксама захаваньне Статуту ААН і тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.

Ярмак таксама ўпершыню пералічыў дзяржавы, якія прынялі ўдзел у сустрэчы. На ўзроўні палітычных дарадцаў або дарадцаў у нацыянальнай бясьпецы былі прадстаўленыя Эўразьвяз і больш за 10 краін ЭЗ, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, больш за 10 краін Азіі, у тым ліку Індыя, Кітай і Японія, дзьве афрыканскіх дзяржавы — Эгіпет і ПАР і тры краіны Паўднёвай Амэрыкі — Аргентына, Бразылія і Чылі.

Газэта The Wall Street Journal з спасылкай на крыніцы сьцьвярджае, што на цяперашніх перамовах, адрозна ад першых кансультацыяў у падобнай форме ў чэрвені ў Капэнгагене, Украіна не настойвала на прыняцьці сваёй формулы міру ў поўным аб’ёме, каб зблізіць пазыцыі з шэрагам разьвіцьцёвых краін. Афіцыйна гэта не пацьверджана, і ў паведамленьні Ермака аб сустрэчы гаворыцца менавіта пра абмеркаваньне «формулы міру».

Як паведамляе з спасылкай на крыніцы агенцтва DPA, вялікая ўвагу на сустрэчы надалі новаму мірнаму пляну, прапанаванаму Саудаўскай Арабіяй і яшчэ шэрагам краін. Ён прадугледжвае спыненьне агню на ўсіх франтах і пачатак перамоваў паміж Масквой і Кіевам пры пасярэдніцтве ААН. Пры гэтым, як сьцьвярджаецца, тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны павінна быць захаваная. Аб вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны як умове пачатку перамоваў, аднак, у пляне не гаворыцца. Кіеў ня раз называў гэты вывад абавязковай умовай для спыненьня агню.

Увагу прыцягнуў удзел у сустрэчы прадстаўніка Кітаю. Пэкін раней вылучаў мірную ініцыятыву, сваім зьместам падобную да саудаўскай. Новых камэнтароў кітайскага боку аб перамовах пакуль няма.

У Крамлі раней заяўлялі, што Масква будзе ўважліва сачыць за ходам перамоваў. Намесьнік кіраўніка Рады бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў, які спэцыялізуецца на рэзкіх заявах, у нядзелю напісаў, што ўмовай усякіх мірных перамоваў павінен стаць «улік гістарычнага кантэксту» і «ўлік актуальных рэаліяў». «Зрэшты, і самі перамовы пакуль не патрэбныя. Вораг павінен прыпаўзьці на каленях, молячы аб літасьці», — напісаў Мядзьведзеў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG