Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супольная праца паказала: мы можам дамаўляцца», — старшыня Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў пра справаздачу чальцоў АПК


Перад Каардынацыйнай радай выступае прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык
Перад Каардынацыйнай радай выступае прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык

На гэтым тыдні чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) трымаюць справаздачу перад Каардынацыйнай радай (КР).

Пра папярэднія вынікі гэтай кампаніі, пра яе значэньне для беларускага дэмакратычнага працэсу расказаў Свабодзе старшыня Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

— Андрэй, ужо зрабілі свае справаздачы Аліна Коўшык, Валер Сахашчык, Вольга Гарбунова, Валер Кавалеўскі. Сёньня выступіць Павал Латушка. Пытаньне вам як кіраўніку КР: ці адчула Каардынацыйная рада сябе парлямэнтам (ці протапарлямэнтам)?

Андрэй Ягораў, старшыня Каардынацыйнай рады
Андрэй Ягораў, старшыня Каардынацыйнай рады

— Гэта — крок да такога статусу. І адначасова значны крок дэмакратычнага разьвіцьця ўнутры дэмакратычных сілаў. І гэта — выкананьне абяцаньня, якое давалі Сьвятлана Ціханоўская і Кабінэт. Узгадненьне чальцоў Кабінэту Каардынацыйнай Радай было анансаванае і нарэшце зьдзейсьнілася.

— Ужо адбылося галасаваньне ў Радзе па Коўшык (71 «за», 1 «супраць», 8 устрымаліся) і Сахашчыку (57 «за», 8 «супраць», 18 устрымаліся). Ці маглі вы зьняць некага з пасады? Калі б не ўхвалілі, то што б здарылася?

— Калі б мы былі ўрадам і парлямэнтам, то такая няўхвала, такі вотум недаверу спарадзіў бы ўрадавы крызіс. Паколькі мы ўсё ж не зьяўляемся рэальным урадам і парлямэнтам, то ў такой сытуацыі ўсё вызначаецца палітычнымі перамовамі. І важным фактарам тут зьяўляецца грамадзкая думка. Зразумела, што фармальных паўнамоцтваў у Каардынацыйнай Рады ў гэтым пытаньні няма. Рада ня можа зламаць волю Сьвятланы Ціханоўскай, калі яна хоча працягваць працу з тым ці іншым чальцом Кабінэту, нават калі КР не ўзгадняе яе ці яго на пасадзе.

Зразумела, што апошняе слова тут застаецца за Ціханоўскай.

Але Рада можа патлумачыць, чаму яна не падтрымлівае таго ці іншага чальца Кабінэту. Калі б такое адбылося, то гэтая сытуацыя ўскладала б на Ціханоўскую асаблівую адказнасьць.

Але справа ня толькі ва ўхвале ці няўхвале. Мы даем рэкамэндацыі па дзейнасьці кожнага чальца Кабінэту. Мы б хацелі, каб Ціханоўская ўлічвала гэтыя рэкамэндацыі ў далейшай працы.

— Вы ўжо нагадалі, што Кабінэт сфармаваны воляй Сьвятланы Ціханоўскай, ён не абраны нейкім прадстаўнічым органам. Каардынацыйная Рада прадстаўляе шырокі спэктар грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Але яна не абраная народам на ўсеагульных выбарах. Гэты чыньнік неяк фігураваў, улічваўся ў абмеркаваньні, у рашэньнях, ва ўхвалах ці няўхвалах?

— Зразумела, гэты фактар адыгрывае сваю ролю. Ён прымушае Каардынацыйную Раду ва ўзаемадзеяньні з Кабінэтам дзейнічаць на падставе ўзаемных дамоўленасьцяў, якіх мы зь імі дасягаем. Мы як Каардынацыйная Рада ня можам дыктаваць і накідаць сваю волю Кабінэту. Мы сапраўды не зьяўляемся органам, абраным народам, і ня можам прымаць рашэньні, абавязковыя для выкананьня Кабінэтам. Тое ж справядліва і наадварот: Кабінэт не прымае рашэньняў, абавязковых для Рады. Таму ўсё дасягаецца праз дыялёг і перамовы.

— Многія назіральнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што большая, калі не пераважная, частка выступу кожнага з чальцоў Кабінэту, які даваў справаздачу, тычылася дзейнасьці за мяжой. А пра тое, што яны рабілі ў Беларусі, унутры краіны, — ці вельмі мала, ці вельмі няпэўна.

Яно і зразумела. Умовы дзейнасьці ўнутры краіны вядома якія. Нават бяскрыўдная культурніцкая дзейнасьць там — «экстрэмізм». Усе чальцы Кабінэту і сам ён як інстытуцыя для беларускіх уладаў — злачынцы, супраць якіх вылучаныя абвінавачаньні па «букеце» цяжкіх артыкулаў КК.

Але як тады ацаніць дзейнасьць? Ці не атрымліваецца ў выніку, што Кабінэт — гэта Кабінэт эміграцыі, а не дэмакратычных сілаў Беларусі?

— Гэта добрае, але вельмі цяжкое пытаньне. Я мог бы гэты папрок аднесьці і да Каардынацыйнай Рады. Яна ж таксама — Рада ў выгнаньні, парлямэнт у выгнаньні.

Сапраўды, вельмі важна гаварыць і рабіць для беларусаў у Беларусі. Найбольш пра гэта гаварыла ў сваёй справаздачы Вольга Гарбунова. Сацыяльныя пытаньні, за якія яна адказвае ў Кабінэце — ці не галоўнае, што цяпер хвалюе людзей у Беларусі. Хваля палітызацыі, якая была ў 2020 годзе, адышла, звычайных людзей цяпер сацыяльна-эканамічныя праблемы хвалююць больш, чым палітыка.

Насамрэч унутры Беларусі вядзецца працы трошкі больш, чым пра гэта публічна гаворыцца і можна публічна сказаць. Пра дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці, пра культурніцкія праекты, пра працу зь лякальнымі супольнасьцямі я ведаю значна больш, чым магу цяпер расказаць. Рада — «экстрэмісцкае фармаваньне», і я — яго кіраўнік.

Парадокс палягае ня толькі ў тым, што гэтай дзейнасьці ўнутры Беларусі мала, але і ў тым, што мы ня можам пра яе расказаць праз рызыку рэпрэсіяў супраць удзельнікаў гэтай дзейнасьці.

— У Каардынацыйнай Радзе, пасьля таго як яе склад быў істотна папоўнены, вызначыліся розныя палітычныя плыні. Вось гэтыя справаздачы чальцоў Кабінэту — яны абвастрылі, зрабілі больш выразнымі адрозьненьні падыходаў у Радзе ці прывялі да большай згоды, да кансэнсусу?

— Гэтыя вынікі для самой Рады трэба яшчэ асэнсаваць. Апошні месяц мы вельмі напружана рыхтаваліся да цяперашніх слуханьняў, да справаздачаў чальцоў Кабінэту. Адмысловыя групы, якія ствараліся ў КР па кожным чальцы Кабінэту, складаліся з прадстаўнікоў розных плыняў, фракцыяў у Радзе. У гэтых групах былі і зацятыя крытыкі адпаведных чальцоў Кабінэту.

Я б сказаў, што, нягледзячы на розьніцу ў пазыцыях, Рада працавала кансалідавана. Супольная праца паказала, што мы можам дамаўляцца. Яна зьніжае ўнутраную канфліктнасьць.

— У межах Рады былі дыскусіі пра розныя падыходы да пытаньня вызваленьня палітвязьняў. Пэўны «аргумэнт» у гэтай спрэчцы прагучаў 3 жніўня, у той дзень, калі перад КР са справаздачай выступаў прадстаўнік Кабінэту ў міжнародных пытаньнях Валер Кавалеўскі. «Аргумэнт», пра які я сказаў, — гэта абнародаваньне чарговага пакету санкцыяў, уведзеных Эўразьвязам адносна Беларусі.

— На думку Рады, гэта рэч станоўчая ці адмоўная? Гэта посьпех Кабінэту (новыя санкцыі ЭЗ былі ўведзеныя ўпершыню з чэрвеня 2022 году) ці няўдача?

У адказ на новы пакет санкцыяў Лукашэнка, зразумела, можа выпусьціць пэўную колькасьць палітвязьняў ці зьмякчыць рэжым іх утрыманьня. Але досьвед падказвае, што яго рэакцыя будзе, хутчэй за ўсё, адваротная.

— Пытаньне санкцыяў — якраз тое пытаньне, якое расколвае Каардынацыйную Раду. Напярэдадні прыняцьця гэтага пакету санкцыяў ЭЗ у КР была дыскусія пра тыя меры, якія туды прапаноўвалі ўключыць. Польскі ўрад прапаноўваў уключыць у гэты пакет забарону на рэгістрацыю на тэрыторыі краінаў ЭЗ кампаніяў зь беларускім капіталам. Гэтых кампаніяў цяпер больш за тысячу, і пераважная большасьць зь іх не зьвязаная з падтрымкай рэжыму Лукашэнкі. Тым ня менш яны маглі трапіць пад гэтую забарону, калі б яна была прынятая. І ў КР была дыскусія наконт гэтай прапановы.

Нельга сказаць, каб у Рады была адназначная пазыцыя ў пытаньні заходніх санкцыяў адносна Беларусі. Калі б мы паставілі на галасаваньне пытаньне аб падтрымцы ці непадтрымцы апошняга пакету санкцыяў ЭЗ, я ня ведаю, якім быў бы вынік галасаваньня. У гэтым пытаньні лінія падзелу праходзіць не паміж фракцыямі, а ўнутры фракцыяў.

У Радзе працуе адмысловая група па пытаньні санкцыяў. Я чакаю ад іх выніковага дакумэнту для абмеркаваньня поўным складам Рады, каб мы маглі вынесьці рэзалютыўнае рашэньне.

— Валер Кавалеўскі ў сваёй справаздачы Радзе паўтарыў тэзу пра адназначны эўрапейскі выбар Беларусі. Гэтую тэзу раней неаднаразова агучвалі і Сьвятлана Ціханоўская, і Павал Латушка, і іншыя чальцы Кабінэту. Каардынацыйная Рада гэты падыход падзяляе, ухваляе?

— Каардынацыйная Рада ладзіла адмысловыя слуханьні па эўрапейскай пэрспэктыве Беларусі. Мы абмяркоўвалі, ці варта Эўразьвязу прадстаўляць эўрапейскую пэрспэктыву Беларусі і пэрспэктыву сяброўства ў Зьвязе. У цяперашняй сытуацыі заява аб пэрспэктыве сяброўства ў ЭЗ была б сымбалічным крокам. Большасьць удзельнікаў гэтых слуханьняў падтрымлівалі пазыцыю Ціханоўскай у гэтым пытаньні, падтрымлівалі эўрапейскую пэрспэктыву Беларусі.

— Са справаздачай перад КР пакуль ня выступіў прадстаўнік АПК па аднаўленьні правапарадку Аляксандар Азараў. Было заяўлена, што 2–3 жніўня ён ня мог гэтага зрабіць з прычыны камандзіроўкі. Аднак ці адбудзецца яго справаздача ў хуткім часе, ці адбудзецца яна да канфэрэнцыі «Новая Беларусь-2023», якая пройдзе ў Варшаве 6 жніўня?

— Са спадаром Азаравым мы дамовіліся на правядзеньне слуханьняў зь ім раніцай 5 жніўня, за дзень да адкрыцьця канфэрэнцыі. Магчыма, на слуханьнях справаздачы Азарава атрымаецца сабраць больш сьціплы склад, магчыма, яго справаздачу заслухае толькі камісія Рады. Але яго справаздача адбудзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG