Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня вызначыліся і завісьлі паміж двума падыходамі да праблемы палітвязьняў», — Андрэй Курэйчык


Андрэй Курэйчык. Каляж
Андрэй Курэйчык. Каляж

Беларускі драматург, лектар Ейльскага ўнівэрсытэту (ЗША) Андрэй Курэйчык расказвае пра свой праект арт-інсталяцыі «Галасы новай Беларусі», тлумачыць, зь якога часу ён не супрацоўнічае з расейскімі кінакампаніямі, і адказвае на пытаньне пра свае палітычныя амбіцыі.

Сьцісла:

  • Мы завісьлі паміж двума падыходамі да праблемы палітвязьняў.
  • Каардынацыйная рада пакуль не знайшла фармату сваёй працы, не адказала на пытаньне, дзеля чаго яна ўвогуле створаная і працуе.
  • Пасьля таго, як Пуцін падтрымаў Лукашэнку, я не супрацоўнічаю прынцыпова зь ніводнай расейскай кампаніяй.
  • Цяпер час, калі расейская культура, нават самая апазыцыйная і лібэральная, павінна сядзець моўчкі.

— Вы сталі ініцыятарам арт-інсталяцыі «Галасы новай Беларусі». У ёй будуць прадстаўленыя 16 маналёгаў беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Марыі Калесьнікавай, Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Марыны Золатавай і Ігара Лосіка. Іх маналёгі агучылі амэрыканскія акторы і выкладчыкі Ейльскага ўнівэрсытэту, у тым ліку вядомыя амэрыканскія гісторыкі Тымаці Снайдэр і Марсі Шор, філёзаф Джэйсан Стэнлі, рэжысэр Юры Кардонскі ды іншыя. Што гэта за праект, калі і як ён будзе рэалізаваны?

— Для мяне пытаньне беларускіх палітвязьняў зараз падаецца найбольш актуальным і цяжкім. У той час, калі ўся міжнародная ўвага пераключылася на вайну ва Ўкраіне, у Беларусі застаюцца тысячы палітзьняволеных, іх становіцца толькі больш. І мы ня ведаем, што зрабіць, каб іх вызваліць, выратаваць.

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

І я шукаў падыход, які б зрабіў гэтую тэму зноў актуальнай, бо яна адышла на трэці, чацьверты плян. І ўзьнікла ідэя зрабіць такую відэаінсталяцыю, апрацаваць з мастацкага погляду відэакадры з беларускіх пратэстаў. Я знайшоў мастачку з Бразыліі, якая зрабіла фантастычны і прыгожы відэа-акт. У сваю чаргу, я напісаў дакумэнтальную п’есу, выбраў 16 гісторыяў і дамовіўся зь вядомымі ў сьвеце асобамі, каб яны сталі галасамі беларускіх палітзьняволеных.

Пляцоўкай для прэм’еры мы выбралі найбуйнейшы сусьветны праваабарончы форум у Осла, які праходзіць 15 чэрвеня. Там зьбяруцца праваабаронцы, журналісты, палітыкі, дзеячы культуры, а кіруе гэтай падзеяй Гары Каспараў.

— Вакол тэмы палітвязьняў, сапраўды, вядуцца даволі гарачыя дыскусіі. Адны кажуць, што ў гэтай справе робіцца недастаткова і, магчыма, варта пайсьці на нейкія саступкі; іншыя адказваюць, што ва ўмовах нежаданьня менскага рэжыму ісьці на кампрамісы нічога зрабіць немагчыма. І часам дыскусіі ператвараюцца ў абвінавачваньні і вядуць у тупік.

— Сапраўды, ёсьць два канцэптуальныя падыходы. Першы — узмацніць санкцыі і ціск на рэжым Лукашэнкі. Другі — наадварот, зьняць ціск, аслабіць санкцыі, каб праз дыялёг вызваліць палітвязьняў. Людзі спрачаюцца наконт таго, які падыход больш правільны. Праблема ў тым, што мы не зрабілі выбару і завісьлі паміж гэтымі двума падыходамі — ні рыба ні мяса. Патрэбна вялікая дыскусія ў грамадзтве, каб беларусы разам вырашылі, які з гэтых падыходаў зараз патрэбны.

— Вы зьяўляецеся сябрам Каардынацыйнай рады. І пакуль можна сказаць, што дзейнасьць гэтай структуры выклікае ў палітычна актыўных беларусаў шмат пытаньняў: што яна робіць, для чаго патрэбна, які ўплыў можа і павінна мець?

— Каардынацыйная рада зараз праходзіць шлях перафарматаваньня. Там шмат цікавых людзей, ініцыятываў, але, на жаль, Рада пакуль не знайшла фармату сваёй працы, не адказала на пытаньне, дзеля чаго яна ўвогуле створаная і працуе. Здараюцца жорсткія дыскусіі, якія часам нават заканчваюцца тым, што людзі выходзяць з КР. На жаль, пакуль не прыдуманы такі фармат працы, які зробіць КР цікавую беларусам. Гэта пакуль вельмі далёка ад протапарлямэнту, далёка ад эфэктыўнай публічнай пляцоўкі. Мы марнуем час: хутка будзе тры гады з моманту нашай рэвалюцыі, а што мы можам паказаць беларусам? Цяжкі пошук, і пакуль мы не знайшлі адказу на гэта пытаньне.

— Якая сытуацыя з сэрыялам «Акрэсьціна», які вы пачалі здымаць, але зь якім узьніклі праблемы? Што там увогуле адбываецца?

— Гэта мой боль. Мы зьнялі першую гісторыю гэтага праекту, пра Сяргея Ціханоўскага. Мне здаецца, гэта была вялікая і важная праца. Але так здарылася, што прадусары, якія гэтым займаюцца, ніяк ня могуць дарабіць фінальныя неабходныя рэчы, каб гэты праект выпусьціць афіцыйна, і ён «пакладзены на палічку». Яны грошы «засвоілі» — і задаволеныя.

— І вы, з улікам свайго імя і аўтарытэту, ня можаце нічога зрабіць?

— Мы сварымся. Я спрабую паўплываць, але не атрымліваецца. Я аўтар сцэнару і рэжысэр, але не супрацоўнік у іх, ня маю нават кантракту.

— На фоне агрэсіі Расеі супраць Украіны абвастрыліся дыскусіі пра расейскую культуру, пра «хороших русских». Вы раней шмат пісалі сцэнароў для расейскіх фільмаў, якія набіралі вялікую касу. Як вы зараз глядзіце на супрацоўніцтва з расейскімі калегамі? Ці вайна зьмяніла кардынальна вашыя погляды і ў гэтым, прафэсійным пляне?

— Гэта не вайна зьмяніла, гэта адбылося раней, у 2020 годзе. Пасьля таго, як Пуцін падтрымаў Лукашэнку, я не супрацоўнічаю прынцыпова зь ніводнай расейскай кампаніяй. Яны мне яшчэ шлюць нейкія прапановы, але я на іх нават не адказваю.

Я лічу, што зараз час, калі расейская культура, нават самая апазыцыйная і лібэральная, павінна сядзець моўчкі. Проста памаўчаць. Ім варта аддаць усю інфармацыйную прастору ўкраінскай культуры, падтрымаць такім чынам Украіну. Бо вельмі непрыемна назіраць, калі яны спрабуюць перацягваць на сябе коўдру і выдаваць зь сябе ахвяру.

Цяпер для іх ня час, каб прэтэндаваць на цэнтар увагі. І калі іх просяць ня ўдзельнічаць у нейкай імпрэзе, то трэба з павагай ставіцца да такой просьбы.

— У ЗША ідуць зацятыя «культурныя войны», ідэалягічныя бітвы, часам людзі правых поглядаў заяўляюць, што ў цяперашніх амэрыканскіх унівэрсытэтах запанавалі выключна левыя погляды, што зьнікае культура дыскусіяў, бо некаторыя тэмы становяцца непажаданымі. Ці вы бачыце такія працэсы?

— У мяне няма такога адчуваньня. Выкладчыкі і студэнты маюць самыя розныя погляды, студэнты нярэдка выступаюць апанэнтамі выкладчыкам. Прынамсі, мой унівэрсытэт вельмі адкрыты для самых розных поглядаў. Можна заўважыць, што прафэсары глядзяць з павагай на Эўропу, асабліва на краіны Скандынавіі. Бо ў ЗША сапраўды далёка ня кожны можа заплаціць за якасную мэдыцыну, а ў Эўропе гэта натуральнае права чалавека.

— Вы даволі актыўна праводзіце свае стрымы на YouTube, уваходзіце ў Каардынацыйную раду. Якая ў вас матывацыя, ці маеце вы ў пэрспэктыве нейкія грамадзка-палітычныя амбіцыі?

— У мяне няма палітычных амбіцыяў. Здаецца, я быў бы вельмі кепскім чыноўнікам ці палітыкам, бо люблю паспаць, мне не цікавая праца з дакумэнтамі і гэтак далей. Я раблю гэтыя стрымы ў YouTube, каб адчуваць беларускае грамадзтва. Я лічу сябе беларускім аўтарам, драматургам і, каб адчуваць беларусаў у Беларусі, каб не губляць гэтую сувязь, раблю гэтыя жывыя эфіры. У мяне 77 працэнтаў гледачоў зь Беларусі. Я шмат атрымліваю інфармацыі ад людзей самых розных узростаў падчас гэтых эфіраў. Для мяне гэта магчымасьць заставацца беларусам, нягледзячы на такія вялікія геаграфічныя адлегласьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG