Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геапалітычная эвалюцыя Ціханоўскай: непазьбежнасьць выбару. Думка Вадзіма Мажэйкі


Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, ліпень 2023
Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, ліпень 2023

Каардынатар экспэртнай сеткі «Наша меркаваньне», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка адказвае на пытаньне аб прычынах і наступствах геапалітычнай эвалюцыі Сьвятланы Ціханоўскай, аналізуе, каго цяпер можна назваць яе «электаратам», і знаходзіць падабенства паміж офісам Ціханоўскай і «старой апазыцыяй».

Сьцісла:

  • У 2020 годзе Ціханоўская сапраўды была падобная на свайго сярэдняга выбарніка.
  • Можа, Ціханоўская і не хацела б рабіць геапалітычнага выбару, але такой магчымасьці ў яе ўжо не было.
  • Відавочна, што цяпер пазыцыя Ціханоўскай ня ёсьць пазыцыяй шырокай большасьці, як гэта было ў 2020 годзе.
  • Агульная мілітарызацыя рэгіёну прымусіла мілітарызавацца і офіс Ціханоўскай, і ў шырокім сэнсе — праціўнікаў Лукашэнкі.
  • Што ні рабі, у выніку ўсё роўна становісься падобным на «старую апазыцыю».

— Апошнім часам і сама Сьвятлана Ціханоўская, і яе паплечнікі ўсё часьцей выказваюцца на геапалітычныя тэмы, якіх раней яны відавочна пазьбягалі. Пратэсты 2020 году ня мелі ідэяў і адценьня геапалітычнага выбару, але цяпер каманда Ціханоўскай усё больш актыўна такі выбар робіць. Чым гэта можна патлумачыць, якая ў гэтым палітычная мэта і якія наступствы могуць быць?

— Я бачу тут тры розныя кантэксты. Па-першае, сьвет кардынальна зьмяніўся паміж 2020-м і 2023 гадамі. Расея пачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, уцягнуўшы ў яе і Беларусь, — гэта тая плата, якую плаціць рэжым Лукашэнкі за падтрымку Расеяй у 2020 годзе. Вонкавы кантэкст зьмяніўся, таму ня дзіва, што мяняюцца і пазыцыі палітыкаў.

Па-другое, гэта эвалюцыя і самой Ціханоўскай як палітыка. У 2020 годзе Ціханоўская сапраўды была падобная да свайго сярэдняга выбарніка. Чалавека, які ня надта цікавіцца нейкімі геапалітычнымі рэчамі, хоча з усімі сябраваць, не ўдавацца ў дэталі, вырашаць найперш унутраныя праблемы. Цяпер цалкам натуральна, што Ціханоўская зьмянілася: бо пабачыла, што Пуцін ніколі не падтрымае беларускай дэмакратыі; разабралася, што такое АДКБ, што такое NATO, адчула падтрымку Захаду. У такім кантэксьце нескладана прыйсьці да высновы, што Беларусі трэба вызначацца і што яе шлях ніяк ня разам з Расеяй.

Па-трэцяе, сама Ціханоўская зараз знаходзіцца ў Эўропе. Зыходзячы з пэрспэктывы эўрапейскіх палітыкаў, зь якімі яна часта сустракаецца, Беларусі варта браць курс на Эўропу. І калі ты ў такім атачэньні знаходзісься, а тым больш у пэўнай ступені ад яго залежыш, то гэта таксама ў пэўным сэнсе непазьбежна.

— Калі Ціханоўская адназначна асудзіла і саму агрэсію, і расейскае кіраўніцтва, то, відавочна, канчаткова адштурхнула ад сябе беларускіх прыхільнікаў Пуціна. Ці разумее яна гэтыя наступствы і, у такім выпадку, сьвядома на іх ідзе?

— Гэта былі непазьбежныя крокі і заявы. Відавочна, што падтрымка Ўкраіны зь першых дзён вайны адмяняе аб’яднаньне ўсіх беларусаў на чыста антылукашэнкаўскай плятформе. Калі ў 2020 годзе ўсе ішлі поруч, нават зь людзьмі, якія былі прарасейскімі, усе разумелі, што трэба не дзяліцца па розных лягерах, а яднацца як мага шырэй.

Але цяпер відавочна, што пазыцыя Ціханоўскай ня ёсьць пазыцыяй шырокай большасьці, як гэта было ў 2020 годзе. Ціханоўская і так да апошняга, да пачатку вайны спрабавала ўхіляцца ад вызначэньня дакладнай пазыцыі ў стаўленьні да Расеі, нягледзячы на тое, што Пуцін адназначна падтрымаў Лукашэнку.

Але пасьля пачатку вайны ўжо проста немагчыма было далей ухіляцца, бо не было іншага выйсьця. Калі б яна спрабавала займаць нейкую «сярэднюю» пазыцыю, то далейшая праца офісу Ціханоўскай на міжнароднай сцэне стала б немагчымай. Так што, з аднаго боку, гэта быў сьвядомы выбар Ціханоўскай, але з другога — вымушаны выбар. Можа, Ціханоўская і хацела б ніколі такога публічнага выбару не рабіць, але такой магчымасьці ў яе ўжо не было.

— Усё часьцей Сьвятлана Ціханоўская робіць свае публічныя выступы і інтэрвію па-беларуску, гаворыць пра неабходнасьць нацыянальнага адраджэньня, называе Расею агульным ворагам Беларусі і Ўкраіны, заяўляе, што Беларусь павінна выйсьці з АДКБ і «саюзнай дзяржавы» з Расеяй, нават абмяркоўвае магчымасьць сілавога варыянту, і гэтак далей. Тым самым яна звужае сваю «электаральную базу». Але ці трэба ёй так турбавацца пра электаральную большасьць ва ўмовах, калі выбараў у Беларусі ўсё роўна няма?

— У пэўным сэнсе з Ціханоўскай адбываецца тое, што адбывалася з многімі беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі. Якія прыходзілі ў палітыку, называючы сябе «трэцяй сілай», гаварылі пра мірны шлях пераменаў, «усіх аб’яднаем» і гэтак далей. Але як ні пачынай, зь якіх пазыцыяў ні прыходзь на палітычны рынак, у выніку ўсё роўна становісься падобным на «старую апазыцыю», зьвяртаесься да тых самых ідэяў, структураў, кадраў, шляхоў фінансаваньня.

Мы бачым тыя самыя працэсы і сярод прыхільнікаў Бабарыкі, Цапкалы. Пры ўсёй рознасьці пазыцыяў, у пэўным сэнсе ўсе праходзяць той самы шлях.

Ціханоўская зусім ня той чалавек, які хацеў бы зьмены ўлады ў Беларусі шляхам узброенага перавароту. Але агульная мілітарызацыя рэгіёну прымусіла мілітарызавацца і офіс Ціханоўскай, і ў шырокім сэнсе — праціўнікаў Лукашэнкі.

Для Ціханоўскай гэтыя працэсы хоць і вядуць да страты большасьці электарату, але гэта зараз не асабліва істотна. Бо для гэтай большасьці яе роля і ўплыў усё роўна будуць памяншацца, таму што гэтыя людзі знаходзяцца ў Беларусі, а Ціханоўская — не. Палітызаванасьць і грамадзка-палітычная актыўнасьць цяпер захоўваюцца не сярод большасьці, а сярод ангажаванай меншасьці. Таму палітыкі і зыходзяць з таго, што трэба працаваць менавіта на гэтую ангажаваную меншасьць.

— Хто на сёньня «электарат» Ціханоўскай? Людзі, якія выехалі з Беларусі, ці тыя, хто працягвае там заставацца?

— І тыя, і тыя. Бо і сярод тых, хто выехаў, хапае тых, хто займаецца сваімі звычайнымі побытавымі справамі і не асабліва зьвязвае сваё жыцьцё зь Беларусьсю. Таму мне здаецца, электарат Ціханоўскай цяпер складаецца часткова з тых людзей, якія падтрымалі яе ў 2020 годзе, якія толькі тады прыйшлі ў палітыку. І яны за гэтыя гады прайшлі шлях, які прайшла і сама Ціханоўская. Таксама яе электарат — гэта людзі са «старой апазыцыі», якія разумеюць, што мае сэнс будаваць кааліцыю вакол лідэра, які мае хоць якую легітымнасьць (прынамсі, большую, чым легітымнасьць іншых апазыцыйных лідэраў).

Таму «электарат» даволі розны, але ён пераважна празаходні і прадэмакратычны. І трэба разумець, што зараз няма і ня можа быць палітыка, які аб’ядноўваў бы большасьць беларусаў.

— Гэта эвалюцыя Ціханоўскай будзе працягвацца? Яна ўсё больш будзе дрэйфаваць у бок таго, каго можна назваць «лідэрам супраціву»?

— Так, у нейкія гістарычныя моманты палітыку трэба арыентавацца на большасьць, ісьці на кампрамісы. Але ў іншай сытуацыі палітык мусіць кудысьці весьці грамадзтва. Ня проста ісьці за большасьцю, а весьці людзей наперад. Ціханоўская сама зразумела, што заходні вэктар для Беларусі непазьбежны, калі мы хочам дэмакратычную будучыню.

Роля Ціханоўскай цяпер — цягнуць за сабой грамадзтва, нават калі грамадзтва да гэтага не зусім гатовае. І гэта заўсёды для палітыка складаны шлях, бо пры гэтым можна страціць падтрымку большасьці. Але калі ў сёньняшняй Беларусі такая сытуацыя, што няма патрэбы зьбіраць электаральную большасьць, то гэты час можна выкарыстаць менавіта такім чынам.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG