Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі сустрэўся зь вернікамі закрытага ўладамі менскага Чырвонага касьцёла


Папа Францішак на плошчы сьвятога Пятра, архіўнае фота
Папа Францішак на плошчы сьвятога Пятра, архіўнае фота

На плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме засьпяваў касьцёльны хор зь Менску.

У складзе беларускай дэлегацыі, якая даставіла ў Ватыкан копіі марыйных абразоў, што ўшаноўваюцца ў Беларусі, быў хор касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску «Голас душы». Ён выканаў некалькі шматгалосных багародзічных беларускіх сьпеваў, надаўшы аўдыенцыі з пантыфікам больш урачысты характар, піша Vatican news.

Хор Чырвонага касьцёла засьпяваў на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане перад Папам. У прыватнасьці, хор выканаў песьню «Малюся за цябе, Беларусь».

Збор з 15 абразоў Багародзіцы, напісаных мастачкай з Маладэчна Ядзьвігай Сянько, трэці раз выехаў за межы краіны. У лістападзе копіі абразоў знаходзіліся ў Вільні падчас Апекаў Маці Божай — урачыстасьцяў у гонар Найсьвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, а ў траўні — у галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы, у Чэнстахове.

Папа Францішак дабраславіў копіі абразоў, а таксама атрымаў у дар сьпіс іконы Маці Божай Будслаўскай.

  • Чырвоны касьцёл быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году.
  • Была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка з прыходам скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла.
  • 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць богаслужэньні ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • У сярэдзіне лютага 2023 году вернікам і сьвятарам удалося агледзець Чырвоны касьцёл знутры.
  • Прадстаўнікі касьцёльнага камітэта пазьней адзначылі на парафіяльным сайце, што ў залі для набажэнстваў не было знойдзена «сьлядоў узгараньня, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG