Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста падабаецца беларускасьць». Як праваслаўны расеец Кірыла Міронаў стаў грэка-каталіцкім сьвятаром і вывучыў беларускую мову


Грэка-каталіцкі сьвятар Кірыла Міронаў
Грэка-каталіцкі сьвятар Кірыла Міронаў

Кірыла Міронаў — з паходжаньня расеец, а з пакліканьня сьвятар Львоўскай эпархіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай царквы. Шмат разоў як госьць правіў імшу для грэка-каталікоў Беларусі.

Нядаўна ён абараніў доктарскую дысэртацыю ў кананічным праве ў Папскім Лятэранскім унівэрсытэце. Цяпер служыць у Апостальскім экзархаце для ўкраінцаў – каталікоў бізантыйскага абраду ў Італіі. Капэлян грэка-каталіцкай супольнасьці гораду Арвіета (Orvieto).

«Адкуль беларускасьць? Проста падабаецца — і ўсё»

— Ойча Кірыла, вы нарадзіліся ў Расеі. Але наведнікі Грэка-каталіцкага цэнтру імя сьвятога Язэпа ў Менску ня раз былі ўдзельнікамі беларускіх набажэнстваў, якія Вы там правілі. Адкуль у вас беларускасьць? Як вывучылі беларускую мову?

— Беларускую мову я спэцыяльна не вучыў. Хоць адмыслова, каб пашырыць слоўнікавы запас, чытаў кнігі на беларускай мове і глядзеў фільмы. Люблю ютуб-канал «Казкі з Маляванычам». Мне проста падабаецца, як у яго гучыць мова, як ён па-майстэрску працуе з тэкстам казкі. Вось неяк так і атрымліваецца вывучаць беларускую мову.

А адкуль беларускасьць? Проста падабаецца — і ўсё. Пра гэта рацыянальна не расказаць. Некалькі маіх продкаў паходзілі зь Беларусі, але тых, хто ведаў родную мову, я ўжо не засьпеў.

— Некалькі гадоў таму ў грэка-каталіцкім цэнтры ў Менску зьявіліся вашыя росьпісы алтара капліцы, на якіх між іншых традыцыйных абразоў ёсьць і выявы ўсіх беларускіх сьвятых. Што вас натхніла на гэты сюжэт?

— Гэта далёка ня ўсе сьвятыя. Гэта літаральна трое абраных сьвятых: Кірыла Тураўскі, Язафат Полацкі і Мікалай Чарнецкі. І трое слугаў Божых, чый працэс бэатыфікацыі пакуль ідзе: Язэп Руцкі, Фабіян Абрантовіч і Антон Неманцэвіч. Такі выбар асобаў сьведчыць пра жаданьне паказаць сувязь паміж пакаленьнямі ўніяцкіх вернікаў Беларусі ад сярэднявечча ды нашых дзён.

А жывапіс — маё захапленьне. Былі б магчымасьці і сілы, то я б расьпісаў кожную сьценку ў гэтым духоўным цэнтры.

«Мне ў дзяцінстве даводзілі, што толькі праваслаўныя могуць быць даспадобы Богу, а ўсе людзі іншай веры трапяць у пекла»

— А як вы, выпускнік Расейскага праваслаўнага ўнівэрсытэту, сталі прыхільнікам Уніі, больш за тое — грэка-каталіцкім сьвятаром? У Расеі ж, скажам мякка, непрыхільна ставяцца да гэтае канфэсіі.

— А вось пра гэта я гатовы адказаць падрабязна. Чаму менавіта грэка-каталіцкая царква? Я сапраўды выхаваны ў праваслаўі, прычым у вельмі радыкальным канфэсіяналізьме. Гэта значыць, што мне ў дзяцінстве даводзілі, што толькі праваслаўныя могуць быць даспадобы Богу, а ўсе людзі іншай веры трапяць у пекла. Я ня мог паверыць у такога зласьлівага «бога», які мільёны людзей адправіць на вечныя пакуты толькі таму, што яны нарадзіліся там, дзе не было праваслаўнай царквы.

Агрэсіўны канфэсіяналізм — гэта ўяўленьне, што быццам толькі адна канкрэтная рэлігійная арганізацыя мае права на зносіны з Богам, нібы ён іхная ўласнасьць. Гэта адна з асаблівасьцяў Расейскай праваслаўнай Царквы. Але гэтая асаблівасьць ня ёсьць сутнаснай часткай вучэньня праваслаўнай царквы. Яна сфармавалася да XV стагодзьдзя і ў XVI–XVII стагодзьдзях дасягнула апагею. Цяпер гэтае ўяўленьне жыве на практыцы РПЦ проста ў сілу інэрцыі.

Зь дзяцінства мне казалі, што збаўчая і праўдзівая толькі «кананічная царква». Але па меры вывучэньня канонаў Усходняй Царквы і атрыманьня праваслаўнай багаслоўскай адукацыі мне стала відавочна, што ніякай «кананічнасьці» ў праваслаўных цэрквах у Расеі няма. Ёсьць проста самавольства людзей, надзеленых уладай, і апраўданьне гэтага самавольства праз такую рэч, як «маніпуляцыі правам». Гэта значыць, што калі ўладзе выгадныя нейкія нормы, то яны выконваюцца, а тое, што ёй нязручна, проста ігнаруецца. І калі я стаў вывучаць гісторыю канонаў Паўсюднай Царквы, то выявіў, што Фэрара-Флярэнтыйскі сабор (1438–1445), на якім была прынятая Флярэнтыйская Унія, — гэта абсалютна кананічны Сусьветны сабор. А сабор 1596 году ў Берасьці — абсалютна кананічны Памесны cабор Кіеўскай мітраполіі. Гэта значыць, што на ім строга паводле нормы кананічнага права адзінай кананічнай праваслаўнай царквой ёсьць Украінская Грэка-Каталіцкая царква. Тая, якая ў Беларусі называецца яшчэ Ўніяцкай царквой.

І вельмі добра, што гэтая Царква пазбаўленая канфэсіяналізму і імкненьня ўказваць Богу, каго ратаваць, а каго для Бога няма. Інакш яна супярэчыла б уласнай сутнасьці.

«У Расеі няма магчымасьці нармальна ажыцьцяўляць права на свабоду сумленьня»

— Цяпер вы жывяце ў Італіі. Чаму вы зьехалі з Расеі?

— Шмат прычынаў для пераезду ў Італію. Але найперш тое, што ў Расеі няма магчымасьці нармальна ажыцьцяўляць права на свабоду сумленьня.

Спачатку я хацеў проста адпачыць ад стрэсагеннага жыцьця ў Расеі, адначасна прысьвяціўшы 3–4 гады навуковай працы. Сфэра маіх навуковых інтарэсаў — гэта кананічнае права, разьдзелы канстытуцыйнага права, якія разглядаюць правы і свабоды грамадзяніна, права, якое тычыцца свабоды сумленьня, адносінаў Царквы і дзяржавы. Ясна было, што ў Расеі такую навуковую працу, калі ў ёй будуць абʼектыўныя зьвесткі і сумленныя высновы, проста не дадуць апублікаваць. Таму я падаў заяўку на стыпэндыю ад Кангрэгацыі Ўсходніх цэркваў для напісаньня доктарскай працы ў Папскім Лятэранскім унівэрсытэце, а там адна з найлепшых традыцыяў вывучэньня адносінаў Царквы і дзяржавы.

Пакуль я пісаў працу, пачалося ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. А паколькі я ўвесь час служэньня ў Расеі не лічыў патрэбным стрымліваць свае думкі аб расейскай палітыцы і праўных паводзінах дзяржавы (яшчэ ў 2012 годзе знаёмыя дзівіліся, як гэта мяне яшчэ не арыштавалі), то пасьля пачатку ўварваньня стала відавочна, што ад вяртаньня ў Расею лепш пакуль устрымацца.

«Мне падабаецца мець зносіны з беларусамі Італіі»

— Што хвалюе вас на далёкіх Апэнінах?

— Мая праца тут зьвязаная пераважна з дапамогай уцекачам з Украіны. Гэта тысячы асабістых трагедыяў „маленькіх людзей“, усё жыцьцё якіх скалечыла гэтая праклятая вайна. Украінская Грэка-Каталіцкая царква рэалізуе мноства праграмаў дапамогі ўцекачам. Напрыклад, дапамогу для лячэньня хворых. У многіх уцекачоў на фоне стрэсу ад перажытых узрушэньняў абвастраюцца хранічныя хваробы, асабліва ў пажылых. Вядома, розныя дабрачынныя фонды вылучаюць грошы на лячэньне, але ўсё роўна выдаткі вялікія.

І, вядома, я пастараўся завязаць кантакты зь беларусамі ў Італіі. Проста таму, што мне падабаецца зь імі мець зносіны. Мы праводзім розныя культурныя захады. І проста пашыраем кола сяброў Беларусі. Напрыклад, італьянскія журналісты бралі ўдзел у акцыі, прысьвечанай дню палітвязьня.

«Арыштаваць сьвятара за падпіску ў сацыяльных сетках — вельмі дзіўна. Каму гэта карысна? Напэўна, не Беларусі»

— Мы гутарым у час новага вітку перасьледу ўладамі Беларусі грэка-каталіцкіх (і ня толькі) сьвятароў. Нядаўна ў Полацку адбыўся ўжо другі суд над настаяцелем парафіі сьв. Язафата Аляксандрам Шаўцовым. Яго кінулі ў турму. Як думаеце, чаму ўлады Беларусі так зацята змагаюцца са сьвятарамі?

— Зь вялікім сумам я даведаўся пра арышт і пакараньне айца Аляксандра з Полацку. Калі ў мінулым я наведваў Полацак, я бачыў а. Аляксандра як руплівага сьвятара, які ахвярна спаўняў рэлігійнае служэньне людзям. Ён займаўся і сацыяльнымі, і культурнымі справамі. Арыштаваць сьвятара за падпіску ў сацыяльных сетках — вельмі дзіўна. Каму гэта карысна? Напэўна, не Беларусі.

«Вялікае шчасьце ў тым, што беларускія ўніяты пазбаўленыя сумнеўнай выгады быць „мажарытарнай канфэсіяй“

— Шматлікай уніяцкую супольнасьць сьвятароў і парафіянаў у Беларусі не назавеш. Надзеі адраджэнцаў канца 1980-х — пачатку 1990-х на хуткае вяртаньне ўніяцтва ня спраўдзіліся. Улады ўсяляк перашкаджалі рэгістрацыі новых парафіяў, мала моладзі навярталася на сьвятарскі чын, а цяпер ідзе адкрыты перасьлед усяго, што зьвязана з уніяцкай канфэсіяй. І парафіяне, і сьвятары, ратуючыся ад рэпрэсіяў, вымушаныя пакідаць радзіму. Якія, на вашу думку, у такіх варунках пэрспэктывы грэка-каталіцтва ў Беларусі?

— Вялікая памылка думаць, што зносіны з Богам адбываюцца ў трыюмфе. Многія меркавалі, быццам адраджэньне ўніяцкай царквы ў Беларусі будзе прыкладна такім, якім яно было ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Тады мноства вернікаў вярнуліся да сваіх каранёў. Але ў канцы ХХ стагодзьдзя так не адбылося. „Адраджэньне“ трыюмфальна перажывалі „традыцыйныя канфэсіі“, якія зьбіралі вялікія групы людзей, будавалі вялікія храмы і праводзілі масавыя акцыі. А гэта толькі частка адраджэньня Царквы, прычым ня самая значная. Бо самыя раскошныя храмы ў выніку застануцца пустымі, калі ў сэрцах вернікаў не адбылася сустрэча з Богам.

Бо рэальныя зносіны з Богам не ў трыюмфе „адраджэньня" будынкаў і структураў, а ў скрупулёзнай унутранай працы. Ня трэба шкадаваць, што «трыюмфу БГКЦ» ня здарылася. Што воля Божая стасоўна гэтае царквы пайшла ня тым самым шляхам, як «адраджэньне» РПЦ у Беларусі. Мне здаецца, вялікае шчасьце ў тым, што беларускія ўніяты пазбаўленыя сумнеўнай выгады быць «мажарытарнай канфэсіяй». У гэтым яе каштоўнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG