Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі алігарх Фірташ ратуецца ад экстрадыцыі, зрабіўшыся беларускім дыпляматам


Украінскі алігарх Дзьмітрый Фірташ на судовым працэсе ў Вене, чэрвень 2019 году
Украінскі алігарх Дзьмітрый Фірташ на судовым працэсе ў Вене, чэрвень 2019 году

Нечаканы паварот у справе аб экстрадыцыі Дзьмітрыя Фірташа ў ЗША. Каб застацца ў Аўстрыі, украінскі бізнэсовец атрымаў ад Беларусі дыпляматычную пасаду ў Вене.

Украінскі бізнэсовец Дзьмітрый Фірташ, як стала вядома DW, спрабуе атрымаць дыпляматычны імунітэт праз працу ў адным з агенцтваў ААН. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым разьвіцьці (UNIDO) — адна з малавядомых шырокай грамадзкасьці міжнародных арганізацый у структуры ААН, якая павінна садзейнічаць індустрыялізацыі посткаляніяльных краін трэцяга сьвету. Праекты UNIDO — такія, напрыклад, як праграма стыпэндый для нігерыйскіх жанчын, якія хочуць прадаваць халадзільнікі і кандыцыянэры — каардынуюцца са штаб-кватэры ў Вене.

Менавіта ў аўстрыйскай сталіцы лёс зьвёў з гэтай арганізацыяй украінскага бізнэсоўца Дзьмітрыя Фірташа, вядомага ня столькі сувязямі з Афрыкай, колькі гандлем расейскім газам.

Гэта вынікае з тэксту рашэньня Вышэйшага зямельнага суду Вены па крымінальных справах ад 14 чэрвеня, які знаходзіцца ў распараджэньні рэдакцыі DW. У дакумэнце больш як на 30 старонках пералічваюцца аргумэнты абароны Фірташа, дзякуючы якім ён дамогся таго, што пасьля дзевяці гадоў судовай адтэрміноўкі ў справе аб экстрадыцыі бізнэсоўца ў ЗША разгляд справы будзе пачаты нанова.

Ключавым аргумэнтам заяўляецца тое, што пазыцыя бізнэсоўца ў UNIDO на патрабаваньне ягоных адвакатаў забясьпечвае дыпляматычны імунітэт ад крымінальнага перасьледу. Рашэньнем ад 14 чэрвеня апэляцыйны суд абавязаў суд першай інстанцыі ўлічыць працу Фірташа ў структурах ААН і вызначыць, ці падпадае ён пад статус дыплямата. Калі адказ будзе станоўчы, Фірташ зможа пазьбегнуць экстрадыцыі ў ЗША, дзе яго абвінавачваюць у карупцыі і адмываньні грошай.

Як гаворыцца ў тэксьце рашэньня Вышэйшага зямельнага суду Вены, Фірташ мае статус дарадцы сталага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене. Нота аб дэлегаваньні ўкраінскага бізнэсоўца ў якасьці прадстаўніка пры ААН па прамысловым разьвіцьці была перададзена ў штаб-кватэру UNIDO 29 чэрвеня 2021 году.

Менавіта на падставе гэтага статусу Дзьмітрый Фірташ патрабуе спыніць працэдуру экстрадыцыі ў ЗША, спасылаючыся на дыпляматычную недатыкальнасьць. Каб даказаць, што Фірташ як дарадца ў UNIDO мае статус дыплямата, у тым ліку дыпляматычную недатыкальнасьць, у кастрычніку 2021 году адвакаты бізнэсоўца перадалі ў суд юрыдычную экспэртызу, падрыхтаваную адным з заходнеэўрапейскіх прафэсараў міжнароднага права.

У той жа час Міністэрства юстыцыі Аўстрыі паведаміла суду, што Фірташ ня мае належнай акрэдытацыі ў UNIDO і ня мае адпаведнай акрэдытацыйнай карткі МЗС Аўстрыі. Гэта значыць, урад у Вене ня лічыць украінца асобай, на якую распаўсюджваюцца прывілеі дыплямата, у тым ліку прававая недатыкальнасьць.

Суды папярэдніх інстанцый прынялі да ўвагі паведамленьне Міністэрства юстыцыі Аўстрыі і не прызналі дыпляматычную недатыкальнасьць Дзьмітрыя Фірташа. Аднак рашэньнем ад 14 чэрвеня Вышэйшы зямельны суд Вены па крымінальных справах вярнуў справу ў першую інстанцыю, абавязаўшы суд, незалежна ад пазыцыі Мін'юсту Аўстрыі, даць незалежную прававую ацэнку, ці варта прызнаць дыпляматычную недатыкальнасьць Фірташа. Калі суд прызнае ўкраінца дыпляматам з усімі адпаведнымі прывілеямі, працэс аб яго экстрадыцыі будзе прыпынены, пакуль будзе дзейнічаць дыпляматычны мандат.

У амбасадзе Беларусі ў Вене на момант публікацыі артыкула не адказалі на пытаньні DW адносна таго, чым менавіта займаецца Дзьмітрый Фірташ у якасьці дарадцы сталага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у аўстрыйскай сталіцы і чым ён карысны для UNIDO. Прадстаўнік адвакатаў Фірташа заявіў DW, што яны не камэнтуюць судовы працэс.

Такім чынам, без адказу засталося пытаньне, ці ўзгаднялася прызначэньне Фірташа дарадцам у Вене з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам або ўрадам у Менску і з чыёй ініцыятывы ўкраінец пачаў працаваць дарадцам у прадстаўніцтве Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG