Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Transparency International: уварваньне ва Ўкраіну стала вынікам нястрыманай карупцыі ў Расеі


Плакат з выявай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і надпісам «Не — вайне, не — Пуціну» на акцыі пратэсту ў сталіцы Сэрбіі. Бялград, 24 снежня 2022
Плакат з выявай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і надпісам «Не — вайне, не — Пуціну» на акцыі пратэсту ў сталіцы Сэрбіі. Бялград, 24 снежня 2022

Адсутнасьць якога-небудзь кантролю над уладай Пуціна дазволіла яму беспакарана рэалізоўваць свае геапалітычныя амбіцыі.

Карупцыя ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі застаецца на высокім узроўні. Гэта вынікае з справаздачы «Індэкс успрыняцьця карупцыі» (CPI) за 2022 год, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International.

Згодна з дакумэнтам, паказьнік карупцыі ў 2022 годзе дасягнуў гістарычнага мінімуму. Пры гэтым уварваньне Расеі ва Ўкраіну стала «найбольш жорсткім вынікам нястрыманай карупцыі і клэптакратыі» за ўвесь мінулы год, заявіла рэгіянальная дарадца Transparency International ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Алтынай Мірзабекава.

«Настаў час прачнуцца для лідэраў Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, каб яны нарэшце ўзялі на сябе абавязак пераадолець распаўсюджаную карупцыю і падтрымаць дэмакратыю, стабільнасьць і асноўныя свабоды для ўсіх людзей ва ўсім рэгіёне», — дадала яна.

У справаздачы адзначаецца, што карупцыя, канфлікты і бясьпека цесна пераплеценыя.

«Няправільнае выкарыстаньне, растрата або крадзеж дзяржаўных сродкаў можа пазбавіць тыя самыя ўстановы, якія адказваюць за абарону грамадзян, забесьпячэньне вяршэнства права і ахову міру, рэсурсаў, неабходных для выкананьня гэтай функцыі. Злачынным і тэрарыстычным групам часта дапамагае саўдзел карумпаваных дзяржаўных чыноўнікаў, праваахоўных органаў, судзьдзяў і палітыкаў, што дазваляе ім квітнець і дзейнічаць беспакарана», — гаворыцца ў дакумэнце.

Клептакраты ў Расеі назапасілі вялікія багацьці, адстутнасьць кантролю над Пуціным справакавала вайну

Паводле Transparency International, расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году стала яскравым напамінам аб пагрозе, якую карупцыя і адсутнасьць падсправаздачнасьці ўраду нясуць для глябальнага міру і бясьпекі: клептакраты ў Расеі назапасілі вялікія багацьці, паабяцаўшы ляяльнасьць прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну ў абмен на выгадныя дзяржаўныя кантракты і абарону сваіх эканамічных інтарэсаў.

Адсутнасьць якога-небудзь кантролю над уладай Пуціна дазволіла яму беспакарана рэалізоўваць свае геапалітычныя амбіцыі. Гэты напад дэстабілізаваў эўрапейскі кантынэнт, пагражаючы дэмакратыі і забіўшы дзясяткі тысяч грамадзян, адзначаецца ў справаздачы.

У справаздачы ацэньваецца ўспрыняцьце карупцыі ў дзяржаўным сэктары 180 краін сьвету. Для ацэнкі выкарыстоўваюцца зьвесткі з 13 вонкавых крыніц, у тым ліку ад Усясьветнага банку, Усясьветнага эканамічнага форуму, кансалтынгавых кампаній і аналітычных цэнтраў.

Расея ўвайшла ў групу 14 краін з найбольшым індэксам карупцыі. У гэтай жа групе знаходзіцца і Ўкраіна, але, як адзначаецца ў справаздачы, у 2022 годзе ўзровень карупцыі ў краіне значна зьнізіўся.

Пазыцыя Беларусі не зьмянілася — краіна ўваходзіць у сьпіс зь сярэднім узроўнем карупцыі.

Рэйтынг ачолілі Данія, Фінляндыя і Новая Зэляндыя. Як адзначаецца ў дакумэнце, моцныя дэмакратычныя інстытуты і выкананьне правоў чалавека робяць гэтыя краіны аднымі з самых міралюбных у сьвеце ў адпаведнасьці з Глябальным індэксам міру.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG