Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фірташ можа расказаць пра таямніцы ўкраінскай палітыкі — экспэрты


Дзьмітрый Фірташ у аўстрыйскім судзе 21 лютага 2017 году
Дзьмітрый Фірташ у аўстрыйскім судзе 21 лютага 2017 году

Украінскі алігарх Дзьмітрый Фірташ, які знаходзіцца ў Аўстрыі, можа быць выдадзены ўладам ЗША. Такое рашэньне прыняў 21 лютага Вышэйшы зямельны суд Вены.

Амэрыканскія ўлады абвінавачваюць Фірташа ў хабары індыйскім палітыкам з мэтай атрымаць ліцэнзію на распрацоўку тытанавага радовішча. Праваахоўныя органы ЗША ўжо тры гады чакаюць экстрадыцыі мільярдэра па абвінавачваньні ў подкупе і карупцыі. Паводле адпаведных артыкулаў украінскага алігарха могуць пасадзіць на 50 гадоў і адабраць ўсе яго актывы. ЗША зацікавіліся яго індыйскімі справамі пасьля таго, як стала вядома, што ён спрабаваў прадаваць тытан кампаніям з Чыкага. Верагодна, гаворка ідзе пра найбуйнейшага спажыўца гэтага мэталу — авіябудаўнічую кампанію «Боінг». Канчатковае рашэньне аб экстрадыцыі грамадзяніна Ўкраіны Фірташа павінен прыняць міністар юстыцыі Аўстрыі.

У Фірташа шмат актываў ва Ўкраіне, ён таксама валодае «Інтэрам» — адных з самых рэйтынгавых украінскіх тэлеканалаў. Паводле ўкраінскіх СМІ, Фірташ зьвязаны з Крамлём і адчувальна ўплывае на ўкраінскую палітыку.

Фірташа называюць адным з ключавых фінансістаў прэзыдэнцкай кампаніі Віктара Януковіча, зь якім былы прэзыдэнт падтрымліваў блізкія кантакты ажно да сваіх уцёкаў у Расею. У Кіеве лічаць, што калі Аўстрыя выдасьць Фірташа ЗША, то амэрыканскія ўлады даведаюцца ад яго многія палітычныя і фінансавыя таямніцы ўкраінскай і расейскай палітыкі. Яго экстрадыцыя можа мець і вельмі нэгатыўныя наступствы для шэрагу ўкраінскіх палітыкаў, мяркуе Віктар Чумак, кіраўнік камітэту Вярхоўнай Рады па пытаньнях барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

Парашэнка, Фірташ, Каламойскі, Ахметаў, Пінчук — гэта ўсё людзі аднаго кола.

«Фірташ зьяўляецца носьбітам інфармацыі аб ўкраінскай палітыцы пачынаючы з 90-х гадоў. Ён можа перадаць вельмі шмат цікавай інфармацыі амэрыканцам. Па вялікім рахунку, на сёньняшні дзень ён — фінансавы донар „Апазыцыйнага блёку“ ў Вярхоўнай Радзе. Кардынальна ўплываць на ўкраінскую палітыку Фірташ ня ў стане, але мае шмат інфармацыі, якая можа паўплываць на паводзіны нашых палітыкаў. Разумееце, Парашэнка, Фірташ, Каламойскі, Ахметаў, Пінчук — гэта ўсё людзі аднаго кола. Яны расьлі разам як палітыкі, як бізнэсмэны. Яны, у прынцыпе, здабывалі сваё багацьце пры аднолькавых працэдурах. Таму гэта людзі аднаго кола і адной філязофіі. Яны зьвязаныя паміж сабой як у бізнэсе, так і ў палітыцы» — сказаў Радыё Свабода Віктар Чумак.

Акцыя пратэсту каля офісу тэлеканалу «Інтэр» ў Кіеве 11 сьнежня 2014 году
Акцыя пратэсту каля офісу тэлеканалу «Інтэр» ў Кіеве 11 сьнежня 2014 году

Украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка лічыць, што ад Фірташа амэрыканцы могуць даведацца і пра шмат таямніцаў Крамля.

Расейскі алігарх заплаціў ў 2014-м заклад за Фірташа, калі ён быў арыштаваны ў Аўстрыі.

«Няма ніякіх сумневаў, што ў Фірташа былі сувязі з Крамлём. Вядома, што расейскі алігарх заплаціў ў 2014-м заклад за Фірташа, калі ён быў арыштаваны ў Аўстрыі. У яго была сумесная кампанія з „Газпромам“ — „Росукрэнерго“. І нас, Украіну, „абулі“ двойчы ў 2009-2010 гадах, калі спачатку нібыта канфіскавалі газ у Фірташа, а потым аддалі яго Цімашэнцы (на той момант прэм’ер-міністру Ўкраіны), быццам бы дзяржаве, а потым Украіна вымушана была заплаціць за гэты самы газ яшчэ даражэй. Сувязі ў Фірташа з Расеяй ёсьць. Пуцін уплываў на Украіну, на ўкраінскую эканоміку праз „Росукрэнерго“, але я б устрымліваўся ад ацэнак, што Фірташ — галоўны інструмэнт уплыву. У гэтых людзей быў уласны інтарэс, эгаістычны» — лічыць Уладзімір Фясенка.

У сувязях Фірташа з крамлёўскай палітыкай не сумняваецца дарадца кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Заран Шкірак.

«Безумоўна, улічваючы актывы Фірташа, скрадзеныя ва Ўкраіны, ён уплывае на пэўныя палітычныя працэсы і на асобных палітыкаў. І гаворка ідзе ня толькі аб прадстаўніках „Апазыцыйнага блёку“. Гэты алігарх працягвае фінансаваць розныя палітычныя праекты, якія займаюцца інфармацыйнымі дывэрсіямі і падрыўной дзейнасьцю ўнутры Украіны. І ў дадзеным кантэксьце можна ўспомніць і антыдзяржаўную палітыку „Інтэру“. З дапамогай такіх дзеячаў і алігархаў, як Фірташ, Лёвачкін, Бойка, Пуцін спрабуе ажыцьцявіць падрыў Украіны знутры ў той час, калі ён ня можа дамагчыся сваёй мэты ваеннымі дзеяньнямі ў Данбасе» — лічыць Заран Шкірак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG