Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія генэралы Суравікін і Аляксееў зьвярнуліся да байцоў ПВК «Вагнера»: «Спыніцеся, гэта дзяржаўны пераварот»


Яўген Прыгожын і яго байцы, 10 траўня 2023 году
Яўген Прыгожын і яго байцы, 10 траўня 2023 году

Расейскае выданьне «Медуза» прыводзіць звароты да байцоў ЧВК «Вагнера» генэрал-палкоўніка Сяргея Суравікіна і генэрал-лейтэнанта Ўладзіміра Аляксеева.

Вось што сказаў Суравікін:

«Я зьвяртаюся да кіраўніцтва, камандзіраў і байцоў ПВК „Вагнера“. Мы разам з вамі ваявалі, несьлі страты, разам перамагалі. Мы адной крыві, мы воіны. Я заклікаю спыніцца, праціўнік толькі і чакае калі ў нас абвастрыцца ўнутрыпалітычная абстаноўка. Нельга гуляць яму на руку. Пакуль ня позна, трэба падпарадкавацца волі і загаду ўсенародна абранага прэзыдэнта РФ, спыніць калёны, вярнуць іх у пункты сталай дыслякацыі. Вырашыць усе праблемы толькі мірным шляхам пад кіраўніцтвам вярхоўнага галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі РФ».

Да байцоў ПВК «Вагнера» таксама зьвярнуўся намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Ўладзімір Аляксееў. Ён назваў дзеяньні ПВК «Вагнера» «ударам у сьпіну краіне і прэзыдэнту». «Тое, што адбываецца цяпер — гэта абуральны факт, які, акрамя вар’яцтва, я не магу растлумачыць Гэта дзяржаўны пераварот. Такая правакацыя магла быць прыдумана толькі ворагамі Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Аляксееў.

Паводле ТАСС, у Маскве ўзмоцненыя захады бясьпекі. Падразьдзяленьні АМАПу і САХРу паднятыя па трывозе. Як піша агенцтва са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах, пад узмоцненую ахову ў Маскве ўзятыя «ўсе найважнейшыя аб’екты, органы дзяржаўнай улады і аб’екты транспартнай інфраструктуры».

Раней аб тым, што супрацоўнікаў маскоўскіх МУС паднялі па трывозе пісала выданьне Astra.

ФСБ заклікала байцоў «Вагнера» не выконваць загады Прыгожына — і затрымаць яго.

Раней сёньня кіраўніка ПВК «Вагнера» заявіў, што міністэрства абароны Расеі нанесла ракетны ўдар па лягерах вагнераўцаў і заявіў, што мае намер адпомсьціць міністру абароны РФ Сяргею Шайгу і кіраўніку генэральнага штабу Валерыю Герасімаву.

  • Адкрыты канфлікт Яўгена Прыгожына зь Міністэрствам абароны Расеі доўжыцца некалькі месяцаў. На фоне баёў за Бахмут Прыгожын неаднаразова публікаваў відэаролікі з рэзкай крытыкай міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і кіраўніка Генштабу Валерыя Герасімава.
  • Прыгожын абвінавачваў іх у недахопе боепрыпасаў, здачы «расейскай зямлі» і абяцаў, што будзе разьбірацца зь імі, пакуль «гэтых пэрсанажаў не дагоніць адплата». Мінабароны такія заявы звычайна не каментуе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG