Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: Беларусь перадавала зброю «вагнэраўцам»


Офіс ПВК «Вагнэр» у Санкт-Пецярбургу
Офіс ПВК «Вагнэр» у Санкт-Пецярбургу

Як вынікае з дакумэнтаў амэрыканскага вайсковага ведамства, якія выцеклі ў інтэрнэт, расейская прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» атрымала зброю ад Беларусі і Сырыі.

Пра гэта піша выданьне Financial Times.

У публікацыі FT са спасылкай на дакумэнты Пэнтагону, якія выцеклі ў інтэрнэт у сакавіку, гаворыцца, што ПВК «Вагнэр» зьвярнулася да Кітаю з просьбай паставіць боепрыпасы, аднак на пачатак студзеня інфармацыі, што Пэкін гэта зрабіў, не было. Сам зварот «вагнэраўцаў» наўпрост да Кітаю сьведчыць пра крытычнае становішча з забесьпячэньнем «вагнэраўцаў» боепрыпасамі.

Некалькі тыдняў таму байцы ПВК «Вагнэр» праз адзін з тэлеграм-каналаў наўпрост зьвярталіся да кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ з просьбай забясьпечыць іх боепрыпасамі. Адсутнасьць снарадаў была адной з прычынаў публічнага канфлікту ўладальніка ПВК Яўгена Прыгожына зь міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу і начальнікам Генштабу Валерам Герасімавым.

Тым часам, як вынікае з дакумэнтаў, да пачатку 2023 году Беларусь паставіла «вагнэраўцам» палову ад абяцанага аб’ёму зброі (яе мадыфікацыя не пазначаецца) і выказала прапанову паставіць яшчэ 300 тысячаў асколкавых стрэлаў ВОГ-17 для гранатамётаў.

Пэўную колькасьць боепрыпасаў, але значна меншую, чым зь Беларусі, «вагнэраўцы» атрымалі і ад Сырыі, піша FT.

Рэакцыя афіцыйнага Менску на публікацыю Financial Times на момант выхаду гэтага матэрыялу адсутнічала.

  • Крыніцай найбуйнейшага за шмат гадоў выцеку дакумэнтаў Пэнтагону стаў супрацоўнік амэрыканскай вайсковай базы, які публікаваў іх у закрытым чаце для геймэраў. Ён публікаваў паперы, каб «трымаць знаёмых у курсе падзей». Пра гэта пісала газэта The Washington Post.
  • Выданьню ўдалося зьвязацца з удзельнікамі закрытага чату ў мэсэнджары Discord, дзе публікаваліся сакрэтныя паперы. Чат аб’ядноўваў геймэраў, захопленых зброяй, вайсковым рыштункам і хрысьціянствам, вынікае з матэрыялу WP. Доступ туды быў толькі па запрашэньні.
  • Журналістам удалося азнаёміцца прыблізна з трыма сотнямі сакрэтных дакумэнтаў, апублікаваных у чаце.
  • 13 красавіка ФБР арыштавала падазраванага ў выцеку дакумэнтаў з Пэнтагону. Гэта 21-гадовы вайсковец Нацыянальнай гвардыі (падразьдзяленьня ВПС) штату Масачусэтс Джэк Тэйшэйра.
  • Тэйшэйра паўстане перад фэдэральным судом у Бостане. Міністэрства юстыцыі ЗША завяло крымінальную справу аб выцеку дакумэнтаў Пэнтагону.
  • Вайсковае ведамства ЗША праводзіць унутранае расьсьледаваньне і ацэньвае шкоду, нанесеную абнародаваньнем сотняў канфідэнцыйных дакумэнтаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG