Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішні баец ПВК «Вагнэр» пазнаў сваіх таварышаў на відэа жорсткага забойства ўкраінскага палоннага


Андрэй Мядзьведзеў
Андрэй Мядзьведзеў

Былы найміт расейскай прыватнай вайсковай кампаніі, які ўцёк у Нарвэгію, заявіў, што пазнаў сваіх колішніх саслужыўцаў. Паводле яго, менавіта яны адрэзалі галаву жывому ўкраінскаму палоннаму.

Заснавальнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін паведаміў, што зьвязаўся з былым наймітам ПВК «Вагнэр» Андрэем Мядзьведзевым, і той пазнаў сваіх таварышаў па службе на відэазапісе пакараньня сьмерцю.

«Ён дакладна пазнае сваіх тамтэйшых калегаў, байцоў ПВК „Вагнэр“ па іх характэрных пазыўных, па тым, як яны размаўляюць, па тым, што гавораць па рацыі», — сказаў Асечкін.

У Крамлі, камэнтуючы відэа, заявілі, што «ў сьвеце фэйкаў, у якім мы жывем, неабходна праверыць сапраўднасьць гэтай здымкі».

Увечары 11 красавіка ў сацыяльных сетках зьявілася відэа, на якім расейскія вайскоўцы катуюць украінскага палоннага і жывому адсякаюць галаву. Дзе і калі зьнялі відэа — невядома, па колькасьці зеляніны навокал можна меркаваць, што гэта лета. Радыё Свабода пакуль ня можа ўстанавіць паходжаньне відэа.

Пасьля апублікаваньня відэароліку Служба бясьпекі Ўкраіны пачала праверку па артыкуле аб парушэньнях законаў і звычаяў вайны.

Амэрыканскі тэлеканал CNN паведаміў, што цягам тыдня зьявіліся два такія відэа, на якіх, верагодна, бачна абезгалоўленьне ўкраінскіх вайскоўцаў, іх зьнялі падчас асобных падзеяў, у прыватнасьці, адно зь іх нядаўна, верагодна, пад Бахмутам.

Згодна з Жэнэўскай канвэнцыяй, расстрэл або жорсткае абыходжаньне з ваеннапалоннымі зьяўляюцца ваеннымі злачынствамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG