Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неабходна весьці дыялёг зь Ціханоўскай — старшыня камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў зьнешняй палітыцы


Аляксандар Мярэжка
Аляксандар Мярэжка

Пры гэта Аляксандар Мярэжка, кіраўнік камітэту ўкраінскага парлямэнту, заявіў у інтэрвію парталу «Зеркало».

Ён доктар юрыдычных навук, прафэсар. У 2019 годзе стаў чальцом каманды Ўладзіміра Зяленскага, быў абраны дэпутатам ад партыі «Слуга народу», цяпер узначальвае камітэт Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў зьнешняй палітыцы і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве.

Прапануем вам тэкст інтэрвію ў скароце.

— Хачу пагаварыць пра адносіны Беларусі і Ўкраіны цяпер. З аднаго боку, мы чуем, як Лукашэнка называе прэзыдэнта Зяленскага «гнідай», а з другога — украінскія ўлады даволі стрымана выказваюцца на адрас беларускага палітыка. Як вы гэта тлумачыце?

— Гэта розныя ўзроўні культуры. Як у чалавечых адносінах, калі нехта паводзіць сябе па-хамску ў адносінах да вас, то ён спрабуе апусьціць вас на свой узровень. Ні ў якім разе на такія правакацыі нельга паддавацца. Трэба быць вышэй за гэта. Гэта асабліва важна ў палітыцы і дыпляматыі. Часам лепш праігнараваць і не паддацца на правакацыю. А тут мы маем справу зь відавочнай вельмі хамскай і хуліганскай правакацыяй. Украіна паводзіць сябе стрымана, і я лічу, што робіць правільна. Гэта паказвае наш высокі ўзровень дыпляматычнай культуры.

— А ці ня можа гэтая стрыманасьць быць сьвядомай палітыкай украінскай улады для таго, каб лішні раз не злаваць Лукашэнку і каб на эмоцыях ён ня вырашыў нешта зрабіць?

— Мне складана сказаць, я тут цалкам карціну ня бачу. Ёсьць вэрсія, якая выказвалася журналістамі, я ня чуў, каб яна выказвалася недзе афіцыйна: з пункту гледжаньня рэальнай палітыкі Ўкраіна не зацікаўленая ў тым, каб Лукашэнка цалкам уключыўся са сваім войскам у агрэсію. Сёньня ён дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю, але пакуль поўнага ўключэньня ўсёй вайсковай моцы Беларусі не адбылося. Трэба старацца па магчымасьці пазьбягаць таго, каб ваша краіна аказалася цалкам уцягнутая ў агрэсію.

Наколькі гэтая вэрсія пераканаўчая? Мне цяжка меркаваць, таму што можна прывесьці контраргумэнт. Дапусьцім, Лукашэнка вырашае накіраваць беларускія войскі ва Ўкраіну. Мы ня ведаем, якая будзе рэакцыя грамадзтва, магчыма, такая ж, як і пасьля нелегітымных выбараў. А можа, беларускія войскі павернуць свае штыхі супраць Лукашэнкі. Гэта можа стаць апошняй кропляй у вялізнай чашы цярпеньня беларускага народу. Мне падаецца, што тут сытуацыя непрадказальная.

— Калі гаварыць пра рэальную палітыку: ва Ўкраіне працуюць беларускія добраахвотнікі, прыяжджаюць лідэры старой апазыцыі, напрыклад Зянон Пазьняк, часта бываюць супрацоўнікі Офісу Ціханоўскай, але пры гэтым украінскія ўлады ня хочуць сустракацца з самой Ціханоўскай. Складаецца адчуваньне, што ёсьць пэўная дамоўленасьць паміж Кіевам і Менскам наконт гэтага.

— Мне складана сказаць, але нават тыя заявы і пастановы, якія былі прынятыя Вярхоўнай Радай у дачыненьні да Беларусі, надзвычай вострыя і прынцыповыя. Калі мы прымалі рашэньне, мы не баяліся і не глядзелі на тое, якая можа быць рэакцыя Лукашэнкі. Больш за тое, мы разглядалі яго як нелегітымнага кіраўніка дзяржавы. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то, па сутнасьці, ён дыктатар. Мне падаецца, што Ўкраіна шукае нейкі фармат стасункаў зь Беларусьсю і беларускім грамадзтвам, у тым ліку і з апазыцыяй.

У нас ёсьць людзі, якія ўваходзяць у аб’яднаньне дэпутатаў (міжфракцыйнае абʼяднаньне ў Вярхоўнай Радзе «За дэмакратычную Беларусь». — «Зеркало»), якія зьвязаныя зь Беларусьсю. Там ёсьць дыскусія наконт таго, ці можа полк Каліноўскага быць прадстаўніком Беларусі. Наконт Ціханоўскай на самым пачатку ў мяне была пэўная асьцярожнасьць з прычыны тых заяваў, якія яна рабіла раней. Я быў на шэрагу мерапрыемстваў разам зь ёю, у тым ліку і ў Вашынгтоне. Калі яна выступала, я адзначыў для сябе, што рыторыка памянялася. Сьвятлана Ціханоўская стала больш прынцыповай. Мэсыджы, якія яна агучвае, выклікаюць у мяне сымпатыю. Відаць, што яна падтрымлівае Ўкраіну. Для мяне гэта галоўны крытэр. А яшчэ Ціханоўская выступае на беларускай мове, гэтым яна падкрэсьлівае сваю ідэнтычнасьць.

Я ўбачыў стаўленьне да Ціханоўскай на Захадзе — вельмі цёплае. Той факт, што яна сустрэлася са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Кевінам Макарці, гаворыць шмат пра што. Сьвятлана Ціханоўская карыстаецца сурʼёзнай падтрымкай на Захадзе, там яе ўспрымаюць як легітымнага прадстаўніка Беларусі. Маё меркаваньне — неабходна весьці дыялёг.

— Ваша цытата кастрычніка 2022 году: «Пазыцыя Ціханоўскай у адносінах да Расеі і Пуціна недастаткова выразная. Яна нібы баіцца назваць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, дакладна сказаць, што Расея зьяўляецца дзяржавай-тэрарыстам, агрэсарам і ворагам беларускага народу. Акрамя таго, у яе асяродзьдзі ёсьць некалькі сумнеўных людзей. Яна таксама рабіла заявы, зьвязаныя з Украінай, якія выклікалі неразуменьне ва Ўкраіне». У сакавіку гэтага году Ціханоўская, напрыклад, заклікала разарваць усе сувязі з Масквой і назвала Расею краінай-агрэсарам, што і раней таксама рабіла. Сама Ціханоўская неаднойчы выказвала падтрымку Ўкраіне, а ў гадавіну вайны заклікала беларусаў за мяжой выйсьці на мітынгі, ва Ўкраіне зараз фармуецца беларуская вайсковая частка. Што яшчэ беларускія дэмакратычныя сілы павінны зрабіць, каб прадстаўнікі Ўкраіны перасталі гаварыць пра недастаткова дакладную пазыцыю?

— Словы, якія вы цытавалі, былі сказаныя дастаткова даўно. Сытуацыя зьмянілася. Я не спэцыяліст па Беларусі, я выказваю сваю субʼектыўную думку. Я лічу, што неабходны дыялёг, хто нас падтрымлівае, таго і мы павінны падтрымліваць. Я вам ужо назваў фактары, якія прымушаюць мяняць маё стаўленьне да Ціханоўскай. Пытаньне, ці варта яе прызнаць у якасьці адзінага прадстаўніка беларускага народу ці ўраду ў выгнаньні, — вельмі складанае. Я яго не вырашаю. Я лічу, што на парлямэнцкім узроўні дыялёг магчымы. У гэтых паездках я перасякаўся зь Ціханоўскай, але, на жаль, нам не ўдалося паразмаўляць.

На адным зь мерапрыемстваў крыху паразмаўлялі з дарадцам Ціханоўскай Франкам Вячоркам. Мне было цікава даведацца яго пункт гледжаньня. Але гэта была ня надта дэталёвая гутарка. Мне цікавая пазыцыя Беларусі. Для мяне гэта ўсё яшчэ загадкавая краіна — абсалютна нечаканае паўстаньне ў 2020 годзе, сапраўдная рэвалюцыя, а ў мяне быў стэрэатып, што беларусы спакойныя і наўрад ці варта ад іх чакаць такой рашучасьці.

— У беларускіх добраахвотнікаў часта ўзьнікаюць праблемы зь легалізацыяй ва Ўкраіне. Пакуль яны служаць — вайсковы квіток замяняе беларускі пашпарт і дазвол на жыхарства, але пасьля дэмабілізацыі пачынаюцца праблемы. Ці гатовыя вы і іншыя дэпутаты вырашаць гэтае пытаньне?

— Я выкажу свой пункт гледжаньня. Людзі, якія праліваюць кроў за маю краіну, маюць поўнае права атрымаць грамадзянства. Я разумею, што чалавек, які тут ваюе і мае беларускі пашпарт, мае патрэбу ў пэўнай абароне. Таму што ён безабаронны, калі трапляе ў іншую краіну, і можа ўзьнікнуць пытаньне, напрыклад, аб экстрадыцыі. А ўкраінскае грамадзянства дае пэўную абарону. Але я разумею, што трэба ўлічваць некаторыя нюансы, зьвязаныя з нацыянальнай бясьпекай. Наколькі мне вядома, аб праблеме, якую вы агучылі, ведаюць. Напрыклад, міжфракцыйнае абʼяднаньне дэпутатаў Вярхоўнай Рады «За дэмакратычную Беларусь» павінна займацца такімі справамі і спрабаваць прасоўваць інтарэсы Ўкраіны і беларусаў, якія за нас ваююць.

— Калі будзе абмеркаваньне і галасаваньне, то вы іх падтрымаеце?

— Я з задавальненьнем прагаласую за такі законапраект.

— Які цяпер настрой у Вярхоўнай Радзе? Ці гатовыя дэпутаты заклікаць да новых санкцый супраць Беларусі, як ва Ўкраіне, так і ў Эўропе?

— Безумоўна, мы выступаем за ўзмацненьне санкцый у адносінах да дзяржавы-агрэсара. Наша мэта — ня проста павелічэньне санкцый, а татальная ізаляцыя. Важна ізаляваць ня толькі агрэсара, але і яго памагатых. Беларусь падпадае пад вызначэньне саўдзельніка злачынства агрэсіі, бо дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю. У нас няма іншага выйсьця, як толькі дамагацца поўнай ізаляцыі і ўзмацненьня санкцый у адносінах да Расеі і Беларусі.

— Асабіста ў вас ёсьць жаданьне зраўняць санкцыі супраць Масквы і Менску?

— У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра нэгатыўныя стымулы, якія павінны зьмяніць паводзіны. Зыходзячы з прававой лёгікі, калі мы ўжываем адзін набор санкцый да галоўнага злачынцы, то такія ж санкцыі павінны ўжывацца і да саўдзельнікаў. Але ў адносінах да вашай краіны ёсьць усё ж пэўнае адрозьненьне.

Народ Беларусі адрозьніваецца ад народу Расеі, які ў сваёй большасьці падтрымлівае злачынствы свайго рэжыму. Беларусы ня хочуць гэтай вайны, вы не адчуваеце гонару за паводзіны Лукашэнкі. І для мяне стала адкрыцьцём народнае паўстаньне ў 2020 годзе. Беларусы — не імпэрскі народ. Гэты факт трэба ў пэўнай ступені ўлічваць, калі мы гаворым пра санкцыі. А Лукашэнка — саўдзельнік Пуціна, яго апошнія заявы, па сутнасьці, паўтараюць варʼяцкія ілжывыя абвінавачаньні кіраўніка РФ. Гэта трывожны сыгнал.

— Акрамя Лукашэнкі, каго зь беларусаў вы лічыце патрэбным прыцягнуць да адказнасьці?

— Па сутнасьці, калі мы гаворым пра злачынства агрэсіі, гаворка ідзе пра злачынства, учыненае кіраўніцтвам дзяржавы. Мы можам гаварыць пра віну і адказнасьць ня толькі вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі, але і вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі як саўдзельніка.

Усе людзі, якія маюць дачыненьне да прыняцьця Беларусьсю рашэньняў дазволіць Расеі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для ўчыненьня злачынства агрэсіі, павінны несьці адказнасьць. Межы паняцьця «вайскова-палітычнае кіраўніцтва» даволі ўмоўныя. Калі будзе створаны міжнародны трыбунал, тады ўзьнікнуць пытаньні: хто зьяўляецца саўдзельнікам, у якой меры і які слой беларускага кіраўніцтва павінен быць прыцягнуты да адказнасьці.

— Як кіраўнік камітэту Вярхоўнай Рады ў зьнешняй палітыцы якой вы бачыце палітыку Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі пасьля заканчэньня вайны?

— Я ўпэўнены ў тым, што наша перамога, а мы на яе спадзяёмся і разьлічваем, стане каталізатарам зьменаў і надзеяй, якая зьменіць беларускае грамадзтва. Дыктатары ня вечныя. У вашай краіны ёсьць сурʼёзны дэмакратычны патэнцыял, і самае галоўнае, што ёсьць воля. Асабліва ў маладога пакаленьня. Людзі жадаюць жыць у вольным грамадзтве. Гэта нельга забіць да канца ні з дапамогай прапаганды, ні з дапамогай рэпрэсій. Я аптыміст у адносінах да Беларусі. Зьмены абавязкова адбудуцца, і каталізатарам стане наша перамога.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG