Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз штурму Крамля, без узяцьця Львова і без атакі на Дразды. Канец вайны, які многіх расчаруе


Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Зяленскі. Каляж
Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Зяленскі. Каляж

Калі ядзерныя ракеты ў ахопленай смутай Расеі распаўзуцца, гэта было б нашмат большым галаўным болем, чым захаваньне Расеі адзінай — няхай несвабоднай, таталітарнай, але з адзіным цэнтрам кіраваньня, зь якім можна дамовіцца пра галоўнае для Захаду пытаньне — ядзерную зброю.

Многія (асабліва ўкраінцы) хацелі б бачыць фінал гэтай вайны яркім і відовішчным. Такім, каб украінскія танкавыя арміі магутным бранявым кулаком выбівалі расейцаў з Варонежу і Курску, Калугі і Бранску; каб эскадрыльлі F-16 з выявамі трызубца на фюзэляжах бамбілі вайсковыя заводы ў Падмаскоўі і ў Ніжнім Ноўгарадзе; каб украінская пяхота штурмам брала Крэмль і ўздымала жоўта-блакітны прапар над Вялікім крамлёўскім палацам, а Пуцін дрыжэў у сваім апошнім падземным бункеры, шукаючы скрыначку з атрутай, як Гітлер у 1945-м. Але ў рэальнасьці нічога гэтага ня будзе.

Украіна перамагае, а Расея не цярпіць паразы

Тэарэтычна, напэўна, такая перамога Украіны магчымая — калі б Захад мабілізаваў усе свае рэсурсы і ў сьціслыя тэрміны забясьпечыў Кіеву вялізную перавагу на ўсіх франтах, а сама Ўкраіна дадаткова мабілізавала сотні тысяч новых салдатаў, неабходных для пералому на фронце. Але падобны фінал сёньня, праз год пасьля пачатку расейскага ўварваньня, выглядае чымсьці неверагодным.

Украінскі вайсковец у Бахмуце, 12 лютага 2023
Украінскі вайсковец у Бахмуце, 12 лютага 2023

Як, зрэшты, не прадбачыцца і расейскага трыюмфу: ні расейскага сьцяга над кіеўскім Храшчацікам, ні пераможнага параду расейскай арміі ў Львове ці Чарнаўцах ніхто ўжо не чакае нават у Маскве. І атакі палку Каліноўскага на Дразды ці на адну з шматлікіх рэзыдэнцый Лукашэнкі мы таксама наўрад ці дачакаемся, як бы многія пра гэта ні марылі.

Ужо на працягу многіх тыдняў і месяцаў шмат размоў вядзецца пра будучыя калясальныя пастаўкі самай сучаснай зброі і будучую вырашальную перавагу Ўкраіны. Але рэальнасьць прыкметна іншая і не такая аптымістычная для ўкраінскага боку. Фронт месяцамі застаецца на адным месцы, нязначна пасоўваючыся на некалькі кілямэтраў то ў адзін, то ў другі бок. Пастаўкі заходняй зброі адбываюцца, але даволі марудна і не такія значныя, каб прывесьці да пералому ў вайне. Складаецца ўражаньне, што пастаўкі гэтыя роўна такія, каб лінія фронту вагалася менавіта так і каб ніводзін з бакоў не пацярпеў хуткага і поўнага разгрому. Чаму?

Наступствы расейскага ракетнага абстрэлу Краматорска. 2 лютага 2023
Наступствы расейскага ракетнага абстрэлу Краматорска. 2 лютага 2023

Вельмі магчымы, хоць і надзвычай сумны для многіх зыход гэтай вайны — калі ўсё спакваля вернецца прыблізна да стану на 24 лютага 2022 году. Войскі адыдуць на ранейшыя пазыцыі, Масква і Кіеў са скрыпам падпішуць пагадненьне аб спыненьні агню. Усе застануцца на сваіх ранейшых месцах (і Пуцін, і Зяленскі, і Лукашэнка, толькі моцна аслабленыя). А агаломшаныя народы трох сапраўды блізкіх краін будуць задаваць сабе пытаньне, дзеля чаго ўсё гэта было — сотні тысяч ахвяраў, мільёны ўцекачоў, разбураныя гарады і вёскі, прыгнечаная санкцыямі эканоміка, закрытыя межы?.. Бо ў канчатковым выніку самыя вялікія страты пацярпяць тры гэтыя краіны, якія будуць адкінутыя далёка назад у сваім разьвіцьці. І адказваць на гэтыя пытаньні ня будзе каму. Як і амаль у кожнай вайне.

Прага імпэрскай велічы як хвароба

Наўрад ці можна дакараць Захад за тое, што, назіраючы за вайной ва Ўкраіне, ён найбольш заклапочаны тым, каб полымя вайны не перакінулася на яго самога. Так было заўсёды. Другая сусьветная яшчэ была ў разгары, абрысы будучай эўрапейскай мапы зь цяжкасьцю праглядаліся скрозь руіны і пажарышчы эўрапейскіх гарадоў — а палітыкі ўжо задумваліся над тым, якой будзе вайна наступная.

Цяжка ўявіць, як расейская імпэрская сьвядомасьць можа разбурыцца да такой ступені, каб у будучыні рускі чалавек ня думаў пра свае гістарычныя крыўды і аднаўленьне імпэрскай велічы. На памяці нашых пакаленьняў быў хіба што адзін такі пэрыяд — напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў. Краіна настолькі зьнясілела ў выніку гонкі ўзбраеньняў, савецкі чалавек настолькі стаміўся ад бязладзьдзя і неўладкаванасьці ўласнага побыту, што пра веліч імпэрыі, здавалася, і думаць забыў — так страўнік з галадухі прыхапіла... Але дзіўная рэч: толькі трохі ачомаліся ад бясконцых чэргаў і дэфіцытаў, толькі зьніклі чэргі па хлеб, малако і мяса — як амаль імгненна ўспомніліся ўсе імпэрскія крыўды і комплексы. Прычым адбылося гэта з расейскім грамадзтвам вельмі хутка: войны з Чачэніяй пачаліся яшчэ ў сярэдзіне 90-х.

Руіны Грознага, 1995
Руіны Грознага, 1995

Зрэшты, да вялікай вайны тады яшчэ было досыць далёка. І амаль чвэрць стагодзьдзя сьвет меў адносную перадышку: пакуль Расея пакрысе назапашвала вайсковую моц, ператвараючы свае нафтавыя і газавыя звышдаходы ў ракеты, танкі і гарматы.

Расея разгромленая і прыніжаная — гэта нешта загадкавае і непрадказальнае. І яўна больш небясьпечнае, чым нават Расея сёньняшняя, пуцінская. Нешта падобнае, відавочна, адбывалася з пасьлярэвалюцыйнай і пасьляваеннай Расеяй у 1918–1921 гадах — ахопленай грамадзянскай вайной, разрэзанай уздоўж і ўпоперак разнастайнымі франтамі, акупаванай шматлікімі сваімі і чужымі арміямі. Адзін час былыя саюзьнікі па Антанце спрабавалі з дапамогай сваіх экспэдыцыйных карпусоў неяк паспрыяць усталяваньню парадку на гэтай тэрыторыі. Але безь вялікага плёну. Урэшце брытанскія, францускія і японскія караблі, не дамогшыся посьпеху, адплылі на радзіму. А вялікі расейскі кацёл, заканапачаны і аддзелены ад астатняга сьвету, яшчэ доўгі час віраваў і кіпеў, пакуль урэшце з крывавай пены не зьявілася на божы сьвет аблічча новага чырвонага імпэратара, які жалезнай рукой заціснуў усю гэтую тэрыторыю ў свой сталёвы кулак.

Ёсіф Сталін, Мікалай Бухарын і іншыя савецкія кіраўнікі ў Маскве. 1929
Ёсіф Сталін, Мікалай Бухарын і іншыя савецкія кіраўнікі ў Маскве. 1929

Захад наўрад ці хацеў бы паўтарэньня таго досьведу стогадовай даўнасьці. І галоўная прычына, натуральна, у тым, што ад Расеі сёньняшняй немагчыма цалкам аддзяліцца жалезнай заслонай, як гэта было стагодзьдзе таму. Тады эўрапейцы проста махнулі рукой на загадкавых расейцаў: няхай у сябе робяць што хочуць, абы іншым не пагражалі. Цяпер усё інакш. Калі ядзерныя ракеты ў ахопленай смутай Расеі распаўзуцца, як прусакі, ды трапяць у рукі наваяўленых атаманаў, вярхоўных правіцеляў ці тузіна новых рэгіянальных прэзыдэнтаў — гэта было б нашмат большым галаўным болем, чым захаваньне Расеі адзінай — няхай несвабоднай, таталітарнай, але з адзіным цэнтрам кіраваньня, зь якім можна дамовіцца пра галоўнае для Захаду пытаньне — пра ядзерную зброю.

Ці магчыма ў прынцыпе выкараніць расейскі рэваншызм, узгадаваны паўтысячагадовым досьведам імпэрскіх захопніцкіх войнаў і непазбыўнага расейскага прыгону і рабства — пытаньне цьмянае і для сьвету не да канца зразумелае. З таго досьведу, які апрабаваны на практыцы, для Захаду відавочна адно: Расея застаецца неагрэсіўнай да таго часу, пакуль яна слабая і вымушана засяроджаная на ўласных унутраных праблемах. Так было ў канцы 80-х і на пачатку 90-х. І тады сьвет атрымаў чвэрць стагодзьдзя адноснага спакою і міру: Расея нікому не пагражала і нават рабіла выгляд, што пагаджаецца жыць паводле агульнапрызнаных міжнародных правілаў, ні на кога не нападаць і нікога не далучаць. Ідылічная карцінка захоўвалася, пакуль не зьявіўся Пуцін і не сасьпеў да новай імпэрыялістычнай вайны.

Паразу назвалі перамогай

У вайны, якую распачаў супраць Украіны Пуцін, даволі шмат паралеляў з ірана-ірацкай вайной 1980–1988 гадоў. Абодва канфлікты досыць падобныя па маштабах: на заключным этапе, паводле стану на 1988 год, кожная з армій (іранская і ірацкая) налічвала больш за 800 000 салдат, тысячы танкаў і бронемашын, сотні баявых самалётаў. Колькасьць ахвяраў вымяралася напрыканцы вайны сотнямі тысяч (а параненых і пакалечаных — нават мільёнамі). Зброя на абодва бакі фронту сьцякалася з усяго сьвету. Найбольш спрытныя гандляры (СССР і Кітай) умудраліся прадаваць зброю адначасова абодвум варагуючым бакам, зарабляючы такім чынам і на адных, і на другіх.

Іранскія палонныя ў чарзе па ваду. 1985
Іранскія палонныя ў чарзе па ваду. 1985

Абедзьве краіны ў выніку пацярпелі калясальныя фінансавыя, матэрыяльныя страты: Ірак — 342 мільярды даляраў (да таго ж на 110 мільярдаў вырас вонкавы доўг), Іран — 645 мільярдаў даляраў (і гэта ў цэнах канца 80-х гадоў, калі даляр быў значна больш важкі, чым цяпер). Але найбольш уражвае тое, што дзяржаўная мяжа паміж дзьвюма краінамі ў выніку засталася там жа, дзе была да вайны. Ірак так і ня здолеў анэксаваць памежную правінцыю Хузестан (Арабістан) з арабскім насельніцтвам, пад лёзунгам вызваленьня якой распачынаў уварваньне. Іран ня здолеў зрынуць рэжым Садама Хусэйна, які застаўся такім жа ваяўнічым і агрэсіўным — і толькі яшчэ больш мілітарызаваўся ў выніку шматгадовага напампоўваньня зброяй.

Руіны Ірана-ірацкай вайны
Руіны Ірана-ірацкай вайны

Вайна, па сутнасьці, аказалася безвыніковай і ніводнаму з бакоў не прынесла нічога, апроч вялізных стратаў — і людзкіх, і матэрыяльных. Зрэшты, гэта не перашкодзіла і Тэгерану, і Багдаду абвясьціць сябе пераможцамі і адсьвяткаваць гэтую перамогу — кожнаму па-свойму. Зь велічнымі мэмарыяламі, вечнымі агнямі і пампэзнымі парадамі. Як ні дзіўна, многія ў Іране і Іраку дагэтуль перакананыя, што менавіта іх краіна здабыла вялікую перамогу ў той вайне. Прапаганда ў несвабодных краінах — вялікая сіла.

Апанаваныя прагай рэваншу

Калі гавораць пра небясьпеку рэваншызму, то звычайна маюць на ўвазе вялікія «імпэрскія» нацыі. Ідэяй рэваншу за крыўдную паразу ў франка-прускай вайне і страчаныя правінцыі Эльзас і Лятарынгію доўгія гады перад Першай сусьветнай вайной былі апанаваныя французы. На дражджах нацыянальнага прыніжэньня і тэрытарыяльных стратаў у выніку паразы ў Першай сусьветнай вырас і ўмацаваўся гітлераўскі нацызм у 30-я гады мінулага стагодзьдзя. «Што было нямецкім, тое зноў павінна стаць нямецкім!» — пад гэтым гітлераўскім лёзунгам у 30-я гады аб’ядналіся дзясяткі мільёнаў немцаў.

Антываенная акцыя ў Нямеччыне. Гановэр, красавік 2022
Антываенная акцыя ў Нямеччыне. Гановэр, красавік 2022

Пуцінская ідэалёгія нашага часу мала чым адрозьніваецца ад гітлераўскай: замяніце слова «нямецкае» на «расейскае» — лёзунг нацыстаў будзе гучаць гэтак жа актуальна. Тое, што адбываецца сёньня на ўсходзе і поўдні Ўкраіны — расейскі рэваншызм XXI стагодзьдзя, спроба «адкруціць» гісторыю, вярнуць панаваньне Масквы над Усходняй Эўропай, загаіць раны ад гібелі колішняй імпэрыі, зьнікненьне якой Пуцін назваў «найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя».

Рэваншызм у пераможанай Расеі нікуды ня зьнікне. Можа, заціхне, затоіцца на якісьці час. Каб потым выбухнуць з новай сілай. Гісторыя сьведчыць: чым больш крыўднай і гучнай бывае параза апанаванай мілітарызмам і прагай экспансіі нацыі, тым з большай разбуральнай сілай потым паўстае і разрастаецца ў прыніжаным грамадзтве прага помсты і рэваншу. Менавіта таму пасьля Другой сусьветнай вайны заходнія дзяржавы-пераможцы столькі высілкаў прыклалі дзеля таго, каб рэваншызм не адрадзіўся ў разгромленых Нямеччыне і Японіі, каб гэтыя краіны сталі на дэмакратычны шлях разьвіцьця.

Разгрому пуцінскай Расеі (прынамсі, такога, які пацярпелі ў 1945-м Нямеччына і Японія) — яўна ня здарыцца. І тая вонкавая сіла, якая б змусіла Маскву да дэмакратычных пераўтварэньняў, таксама пакуль што ніяк не праглядаецца. Ці ня гэтыя відавочныя матывы схіляюць Захад да такой разьвязкі, пры якой параза Масквы выглядала б параўнальна мяккай і нехваравітай? А шараговаму ня надта дасьведчанаму расейскаму абываталю гэтую паразу ўвогуле можна падаць як перамогу — каб не выклікаць у грамадзкай сьвядомасьці крыўдаў і расчараваньняў. Пытаньні пра рэпарацыі, трыбунал над ваеннымі злачынцамі ды іншыя атрыбуты аглушальнага разгрому ў гэтым выпадку могуць увогуле адпасьці — якраз дзеля таго, каб не выклікаць да жыцьця і не падсілкоўваць хімэраў рэваншу, якія б пагражалі сьвету новай вайной.

Вугорскае бачаньне Трыанонскай дамовы 1920 году. Плякат
Вугорскае бачаньне Трыанонскай дамовы 1920 году. Плякат

Беларусаў хвароба імпэрскасьці і рэваншызму, здавалася б, ніякім бокам зачапіць не павінна. Хоць хто ведае, якой будзе рэакцыя беларускага грамадзтва, калі вынікам вайны для яго стане яшчэ глыбейшая ізаляцыя ад цывілізаванага сьвету, таўро суагрэсара і яшчэ больш жорсткі дыктатарскі рэжым унутры краіны. Невялікія нацыі, здаралася, таксама моцна цярпелі ад рэваншызму. Так здарылася, напрыклад, з вугорцамі, якія пасьля паразы Аўстра-Вугоршчыны ў першай сусьветнай вайне і распаду імпэрыі Габсбургаў былі жорстка (і наўрад ці заслужана) пакараныя дзяржавамі-пераможцамі. Згодна з Трыанонскай дамовай 1920 году Вугоршчына страціла дзьве траціны сваіх даваенных тэрыторый (як ніводная іншая краіна), на яе былі накладзеныя вялізныя рэпарацыі. За межамі новай незалежнай краіны апынуліся мільёны этнічных вугорцаў.

Тая цяжкая параза, нацыянальнае прыніжэньне і крыўда адбіліся потым на ўсёй гісторыі новай Вугоршчыны. На хвалі рэваншызму яна стала на бок Гітлера і ў 1938 годзе дамаглася вяртаньня многіх ранейшых тэрыторый, адабраўшы іх у Славаччыны, Румыніі, Югаславіі. Потым, пасьля паразы ў Другой сусьветнай, Вугоршчына мусіла вярнуцца ў ранейшыя межы. Але старыя траўмы дагэтуль не загоеныя. Гэта выразна адбіваецца і на палітыцы сёньняшняй Вугоршчыны, у якой сваё асаблівае стаўленьне і да вайны ў Украіне, і да самой Украіны (украінскае Закарпацьце — адзін з рэгіёнаў, дзе жыве значная колькасьць вугорцаў), і да парадкаў у Эўразьвязе. На вуліцах вугорскіх гарадоў і сёньня можна ўбачыць выявы мапы колішняй Вялікай Вугоршчыны ў межах 1914 году, а сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што большасьць сёньняшніх вугорцаў зусім ня лічаць цяперашнія дзяржаўныя межы сваёй краіны справядлівымі.

...Расея выйдзе з гэтай вайны аслабленай, ізаляванай, з падарванай эканомікай і змарнаванымі рэсурсамі, зьбяднелым насельніцтвам і цьмянымі пэрспэктывамі. З разьвянчаным і пасаромленым мітам пра «другую армію ў сьвеце». І тым ня менш — ацалелай. Гарачыя імпэрскія галовы павінны на ўласным горкім досьведзе ўбачыць і асэнсаваць рэальныя магчымасьці сваёй адсталай недаімпэрыі. І на нейкі час заціхнуць унутры ранейшых межаў, залізваючы раны. А цывілізаваны сьвет атрымае яшчэ адну перадышку. На той час, пакуль расейскі народ пакрысе будзе адыходзіць ад гэтай вайны, загойваць раны і забываць пра трагічны і няўдалы досьвед аднаўленьня імпэрыі. І пакуль у Маскве ня зьявіцца і не ўбярэцца ў сілу які-небудзь новы Пуцін. Але тое калі яшчэ здарыцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG