Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прызналі Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваньнем»


Эмблема Беларускай асацыяцыі журналістаў
Эмблема Беларускай асацыяцыі журналістаў

БАЖ пазбавілі рэгістрацыі, у менскай сядзібе арганізацыі правялі ператрус і канфіскацыю тэхнікі. Раней улады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» 14 незалежных СМІ.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», рашэньне прызнаць Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» ўхваліў КДБ 28 лютага.

На сайце КДБ гэтай інфармацыі няма.

Улады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» 14 незалежных СМІ

Таксама вядома, што рашэньнем КДБ ад 28 лютага недзяржаўная «Брестская газета» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем». У адпаведны сьпіс выданьне, заснаванае ў 2002 годзе, уключылі 6 сакавіка.

Цяпер у «Пераліку арганізацыяў, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», 120 пазыцыяў. 14 зь іх — недзяржаўныя СМІ:

  • інфармацыйная кампанія БелаПАН (№ 10, рашэньне аб уключэньні прынятае 1 лістапада 2021 году),
  • тэлеканал «Белсат» (№ 12; 3 лістапада 2021 году),
  • Радыё Свабода (№ 24; 23 сьнежня 2021 году),
  • «Наша ніва» (№ 31; 14 студзеня 2022 году),
  • тэлеграм-канал «Бобруйск Online» (№ 38; 22 лютага 2022 году),
  • сайт «Флагшток» (№ 54; 29 красавіка 2021 году),
  • інтэрнет-часопіс kyky.org (№ 56; 6 траўня 2022 году),
  • «Честная газета» (№ 59; 20 траўня 2022 году),
  • «Эўрарадыё» (№ 75; 20 ліпеня 2022 году),
  • сайт «Charter’97» (№ 84; 30 жніўня 2022 году),
  • сайт Hrodna.life (№ 99; 11 лістапада 2022 году),
  • самвыдат «Вестники» (№ 107; 9 сьнежня 2022 году),
  • «Маланка Медиа» (№ 116; 15 лютага 2023 году),
  • «Брестская газета» (№ 120, 28 лютага 2023 году).

Папулярны незалежны партал Tut.by, разгромлены 18 траўня 2021 году, ня быў уключаны ў лік «экстрэмісцкіх фармаваньняў», аднак 14 чэрвеня 2022 году кампанія «Тут Бай Медыа», якая яго разьвівала, па рашэньні Вярхоўнага суду была прызнаная «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG