Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» сатырычны праект «Ха-Ха, я тут жыву»


Беларуская турма (ілюстратыўнае фота)
Беларуская турма (ілюстратыўнае фота)

Раней некаторым беларускім студэнтам улады забаранілі публічна сьвяткаваць дзень сьвятога Валянціна.

Сатырычны праект «Ха-Ха, я тут жыву» прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкім», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Гаворка ідзе пра Telegram, Twitter i Instagram-старонкі праекту. Такое рашэньне ўхваліў суд Цэнтральнага раёну Менску 22 лютага.

Таксама ў абноўлены экстрэмісцкі сьпіс трапіў тэлеграм-канал «Віцебск выйшаў на шпацыр».

Культура цярпіць ад рэпрэсій

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэпрэсіі моцна закранулі сфэру культуры ў Беларусі. Улады зьліквідавалі шматлікія культурныя ўстановы, шмат прадстаўнікоў творчай сфэры сёньня за кратамі.

Днямі ў публічнай прасторы зьявіўся «стоп-ліст» абсалютна розных выканаўцаў — па стылі, мове песень і краіне паходжаньня, піша BY_culture. У яго трапілі, сярод іншых, Іна Афанасьева, Шэр, «Ляпіс Трубяцкі», гурт «Нэрвы», «Нэўра Дзюбель», «Крамбамбуля», Lady Gaga, Макс Корж, Ларыса Грыбалёва і яшчэ каля 80 выканаўцаў.

Рэпрэсіі супраць музыкаў

На пачатку 2023 году ўлады рэзка ўзмацнілі рэпрэсіі супраць музыкаў. За адзін тыдзень, 23–29 студзеня 2023 году, у Беларусі затрымалі:

  • музыку Аляксандра Бурака з Магілёва. Яму прысудзілі 10 дзён арышту;
  • сьпявачку Аляксандру Захарык зь Менску (артыкул 342 КК);
  • барда Андрэя Мельнікава з Гомля. Яго арыштавалі да 5 лютага.
  • На віцебскага музыканта і арт-мэнэджара Ўладзімера Булаўскага завялі крымінальную справу;
  • У сярэдзіне студзеня пад адміністрацыйны арышт адправілі вулічнага музыку, які граў «Воины света».
  • 20 студзеня «экстрэмісцкім фармаваньнем» упершыню ў Беларусі прызналі музычны гурт — Tor Band. На трох удзельнікаў гурту завялі крымінальныя справы.
  • 31 студзеня за пратэсты пачалі судзіць уласьніка бару «Банки-бутылки» Андрэя Жука і ягоную жонку Марыю. У гэтым бары песьню «Акіяну Эльзы» выканала сьпявачка Мэрыем Герасіменка, якую за гэта ўжо асудзілі на «хатнюю хімію».

Перасьлед у тэатрах

Раней сыстэматычны перасьлед зазналі супрацоўнікі Опэрнага тэатру, на які абрынуліся адны з самых масавых рэпрэсій.

Пачынаючы з 2020 году, з Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі мусілі сысьці Вячаслаў Чарнуха-Воліч, Андрэй Галанаў і Іван Касьцяхін. Ад таго часу тэатар страціў яшчэ шмат супрацоўнікаў, вядомых далёка па-за межамі Беларусі. Саліст Нацыянальнага тэатру опэры і балету Павал Пятроў пакінуў калектыў разам з жонкай. Звольнілі сьпевака Ільлю Сільчукова, канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну, хормайстра Івана Цітова.

Тэатар не працягнуў кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, сьпявачкам Натальлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай. Некалькі чалавек звольніліся па ўласным жаданьні — у тым ліку адзін з найлепшых маладых дырыгентаў сьвету Дзьмітры Мацьвіенка і рэжысэркі Дар’я Пататурка і Алена Медзякова. Раней праз ідэалягічныя рознагалосьсі з адміністрацыяй пакінула тэатар сьпявачка Маргарыта Ляўчук.

Масавы сыход зорак беларускага мастацтва з тэатру працягнуўся найбольш інтэнсіўнымі тэмпамі пасьля прызначэньня ў траўні 2021-га дырэктарам тэатру Вячаслава Гарбузава, дзяржаўнага ідэоляга і актывіста БРСМ, які да 2017 году ня меў дачыненьня да мастацкай галіны, а ў тым годзе адразу быў пастаўлены кіраваць Берасьцейскім тэатрам драмы.

Яшчэ ў 2020 годзе радзіму пакінулі асноўныя акторы Купалаўскага тэатру, якія заснавалі незалежную тэатральную групу за мяжой і даюць свае спэктаклі, у тым ліку ў рэжыме онлайн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG