Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве разьвіталіся з Эдуардам Лобавым, яго пахаваюць на могілках Павонзкі. ФОТА

абноўлена

Труна Эдуарда Лобава ў касьцёле Сьвятога Аляксандра. Варшава, 11 лютага 2023
Труна Эдуарда Лобава ў касьцёле Сьвятога Аляксандра. Варшава, 11 лютага 2023

Пахавальная сьвятая імша за Эдуарда Лобава прайшла касьцёле Сьвятога Аляксандра ў Варшаве. Пахаваюць Эдуарда Лобава на самых старых і пачэсных варшаўскіх могілках Павонзкі на наступным тыдні.

Варшаўскі храм Сьвятога Аляксандра ў Варшаве а 13 гадзіне быў перапоўнены людзьмі, было шмат вянкоў і сьцягоў Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.

На службе, што правёў беларускі ксёндз Вячаслаў Барок, які стаў вымушаным эмігрантам пасьля рэпрэсій на радзіме, былі родныя Эдуарда Лобава, украінскія і польскія дыпляматы, прадстаўнікі палка імя Каліноўскага, беларускія актывісты з Польшчы, Літвы і Ўкраіны.

Касьцёл Сьвятога Аляксандра ў Варшаве падчас разьвітаньня зь беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым. 11 лютага 2023
Касьцёл Сьвятога Аляксандра ў Варшаве падчас разьвітаньня зь беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым. 11 лютага 2023
Імшу на разьвітаньні зь беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым адправіў беларускі ксёндз Вячаслаў Барок. Варшава, 11 лютага 2023
Імшу на разьвітаньні зь беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым адправіў беларускі ксёндз Вячаслаў Барок. Варшава, 11 лютага 2023
Перапоўнены падчас разьвітаньня зь беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым касьцёл у Варшаве, 11 лютага 2023
Перапоўнены падчас разьвітаньня зь беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым касьцёл у Варшаве, 11 лютага 2023

Пасьля імшы памяці Эдуарда Лобава прайшла грамадзянская паніхіда.

Падчас яе маці Эдуарда Марына Лобава падзякавала ўсім за дапамогу, матэрыяльную і маральную:

«Не магу пералічыць усіх, вас было так многа, што і ня хопіць часу. Асаблівая падзяка амбасадару Польшчы ў Беларусі Артуру Міхальскаму, які зрабіў немагчымае магчымым, каб сына пахавалі ў Варшаве, каб мы маглі наведваць яго тут. Ва Ўкраіне мы гэтага не маглі б рабіць, а для нашай сям’і не засталося нічога важнейшага, як хадзіць на магілку свайго сына. На жаль, на радзіме мы не змаглі б гэтага зрабіць. Акупацыйная ўлада ў Беларусі пазбавіла майго сына ня толькі магчымасьці жыць і працаваць у Беларусі, але нават і быць пахаваным каля магіл продкаў.

Я хачу таксама падзякаваць Украіне, якая дала сыну магчымасць там жыць і працаваць. Ён быў там шчаслівы, меў шмат сяброў, меў працу, рэалізаваў сябе, стаў вайскоўцам. Хачу пажадаць Украіне як мага хутчэй перамагчы ў гэтай вайне, дабіцца незалежнасьці, бо мой сын заўжды марыў бачыць Беларусь і Ўкраіну свабоднымі і незалежнымі. І за гэта аддаў самае каштоўнае, што меў, сваё жыцьцё», — сказала Марына Лобава.

Натальля Радзіна, маці Эдуарда Марына Лобава, яе муж Юры і сын Уладзіслаў
Натальля Радзіна, маці Эдуарда Марына Лобава, яе муж Юры і сын Уладзіслаў

Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч падчас прамовы сказаў:

«Дарагія беларусы, ад імя Ўкраіны прыміце шчырыя спачуваньні. Вы выхавалі сапраўднага беларуса. Ён быў патрыётам Беларусі, быў чалавекам волі і свабоды. І ніколі не быў рабом. У нас ва Ўкраіне кажуць, што рабоў у рай не пускаюць. А ён, нават седзячы ў вязьніцы, быў чалавекам вольным. Ён захоўваў волю і свабоду ў сваім сэрцы і абараняў гэтую найвялікшую каштоўнасьць цаною ўласнага жыцьця.

Я хачу падзякаваць, што выхавалі яго ў вялікай любові да сваёй Бацькаўшчыны і да свайго бліжняга. Бо, як казаў Гасподзь, няма большае любові, як аддаць жыцьцё за бліжняга свайго. Ваш сын — герой, а героі не паміраюць, яны натхняюць іншых. Прыклад Эдуарда і многіх яго пабрацімаў, іх гераізм ня пройдзе марна».

Труна Эдуарда Лобава была пакрытая беларускім бел-чырвона-белым ды ўкраінскімі сіня-жоўтым і чорна-чырвоным сьцягамі. Варшава, 11 лютага 2023
Труна Эдуарда Лобава была пакрытая беларускім бел-чырвона-белым ды ўкраінскімі сіня-жоўтым і чорна-чырвоным сьцягамі. Варшава, 11 лютага 2023

Амбасадар выказаў упэўненасьць у перамозе Ўкраіны, і сказаў, што гэта будзе перамога і Беларусі, і ўсяго вольнага сьвету:

«Жыве Беларусь і Слава Ўкраіне!» — скончыў свой выступ амбасадар Зварыч.

У другім шэрагу зьлева направа: дыпляматы з украінскай амбасады ў Варшаве Віталь Білы і Віталь Жалдыкоў, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч
У другім шэрагу зьлева направа: дыпляматы з украінскай амбасады ў Варшаве Віталь Білы і Віталь Жалдыкоў, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі сказаў, што Эдуард Лобаў моцна прагнуў свабоды для ўсяго свайго народу:

«Жыцьцёвы шлях Эдуарда паказвае, як моцна ён хацеў свабоды. Свабоды не для сябе, а свабоды для свайго народу, для ўсіх сваіх землякоў. Ён так любіў свабоду, што пайшоў змагацца і абараняць Украіну. Коштам уласнага жыцьця ён паказаў нам усім, што мэта гэтай вайны — абараніць нас усіх і забясьпечыць свабоду ў Беларусі.

Імя Эдуарда ўвойдзе ў гісторыю выдатных беларусаў, у гісторыю нашай рэгіянальнай супольнасьці, значэньне якой мы адкрываем па-новаму, якое на працягу стагодзьдзяў змагалася і працягвае змагацца з расейскім імпэрыялізмам. Эдуард уступае ў шэрагі герояў, нашых агульных герояў, герояў нашых агульных паўстаньняў, герояў цяперашняй страшнай вайны, разьвязанай Расеяй, герояў нашай агульнай справы, герояў свабоды.

Я глыбока веру, што ахвяра жыцьця Эдуарда, як і ўсіх загінуўшых братоў і сясьцёр украінцаў, беларусаў і іншых, прынясе перамогу. Украіна пераможа, а Беларусь, твая любімая радзіма, Эдуард, будзе свабоднай. З табой разьвітваецца свабодная Беларусь, з табой разьвітваецца Ўкраіна і з табой разьвітваецца Польшча. За нашу і вашую свабоду. Жыве Беларусь! Слава Украіне!», — сказаў Міхальскі.

Намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Варшава, 11 лютага 2023
Намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Варшава, 11 лютага 2023

Намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук таксама выступіў ля труны свайго пабраціма:

«Гэта брыгада Эдуарда, яго пабрацімы, якія цяпер там стаяць, спалілі нядаўна дзясяткі адзінак тэхнікі рашыстаў, што сунуліся на Вуглядар. На Ўкраіну напалі ідэйныя нашчадкі тых, хто арганізаваў Галадамор, гэта ідэйныя нашчадкі тых, хто мільёнамі вывозіў людзей у Сібір, гэта тыя, хто вывозіў людзей у Курапаты і ў Быкаўню пад Кіевам. І зараз хлопцы, пабрацімы Эдуарда, стаяць паміж так званым „русским миром“ і свабоднай Украінай. Мы бачым якія разбурэньні, згвалтаваньні і сьмерці прыносіць ён у гарады і мястэчкі Ўкраіны», — сказаў Вадзім Кабанчук.

Людзі ўскладаюць кветкі на труну Эдуарда Лобава. Варшаве, 11 лютага 2023
Людзі ўскладаюць кветкі на труну Эдуарда Лобава. Варшаве, 11 лютага 2023

«Мы разьвітваемся з героем Беларусі», — сказаў на пачатку сваёй прамовы Зянон Пазьняк.

Ён згадаў пра «два стагодзьдзі прыгнёту Беларусі Расеяй і яе хлусьлівыя заявы» і дадаў:

«Але заўсёды былі беларусы, якія бачылі праўду і змагаліся за яе. Іх была меншасьць, але за імі была будучыня. Сярод такіх беларусаў быў Эдуард Лобаў, які загінуў за свабоду са зброяй у руках», — сказаў Пазьняк.

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

Ён адзначыў, што ў 2022 годзе Лукашэнка «ўпусьціў расейцаў у Беларусь, каб напасьці на Ўкраіну», а «такія беларусы, як Лобаў, паехалі яе бараніць».

«Я быў у Бахмуце і бачыў вочы нашых байцоў там. Яны змагаюцца і за будучую вольную Беларусь. Мордар будзе разьбіты, і тое, што нашыя беларусы, як і ўкраінцы, паклалі свае жыцьці за Ўкраіне, ня будзе забытае — іх ушануюць у вольнай Беларусі», — сказаў Зянона Пазьняк.

Галоўная рэдактара «Хартыі’97» Натальля Радзіна пералічыла імёны ўсіх беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне з 2014 году, ад Міхася Жызьнеўскага да Эдуарда Лобава. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчаньня.

Сьпіс беларусаў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне, зачытаны Натальляй Радзінай
Сьпіс беларусаў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне, зачытаны Натальляй Радзінай

Беларускі «Вольны хор» засьпяваў нацыянальныя гімны «Магутны Божа» і «Пагоня».

«Вольны хор» на разьвітаньні з Эдуардам Лобавым
«Вольны хор» на разьвітаньні з Эдуардам Лобавым

Пахаваньне Эдуарда адбудзецца на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве на наступным тыдні, паведаміла Свабодзе маці Эдуарда Марына Лобава.

  • Могілкі Павонзкі (або Старыя Павонзкі) — самыя старыя і самыя вядомыя могілкі Варшавы. Заснаваныя ў 1790 годзе. Знаходзяцца ў паўночна-заходняй частцы сталіцы на вуліцы Паванзкоўскай, 14. На Павонзках пахавана шмат выбітных дзеячоў, у тым ліку шмат выхадцаў зь Беларусі. Сярод іх кампазытар Міхал Клеафас Агінскі, паэты Антон Адынец, Ялегі Вуль і Вінцэсь Каратынскі, член другога ўраду Каліноўскага Фэлікс Зянковіч, нарачоная Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, член Рады БНР князь Геранім Друцкі-Любецкі, фальклярыст Міхал Федароўскі, фатограф Ян Булгак і іншыя.

Эдуард Лобаў памёр 26 студзеня ва ўзросьце 34 гадоў ад сьмяротнага раненьня, якое атрымаў, прыкрываючы сабой камандзіра ў баях ля ўкраінскага Вуглядару. Апошнія тры гады ён служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе імя Чорных запарожцаў.

«Эдуард — шчыры вернік, каталік і мужны чалавек сам па сабе. Адзін з тых людзей, хто зьяўляецца прыкладам для новага пакаленьня беларусаў», — так пісаў пра яго старшыня БХД Павал Севярынец.

Вядома, што ён, будучы за кратамі, запрашаў да сябе каталіцкага сьвятара, каб паспавядаць свае грахі і паяднацца з Хрыстом.

Труну зь целам Эдуарда Лобава выносяць з касьцёла пасьля імшы
Труну зь целам Эдуарда Лобава выносяць з касьцёла пасьля імшы
Бацькі Эдуарда Лобава
Бацькі Эдуарда Лобава

Хто такі Эдуард Лобаў

Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.

У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.

У 2015 годзе Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем.

У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:

«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей, і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG