Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на пахаваньне беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Эдуарда Лобава сабралі меней чым за суткі


Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў

Беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава, які загінуў 26 студзеня пад Вуглядарам, пахаваюць у Варшаве. Дата разьвітаньня яшчэ не вядомая.

29 студзеня Фонд салідарнасьці BySol​ абвясьціў збор грошай, якія патрэбныя на перавоз з зоны баявых дзеяньняў на Данбасе цела беларуса Эдуарда Лобава і пахаваньне яго ў Польшчы, дзе цяпер жывуць бацькі.

Раніцай 30 студзеня патрэбная сума была сабраная. Збор быў абвешчаны пра ўзгадненьні з маці Эдуарда Марынай. Цела Эдуарда хочуць пахаваць у Варшаве, дзе жывуць ягоныя бацькі і малодшы брат.

Як стала вядома Свабодзе, спачатку цела Эдуарда адвязуць у горад Белая Царква побач з Кіевам, дзе знаходзіцца ягоная вайсковая частка. У гэты час будуць рыхтаваць дакумэнты, каб транспартаваць цела ў Польшчу і атрымаць месца на могілках у Варшаве.

Хто такі Эдуард Лобаў

Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.

У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.

У 2015 годзе Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем. У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:

«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей, і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG