Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адлегласьці ня могуць паўплываць на нашу повязь і адчуваньне шчасьця». Пра што Андрэй Кузьнечык піша з-за кратаў


Андрэй Кузьнечык
Андрэй Кузьнечык

«Каханьне, дабрыня, вера ў шчасьлівую будучыню і чаканьне шалёнай радасьці — як гэтая сумесь можа не спрацаваць?» Жонка палітвязьня, журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка Алеся падзялілася ў фэйсбуку цікавымі фрагмэнтамі ягоных лістоў.

Андрэй Кузьнечык у Наваполацкай калёніі працуе на дрэваапрацоўцы. Ганарыцца творчымі посьпехамі 9-гадовай дачкі Яніны, па фатаздымках назірае, як расьце і сталее сын. Моцна схуднеў, але радуецца скінутым кіляграмам.

«Можа калісьці, узгадваючы гэты няпросты час, мы зразумеем, навошта ён быў патрэбны. А пакуль радуемся хаця б лістам ці скінутым лішнім кіляграмам», — напісала Алеся.

«У кагосьці зраніцы — кава ці гарбата, а ў мяне для ўзьняцьця настрою — вашыя фоткі»

Алеся дасылае Андрэю шмат фатаздымкаў дзяцей, а таксама іх малюнкі і ілюстраваныя апавяданьні старэйшай дачкі Яніны.

«У кагосьці зраніцы — кава ці гарбата, а ў мяне для ўзьняцьця настрою — вашыя фоткі. Нібыта з вамі павітаўся — і пабег прадукаваць пілавіньне», — піша Андрэй.

«Лісты вашы прынесьлі столькі пачуцьцяў, што часам спахопліваўся ад задуменнасьці ў самы апошні момант перад чарговым адказным дапільноўваньнем раскладу. Зрэшты, гэта можа значыць, што я падсупакоіўся крыху, хоць, разабраўшыся, адна трывога замянілася мноствам драбнейшых, але з больш пазытыўнай, як мне падаецца, пэрспэктывай», — піша Андрэй.

Пачатак аднаго з апошніх літоў Андрэя
Пачатак аднаго з апошніх літоў Андрэя

На Новы год сябры сям’і падарылі дачцэ Алесі і Андрэя Яніне сапраўдны мальбэрт. Цяпер Яніна шмат малюе.

«Уразіла мяне Янчына карціна з капітанам Урунгелем і іншымі мульцяшнымі пэрсанажамі. Дакладна, дэталёва, настраёва. Сапраўдны мастацкі талент шырокага дыяпазону. Я раней ня быў упэўнены, што ў яе гэтак добра будуць атрымлівацца нефантазійныя сюжэты. Глядзеў і радаваўся. Як і на астатнія фоткі — і з фантазійным дрэвам, і з гаспадарскім Мацейкавым аглядам садка, гардэроба, і дзіўную вісюльку зь нейкай глыбейшай гісторыяй, пра якую мне некалі апавядзе ейная гаспадыня і за якую ёй дзякуй», — піша Андрэй Кузьнечык у сваіх лістах да родных.

«Ад Янчынага апавяданьня я ледзь не скакаў ад радасьці»

Андрэй і Алеся паводле адукацыі філёлягі, разам вучыліся на філфаку БДУ. Андрэй працаваў рэдактарам у «Нашай ніве», у выданьні «Комсомольская правда в Беларуси», больш за 10 гадоў — рэдактарам на Радыё Свабода. Філялягічныя здольнасьці праяўляе і дачка.

«Ад Янчынага апавяданьня я ледзь не скакаў ад радасьці. Такі цудоўны падарунак і шыкоўныя карцінкі! Яніна — выдатная апавядальніца і гатовая ілюстратарка. Агромністы ёй дзякуй! [...] Ну і нам віншаваньні, што ўжо:)

Мацейка таксама, бачу, ужо праяўляе рысы моцнага характару. Ужо паважная зацікаўленасьць у поглядзе на фотках», — піша Кузьнечык у іншым лісьце пад нумарам 94.

Ліст №94
Ліст №94

«Збылася „мара ідыёта“ — скінуць вагу да „нарматыўнай“»

На турэмных харчах і ад цяжкой фізычнай працы Андрэй схуднеў. Раней ён працаваў з мэталам: вымаў дрот з кабэляў. Цяпер заняты на дрэваапрацоўцы.

«Боўтаецца на мне ўжо і тэрма[бялізна], якая ў лістападзе аблягала. [...] Пакуль павялічыў порцыю шакаляду і стаў даядаць хлеб. Сьмяюся, што збылася „мара ідыёта“ — скінуць вагу да „нарматыўнай“.

Праўда, досьвед эфэктыўнай дыеты, баюся, не набудзе папулярнасьці:) Колькі 86 см пры росьце 172 у кг, ня ведаю. Але пачуваюся добра, жвава, ня стомлены, не галодны. Пачаўся сэзон зімовай капусты, зьявілася рыба (можна не дакупляцца кансэрвамі) — смакаты асаблівай не дадалося, затое карысьці хіба. А я непераборлівы», — піша палітвязень пра турэмны рацыён.

«Сон перафарматаваў памяць, усплылі старыя славенскія песьні і загучалі па-новаму»

Дзеліцца ў лістах Андрэй Кузьнечык і сваімі турэмнымі снамі. Раней пісаў, што «звычайна ўсе сны, на жаль, пра турму». Гэтым разам сон пра падарожжа ўсёй сям’ёй.

«Сьніўся мне сон [...]. Ты, дзеці, мая маці — усе ў Славеніі. Я бадзяюся па старых кварталах, маленькіх крамках, размаўляю па-славенску, а сюжэтна нічога не адбываецца, проста некалькі гадзін звычайнага жыцьця. Можа, мая падсьвядомасьць гэтак адгукнулася на тваё пажаданьне дэталёва ўяўляць будучыню і ня стала чакаць, пакуль я гэтым займуся сьвядома (але тады Славеніі не атрымалася б, занадта круты віраж).

Цікава, што сон перафарматаваў памяць, усплылі старыя славенскія песьні, загучалі па-новаму („Сёлета будзе кепская восень“, „Гучнейшым за віхуры будзе наш сьмех“), прыгадаўся адзін мой стары верш пра „жоўтую блешню рыбака“, а я ж толькі ў мінулым лісьце наракаў, што забыўся на позьнія датурэмныя вершы. Такія дзівы:)», — дзеліцца Андрэй сваім сном.

Паштоўка зь вершам пра «Коціка-Маркоціка»
Паштоўка зь вершам пра «Коціка-Маркоціка»

Новы верш — пра «Коціка-маркоціка»

Маленькаму сыну Мацьвею Андрэй напісаў новы вершык пра Коціка-маркоціка. Звычайна Алеся дасылае мужу паштоўкі з малюнкамі, а Андрэй прыдумляе забаўны сюжэт.

КОЦІК-МАРКОЦІК

Штосьці коцік замаркоціўся зраньня.
Маракуе: «Ад чаго ня кіцік я?
Быў бы сябрам рыбак з процьмы касякоў
І ня мыў апрыклай поўсьці языком.

...Ды, баюся, не стрываю макраты.
Быць бы мне вяртлявым жаўранкам тады!»
Каб казалі ўсе: «Як хораша пяе!»
...Ды, баюся, пералёты не па мне.

Ну, хоць зайкам!
Моркву струшчыў — і пабег!
Зноўку ў норку не схаваецца абед.
Ды ня вабіць сфэра фітнэсу ваўкоў,
Ну, а вэгетарыянства — пагатоў.

Зрэшты, плюсы ёсьць і ў коцевым жыцьці:
Першы — «кіс-кіс-кіс»,
Другі — «кыці-кыці».

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG