Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская абмеркавала з генэральным сакратаром АБСЭ сумесныя захады для вызваленьня беларускіх палітвязьняў


Сьвятлана Ціханоўская на форуме АБСЭ ў Лодзі
Сьвятлана Ціханоўская на форуме АБСЭ ў Лодзі

Гаворка вялася таксама пра доступ міжнародных прадстаўнікоў у беларускія турмы.

Сумесныя захады для вызваленьня палітзьняволеных, доступу міжнародных прадстаўнікоў у беларускія турмы, прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у злачынствах супраць народу абмеркавалі Сьвятлана Ціханоўская і генэральны сакратар Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Хэльга Шмід. Пра гэта паведаміў BPN старшы дарадца дэмакратычнай лідэркі Франак Вячорка.

Паводле яго, Ціханоўская і Шмід гаварылі таксама аб стане палітзьняволеных Марыі Калесьнікавай і Алеся Бяляцкага. Дэмакратычная лідэрка заклікала перазапусьціць Маскоўскі мэханізм АБСЭ для фіксацыі і расьсьледаваньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Ціханоўская прыбыла ў Лодзь (Польшча), дзе 1 і 2 сьнежня праходзіць пасяджэньне кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін АБСЭ. Сустрэча са Шмід была першай афіцыйнай, да гэтага часу бакі два разы вялі перамовы неафіцыйна, зазначыў Вячорка.

Акрамя таго, паведаміў дарадца, Ціханоўская сустрэлася з генэральным сакратаром Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Рабэртам Мантэлам, мела «кароткія размовы» зь міністрамі замежных спраў Літвы, Эстоніі, Аўстрыі, Партугаліі, Бэльгіі, Нямеччыны і некаторых іншых краін.

Ціханоўская выступіла на дыскусіі, прысьвечанай Беларусі, якую арганізавалі Эстонія і ЗША пры падтрымцы 37 краін – сяброў АБСЭ. Яна расказала гісторыі Калесьнікавай, Бяляцкага, свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, добраахвотніка Паўла «Волата» і яго маці Натальлі Суславай.

Яна заклікала АБСЭ дамагацца доступу да палітвязьняў, патрабаваць вываду расейскіх войскаў з беларускай тэрыторыі, падтрымаць перазапуск Маскоўскага мэханізму ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. «Майкл Карпэнтэр, кіраўнік дэлегацыі ЗША ў АБСЭ, заявіў, што прапанаваныя крокі будуць разгледжаны і рэалізаваны», — зазначыў Вячорка.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG