Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: затрымалі мэнэджара сеткі «На сувязі» і праваабаронцу Насту Лойку; назвалі яшчэ 625 «экстрэмістаў»


Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота
Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць аб затрыманьні 26-гадовай начальніцы юрыдычнага аддзелу сеткі салёнаў «На сувязі» Ілоны Белавус і магілёўскага музыкі Аляксея Варанцова, які граў у гуртах bez.not і Wonder Spakі.

Сілавікі ставяць ім у віну ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту. Варанцову таксама інкрымінуюць напісаньне камэнтароў у апазыцыйных тэлеграм-каналах.

Сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава асудзілі пяты раз запар

28 кастрычніка над праваслаўным сьвятаром Уладзіславам Багамольнікавым адбыўся чарговы суд, паведамляе @christianvision. Сьвятар павінен быў выйсьці заўтра на волю пасьля 59 сутак за кратамі, але быў перазатрыманы па новай адміністрацыйнай справе. Яго зноў асудзілі на 15 дзён арышту.

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзьверы ў кватэру сьвятара і затрымалі яго. Вядома, што Ўладзіслаў Багамольнікаў за кратамі перахварэў на каранавірус. Пры гэтым для «палітычных» на Акрэсьціна перадачы не прымаюць, таму ён утрымліваецца там бяз сродкаў гігіены.

Багамольнікаў — выкладчык Менскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

Сілавікі затрымалі галоўнага спэцыяліста зь Мінадукацыі за камэнтары і зьліў зьвестак

У Менску затрыманы супрацоўнік Міністэрства адукацыі, які працуе на пасадзе галоўнага спэцыяліста. Кадры ягонага затрыманьня і «пакаяльнае» відэа зьявіліся 28 кастрычніка ў неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіК. Імя мужчыны пакуль не вядомае, заўважыла «Зеркало».

Зь відэа вынікае, што затрымлівалі даволі брутальна: некалькі сілавікоў раптоўна наляцелі на чалавека, калі ён спакойна ішоў па двары.

Як сьцьвярджаюць у ГУБАЗіК, мянчук у «экстрэмісцкіх» чатах пісаў камэнтары з заклікамі да сілавога супраціву органам унутраных спраў (сілавікі паказалі некалькі паведамленьняў, датаваных жніўнем 2020 году), а таксама даслаў у бот канала «Чорная кніга Беларусі» асабістыя дадзеныя некалькіх судзьдзяў. У «пакаяльным» відэа ён паўтарае гэтыя абвінавачаньні.

Паводле сілавікоў, супраць затрыманага завялі крымінальныя справы па артыкулах аб распальваньні варожасьці і незаконных дзеяньнях з пэрсанальнымі дадзенымі.

Затрымалі трох супрацоўнікаў прадпрыемства «Маёнтак Падароск»

Учора стала вядома пра затрыманьне кіраўніка «Маёнтку Падароск» Юрыя Меляшкевіча. Ён намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Да ліквідацыі быў намесьнікам старшыні грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“», актывістам руху «За свабоду».

Цяпер высьветлілася, што таксама затрыманыя фінансавы дырэктар Дзьмітры Карабач і бухгальтарка Вольга Балтрукевіч. Іх затрымалі ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы — верагодна, паводле арт.243 КК «Ухіленьне ад выплаты падаткаў», паведамляе тэлеграм-канал BY_culture.

«Фактычна, быў ператрус. Забралі дакумэнты фірмы і кампутары», — расказаў Hrodna.life Павел Падкарытаў, уладальнік маёнтку.

Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» аднаўляе сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску. У 2013 годзе яе выкупіў расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў.

Зноў затрымалі праваабаронцу Насту Лойку

Мяркуючы па подпісе да яе «пакаяльнага» відэа, яе вінавацяць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці», паведамляе «Вясна».

На пачатку кастрычніка Наста Лойка выйшла з 30-дзённага арышту: яе затрымалі на судзе па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня».

МУС прызнаў «экстрэмістамі» адразу 625 чалавек

Цяпер у гэтым сьпісе амаль 1500 прозьвішчаў, паведамляе «Вясна».

Сярод тых, каго дадалі ў пералік «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці»:

  • галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб;
  • асуджаны на 10 гадоў палітзьняволены Ягор Міхайлаў;
  • дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеб Койпіш;
  • палітзьняволены лекар-нэўроляг Аляксандар Цялега;
  • былы палітзьняволены айцішнік Аляксей Караткоў (адбыў тэрмін у сакавіку, але МУС пазначыў, што ён адбывае пакараньне);
  • палітзьняволеная Дар’я Ляўко, якой прызначана прымусовае лячэньне паводле арт. 342 КК;
  • былы палітзьняволены, бяздомнік Аляксандар Кутас;
  • стваральніца Івейскага музэю нацыянальных культур Рэгіна Лавор, якая адбывае «хатнюю хімію»;
  • былы палітвязень Данііл Калесьнікаў, якога асудзілі на 17 гадоў калёніі;
  • палітзьняволены з разумовай адсталасьцю Дзьмітры Гопта;
  • былы палітзьняволены, супрацоўнік БМЗ Аляксандар Баброў, які 16 верасьня 2021 году быў памілаваны.

У Горадні затрымалі дырэктара начнога клюбу «Калізей»

Дырэктара горадзенскага начнога клюбу «Калізей»затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, як яны сьцьвярджаюць, за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры затрыманьні сілавікі вывелі мужчыну з кватэры і паклалі тварам на падлогу проста ў трусах.

Гітарыста «Крамбамбулі» і Pomidor/off зноў будуць судзіць

Стала вядома, што над Уладзіславам Плюшчавым 10 лістапада адбудзецца суд па новай крымінальнай справе. Гэтым разам музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); арт. 188 (Паклёп); ч.3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных). Справу будзе разглядаць судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Андрэй Млечка, паведамляе«Вясна».

4 жніўня палітвязьня ўжо асудзілі на два гады калёніі за паклёп і абразу прадстаўніка ўлады. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 6400 рублёў і канфіскавалі яго асабісты аўтамабіль. Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе адбыўся разгляд апэляцыйнай скаргі Ўладзіслава, але вынік праваабаронцам невядомы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG