Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пашлюць беларусаў ваяваць за Пуціна? Абмеркаваньне экспэртаў


Уладзімір Пуцін. Каляж
Уладзімір Пуцін. Каляж

Ці стане вынікам мабілізацыі ў Расеі ўцягваньне ў вайну беларускага войска? Чаму Пуцін не абвясьціў вайну? Ці гатовы ён націснуць ядзерную кнопку? Ці можа Расея інсьпіраваць і ў Беларусі рэфэрэндум аб далучэньні да РФ?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сёньня ў сваім тэлезвароце прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў, што падпісаў указ аб частковай мабілізацыі грамадзянаў Расеі. Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, які выступіў пасьля Пуціна, паведаміў, што мяркуецца прызваць на вайсковую службу 300 тысячаў расейцаў.

У тэлезвароце Пуцін вітаў правядзеньне рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі ў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцях Украіны.

Ці пашлюць беларусаў ваяваць?

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Думаю, што не пашлюць. Лукашэнка будзе працягваць лінію падтрымкі Расеі ў гэтай вайне, тэрыторыя Беларусі будзе прадастаўленая Расеі для працягу атакаў на Ўкраіну. Я не выключаю, што будзе новы паход на Кіеў з тэрыторыі Беларусі.
  • Лукашэнка будзе ладзіць нейкія мерапрыемствы на заходняй і паўночнай межах, але гэтым усё абмяжуецца.
  • Галоўнае абмежаваньне для Лукашэнкі — настрой беларускага грамадзтва, якое ў большасьці ня хоча ўдзелу беларускага войска ў гэтай вайне.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Калі прызавуць 300 тысячаў расейцаў, то што могуць вырашыць 15 тысячаў баяздольнага войска Беларусі? Уся беларуская армія — гэта 60 тысячаў, але, паводле вайсковых экспэртаў, баяздольных зь іх толькі чвэрць.
  • Лукашэнка кажа, што трэба абараняць ад NATO заходнюю мяжу, нельга дапусьціць удару ў сьпіну расейцам.
  • Пасьля ўчорашніх заяваў Лукашэнкі і сёньняшняй мабілізацыі ў Расеі імавернасьць уцягваньня беларускага войска ў вайну павялічылася. Але яна ўсё яшчэ застаецца невысокай.
  • Паводле вайсковых экспэртаў, больш важнае пытаньне гэтай вайны — гэта ўзбраеньне. Украінскія войскі ад пачатку мелі перавагу ў колькасьці, але не маглі наступаць, пакуль не атрымалі сучасную зброю. Так што невідавочна, што гэтыя 300 тысячаў зробяць пералом у вайне.

Ці будзе новы сухапутны ўдар па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі?

Цыганкоў

  • Мне здаецца гэта ня вельмі імаверным. Тагачасны ўдар зь Беларусі быў для ўкраінцаў нечаканы. Цяпер яны значна больш падрыхтаваныя да ўдару з поўначы.
  • Зараз расейцам будзе важней абараняць тыя тэрыторыі, якія яны абвесьцяць расейскімі па выніках «рэфэрэндумаў».
  • На поўдні і на ўсходзе ўкраінцы наступаюць. Ня думаю, што ў расейцаў хопіць сілаў яшчэ і на нанясеньне ўдару з поўначы.

Чаму Пуцін не абвясьціў вайну?

Карбалевіч

  • Напэўна, таму, што ў Расеі за ўжываньне гэтага слова зараз крымінальная адказнасьць. Гэта, зразумела, жарт. Але слова «вайна» пужае расейскае грамадзтва. Таму ўлады імкнуцца яго пазьбягаць.
  • Але мабілізацыя, нават частковая, гэта ўжо вайна.
  • Рашэньне аб мабілізацыі ня будзе папулярным у Расеі. Каб не траўмаваць грамадзтва яшчэ больш, вырашылі пакуль вайну вайной усё ж не называць.

Цыганкоў

  • Апазыцыйныя Крамлю аналітыкі шмат часу гаварылі, што Пуцін ня пойдзе на мабілізацыю, бо гэта выкліча вялікае незадавальненьне ў расейскім грамадзтве.
  • Сёньня ў сацыяльных сетках гучаць заклікі да расейцаў выходзіць на вуліцы і пратэставаць супраць мабілізацыі. Я думаю, што гэтыя пратэсты ня будуць шматлікімі, ня будзе масавага ўзрушэньня. Мяркую, што гэтая мабілізацыя выкліча «кухоннае» незадавальненьне і новую хвалю эміграцыі.

Ці ўжыве Пуцін ядзерную зброю?

Карбалевіч

  • Пуцін не ўпершыню становіцца на шлях ядзернага шантажу. Такія пагрозы гучалі і раней, зараз ён іх паўтарыў.
  • Мабілізацыя ў Расеі азначае эскаляцыю вайны з Украінай і канфлікту Расеі з Захадам. Пуцін ідзе ва-банк, ён падвышае стаўкі.
  • Пагроза ядзернай вайны павялічваецца ў сувязі з рашэньнямі Пуціна, агучанымі сёньня.

Наступны рэфэрэндум пра далучэньне да РФ — у Беларусі?

Дракахруст

  • Рэфэрэндумы ў 4 вобласьцях Украіны праводзяцца надзвычай пасьпешліва, не зважаючы ні на якія працэдуры і на права. А можа, і зь Беларусьсю так можна?

Цыганкоў

  • Мяркую, што нельга. Беларусь — незалежная дзяржава, там ёсьць асоба, якая называе сябе прэзыдэнтам. Яна не знаходзіцца пад юрыдычна прызнанай акупацыяй. Пра акупацыю Беларусі гавораць палітыкі і публіцысты, але гэта больш рытарычная фігура.
  • У Крыме ў 2014 годзе яшчэ спрабавалі рабіць нейкія рухі — дэпутатаў зьбіралі, выбарчыя ўчасткі стваралі. Цяперашнія заплянаваныя «рэфэрэндумы» — гэта чыстая прафанацыя, захоп чужых тэрыторый.
  • У Беларусі ўсё ж ёсьць свая ўлада, сваё войска, свае выбарчыя камісіі. І правесьці нейкі рэфэрэндум па-за гэтымі структурамі немагчыма.

Карбалевіч

  • Павелічэньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі магчымае. Але рэфэрэндум аб далучэньні да РФ бяз згоды палітычнага кіраўніцтва Беларусі немагчымы.
  • Пуцін кажа пра рэфэрэндумы ў «ЛДНР» і Херсонскай і Запароскай вобласьцях, што да яго зьвярнуліся мясцовыя кіраўнікі. Цяжка сабе ўявіць, што такая просьба паступіць ад Лукашэнкі.
  • А калі нейкія калябаранты ў Беларусі ад імя беларускага народу зьвернуцца да Пуціна з аналягічнай просьбай, яны хутка апынуцца ў беларускай турме.
  • Рэфэрэндумы ў «ЛДНР» вызваляюць Лукашэнку ад непрыемнага пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік. А пасьля рэфэрэндуму пытаньне будзе зьнятае.
  • Ёсьць міжнародная працэдура прызнаньня незалежнасьці дзяржаваў. Працэдуры прызнаньня прыналежнасьці пэўных тэрыторый той ці іншай дзяржаве ня існуе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG