Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Расея фарсіруе рэфэрэндумы аб далучэньні акупаваных тэрыторый Украіны? Меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта


Абвяшчэньне рэфэрэндумаў аб далучэньні да РФ «ЛДНР» і Херсонскай вобласьці Ўкраіны — рэальны плян, пробны шар ці сродак ціску на Ўкраіну і Захад? Калі гэтыя рэфэрэндумы адбудуцца, якіх мэтаў можа Расея спрабаваць дасягнуць зь іх дапамогай?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі вайсковы экспэрт Юры Фёдараў.

Сьцісла

  • Ці сапраўдныя пляны наконт рэфэрэндумаў — даведаемся з выступу Пуціна.
  • Калі адпаведныя тэрыторыі будуць абвешчаныя часткамі РФ, атакі на іх будуць разглядацца як напад на Расею.
  • Гэта шлях да пераходу ад «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» да вайны з Украінай і абвяшчэньня мабілізацыі.
  • Прызваць у войска могуць 100–200 тысячаў чалавек.
  • Калі гэта ня спыніць наступ украінскай арміі, у Крамлі могуць разгледзець магчымасьць ужываньня ядзернай зброі.

— 20 верасьня ў прарасейскіх акупацыйных адміністрацыях на ўсходзе Ўкраіны і ў Херсонскай вобласьці, якая кантралюецца Расеяй, былі названыя даты рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі. Іх заплянавалі на 23–27 верасьня. Гэта рэальныя пляны ці сродак ціску на Захад або Ўкраіну?

Юры Фёдараў
Юры Фёдараў

— Яснага адказу на гэтае пытаньне пакуль няма. Мы атрымаем яго, калі выкажацца Ўладзімір Пуцін ці яго прэсавы сакратар Дзьмітры Пяскоў.Пакуль выказаўся толькі намесьнік сакратара Рады бясьпекі Дзьмітры Мядзьведзеў. Але ягоныя тырады часта не адпавядаюць лініі прэзыдэнта. Мядзьведзеў — адзін зь лідэраў «партыі вайны». У яе шмат прыхільнікаў у расейскім кіраўніцтве, але рашэньні прымаюць не яны.

— Старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін ужо таксама выказаўся. Да таго ж відавочна, што ідэя рэфэрэндумаў прыйшла ў галаву не самім кіраўнікам «ЛДНР» і акупацыйным адміністрацыям. Гэтая ідэя прыйшла з Масквы.

— На мой погляд, рашэньне ўжо прынятае. Падрыхтоўка да яго практычна завершаная. Ваенная сытуацыя Расеі ў Луганскай і Херсонскай вобласьцях Украіны робіцца больш складанай. Ня выключана, што расейскія вайскоўцы чакаюць сур’ёзнай паразы на поўдні і на ўсходзе. Расейская армія пацярпела жахлівую паразу ў Харкаўскай вобласьці. Яшчэ дзьве паразы — гэта будзе азначаць паразу ў вайне.

Учыняецца эскаляцыя сытуацыі, давядзеньне яе да мяжы. І мэта — з гэтага новага ўзроўню дамагчыся ад Украіны, а найперш — ад Захаду, згоды на расейскі варыянт спыненьня агню і на фактычную капітуляцыю Ўкраіны.

Схема, якая, на маю думку, абмяркоўваецца і, напэўна, ужо прынятая ў Крамлі, выглядае наступным чынам. Рэфэрэндумы — калі гэта магчыма назваць рэфэрэндумам, вядома, бо нічога агульнага з рэфэрэндумам як юрыдычна абгрунтаванай працэдурай, якая мае юрыдычнае значэньне, тое, што будзе адбывацца на акупаваных тэрыторыях Украіны, ня мае. Але няважна.

Пасьля гэтага акупаваныя тэрыторыі будуць абвешчаныя часткай Расейскай Фэдэрацыі, будзе сказана, што замах на тэрытарыяльную цэласнасьць РФ — гэта прычына для пераходу ад «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» да абвяшчэньня вайны Ўкраіне.

Абвяшчэньне вайны дае юрыдычную падставу для мабілізацыі — магчыма, ня поўнай, частковай, але тым ня менш. Такая мабілізацыя будзе праведзеная. Напэўна, мяркуецца прызваць у армію некалькі дзясяткаў тысяч як мінімум, а можа і 100–200 тысяч салдат і афіцэраў запасу. І зь іх дапамогай вырашыць тую самую праблему, якая турбуе расейскіх вайскоўцаў і Крэмль, — паспрабаваць спыніць наступ Украіны. Калі гэта ня ўдасца, калі гэты наступ будзе працягвацца, то я не выключаю, што ў Крамлі разглядаюць пытаньне аб магчымым выкарыстаньні ядзернай зброі.

— На выкарыстаньне ядзернай зброі намякнуў Мядзьведзеў у сваім посьце ў Тэлеграме. «Замах на тэрыторыю Расеі — злачынства, учыненьне якога дазваляе выкарыстоўваць усе сілы самаабароны», — напісаў ён.

— Мядзьведзеў ня мае рацыі. У расейскай ядзернай дактрыне сказана: «Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжываньне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай і іншых відаў зброі масавага паражэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаваньне дзяржавы».

Украіна ня мае зброі масавага паражэньня. Ані ЗША, ані Францыя, ані Вялікая Брытанія не зьбіраюцца ўжываць ядзерную зброю супраць РФ, прынамсі, першымі.

Калі ідзе размова пра наступ украінскай арміі на тыя ці іншыя раёны Херсонскай, Запароскай, Луганскай і Данецкай вобласьцяў, нават дэакупацыя гэтых вобласьцяў ніяк ня ставіць пад пагрозу існаваньне Расеі як дзяржавы.

— А хто вырашае, што ставіць, а што ня ставіць пад пагрозу існаваньне Расеі?

— Для ўжываньня ядзернай зброі неабходнае рашэньне прэзыдэнта — вярхоўнага галоўнакамандуючага. Прамы загад на ўжываньне гэтай зброі аддаюць міністар абароны і начальнік Генэральнага штабу.

Будзе абвешчаная вайна, мабілізацыя. Калі мэты, пастаўленыя тады перад арміяй, ня будуць выкананыя, магчымы пераход на наступны этап — ядзерны.

— Наколькі істотнае ў гэтым рашэньні своеасаблівае спальваньне мастоў? Калі Расею выбілі з Харкаўшчыны, яна пакінула акупаваную тэрыторыю. Калі ж пройдуць рэфэрэндумы і адпаведныя тэрыторыі будуць далучаныя да РФ, то сысьці зь іх, адступіць адтуль, вярнуць гэтыя тэрыторыі — гэта з пункту гледжаньня ўнутрырасейскага заканадаўства аддаць тэрыторыю Расеі.

— Гэты матыў важны. У Маскве зараз ідзе дыскусія паміж умоўнымі «партыяй вайны» і «партыяй міру». Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў зразумець, што ніякіх перамоваў з Расеяй ня будзе, пакуль яна ня вызваліць усе ўкраінскія тэрыторыі ў межах 1991 году. «Спальваньне мастоў» мае на мэце не дапусьціць патэнцыйна магчымых перамоваў. Абвяшчэньне акупаваных тэрыторый Расеяй мае на мэце не дапусьціць перамоваў у агляднай пэрспэктыве.

— Калі вайна будзе абвешчаная пасьля такіх хуткацечных рэфэрэндумаў, ці ня выкліча гэта ў расейскім грамадзтве выбуху абурэньня? Усе месяцы гэтай вайны экспэрты казалі, што Пуцін не абвяшчае мабілізацыю таму, што баіцца грамадзкай рэакцыі абурэньня. А зараз яе ня будзе? Абвясьціць рэфэрэндум, праз тры дні, «на каленцы», правесьці яго пад абстрэлам украінскіх войскаў і хуценька далучыць адпаведныя тэрыторыі да РФ — расейцы псыхалягічна будуць лічыць іх расейскімі?

— Мабілізацыя можа спарадзіць выбух незадавальненьня. Але не з прычыны юрыдычнай хібнасьці заплянаваных «рэфэрэндумаў». Расейскі «глыбінны народ», расейскага абываталя, турбуе ня гэта. Турбуе, што сына, бацьку, мужа могуць у любы момант прызваць у войска і паслаць на вайну ва Ўкраіну. А ўхіленьне ад вайсковага абавязку азначае сурʼёзны турэмны тэрмін. Такая пэрспэктыва не спадабаецца ня толькі тым, каго пашлюць ваяваць, але і іх сваякам. Быць адпраўленым на вайну невядома дзеля чаго — гэтая пэрспэктыва можа выклікаць незадавальненьне шырокіх колаў насельніцтва, якія да апошняга часу ставіліся да вайны нэўтральна і нават яе віталі. Але адна справа вітаць, седзячы ля тэлевізара, а іншая — ваяваць у палях Украіны. Дагэтуль людзі ішлі на гэтую вайну добраахвотна, разьлічваючы зарабіць вялікія грошы.

— Магчыма, разьлік Крамля — на ўсплёск патрыятычных пачуцьцяў: маўляў, ворагі напалі на Расею — наш доўг абараняць бацькаўшчыну, расейскую зямельку.

— На мой погляд, гэта ня надта спрацуе. Такога кшталту дэмагогія будзе закранаць расейскага абываталя ў апошнюю чаргу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG