Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусь вярнуся толькі на танку». Добраахвотнік «Хмель» пра моцнае раненьне на фронце, уцёкі з «хіміі» і беларускіх сваякоў


Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага
Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага

Юры «Хмель» Гарупа на вайне ва Ўкраіне ад 2014 году. Раней быў у шэрагах «Правага сэктару», але 24 лютага знаходзіўся дома ў Хмяльніцкім, таму ня змог даехаць у свой батальён. Таму хлопец далучыўся да батальёну Каліноўскага.

У канцы красавіка Юры атрымаў моцнае раненьне: пашкоджаны рука, нага, мачавы капшук. Са шпіталя ў Мікалаеве «Хмель» даў вялікае інтэрвію Свабодзе.

«Думаў праскачыць, але ня лёс»

— Адкуль вы родам?

— Я нарадзіўся ў Берасьцейскай вобласьці, у Іванаве. Рос у вёсцы; яна была вялікая, але ж вёска, таму ні ў якіх апазыцыйных структурах ня быў. Скончыў Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Па спэцыяльнасьці «заатэхнік» у мяне не атрымалася папрацаваць. Адправілі па разьмеркаваньні, пабыў там месяц, але з такім заробкамі, як там плацілі, ну гэта сьмешна. На заробак можна было купіць штаны і майку — усё. Паехаў на заробкі ў Польшчу.

— А праблем не было з тым, што не адпрацавалі разьмеркаваньне?

— Вядома, былі. У нейкі прыезд дадому мяне злавіла міліцыя, пасадзілі ў СІЗА ў Баранавічах. Далі тры гады «хіміі». Пакараньне адбываў у Пінску, працаваў на «Пінскдрэве». Але ў адзін дзень уцёк адтуль.

— Як гэта адбываецца — уцёкі з «хіміі»?

— Я проста пайшоў на працу ранкам, але не дайшоў. Ускочыў у цягнік да мяжы. Калі прыбываеш на «хімію» , то ў цябе забіраюць пашпарт, а я сказаў, што пашпарт згублены. У мяне была адкрытая віза. Спрабаваў трапіць у Польшчу, думаў, што праскачу, але ня лёс. Узялі проста на мяжы. Потым мне за гэта далі 2,5 года калёніі, сядзеў у Наваполацку. Нармальна ўсё, там час хутка праляцеў, я малады быў тады яшчэ, весела было. Выйшаў у 2010 годзе, тады зноў зьехаў у Польшчу.

Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага
Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага

«Мне сястра сказала, што наш дзед ваяваў супраць Бандэры, а я ваюю разам з Бандэрам»

— Чым там займаліся?

— Працаваў на будоўлі, фасады рабіў. Будавалі супэрмаркеты Biedronka. Жыў у гарадку Груец недалёка ад Варшавы. Абодва разы працаваў у той самай фірме. Мяне і цяпер туды запрашаюць, але пакуль вайна, я ва Ўкраіне. Узровень жыцьця, вядома, моцна адрозьніваўся. Па сёньня памятаю, як зь першага заробку купіў сабе тэлефон «Матарола», а таксама яшчэ шмат грошай заставалася на жыцьцё. Я быў вельмі ўражаны Польшчай.

— Але ў Беларусь усё адно цягнула, калі, рызыкуючы сабой, вярталіся?

— Ну вядома. Там жа сям’я — дзьве сястры, мама. На жаль, цяпер я зь імі зусім не кантактую. Яны за Лукашэнку, ім усё падабаецца. Я для іх фашыст, эсэсавец. Мне сястра сказала, што наш дзед ваяваў супраць Бандэры, а я ваюю разам з Бандэрам. Мама таксама адмовілася са мной размаўляць. Спачатку было крыху непрыемна, але потым звыкся. Мая сям’я ўжо ва Ўкраіне. Я ж ваяваў у складзе «Правага сэктару», а для іх гэта як чырвоная ануча для быка. Маўляў, мы тэрарысты, забойцы, дзяцей ямо. Я дадаваў родных у фэйсбуку, яны мяне там заблякавалі.

— У вашым акаўнце «УКантакце» я пабачыў, што вы і ў Расеі пажылі...

— Мая першая жонка была родам з гораду Адзінцова пад Масквой, мы зь ёй пазнаёміліся ў Польшчы. Працавала ў нашай фірме ў кол-цэнтры. Ну як жылі? Працавалі ў Польшчы, а потым на месяц-два ехалі ў Адзінцова. Разьвяліся зь ёй у 2013 годзе.

Юры «Хмель» Гарупа
Юры «Хмель» Гарупа

«„Волат“, „Ганс“, „Фэнікс“ — гэта героі»

— Чаму паехалі ва Ўкраіну?

— Я паехаў, калі адбылася анэксія Крыму. Прыехалі разам зь сябрам зь Віцебску (не хачу называць ягонага імя), ён быў у Францускім замежным легіёне, прайшоў шмат гарачых пунктаў, мы ў добрых стасунках зь ім па сёньня. Працавалі разам, жылі ў адной кватэры. Ён сабраўся ехаць на вайну, і я загарэўся ехаць зь ім. Ва Ўкраіне ён ужо пайшоў у батальён «Айдар», а я — у «Правы сэктар». Мяне ў «Айдар» не ўзялі, бо туды бралі толькі з баявым досьведам, а я нават у арміі не служыў. А ў «Правым сэктары» была вучэбка. Быў ужо на Данбасе, але месяцы 1,5-2 мяне не адпраўлялі на баявыя дзеяньні, былі пастаянныя трэнінгі.

— Са Зьмітром «Гансам» перасякаліся ў «Правым сэктары»?

— Так, але былі ў розных падразьдзяленьнях. І з «Волатам» перасякаўся, і з Косьцем «Фэніксам». Усіх іх ведаў. Гэта былі сапраўды ваяры. Гонар бярэ, што быў зь імі знаёмы. Было прыемна ня толькі ваяваць, але і ў цывільным жыцьці сустракацца, хаця ня так часта гэта атрымлівалася. Я жыў у Хмяльніцкім, «Волат» — на Валыні, «Ганс» — пад Львовам. Сустракаліся на Дзень Незалежнасьці ў Кіеве. Гэта героі.

— Зь першай кампаніі што найбольш запомнілася?

— Помню ўсё, у прынцыпе. Пескі — гэта была складаная апэрацыя. Мы ў асноўным стаялі ў Аўдзееўцы, у 2016 годзе было цяжкавата. Прамзона, дачы, лес. Былі свае пазытыўныя моманты, але было і стратаў шмат.

Аляксей «Псыхоляг» казаў, што ў першую вайну ніколі не сутыкаўся з бліжнім боем. У вас таксама не было?

— Так, самае блізкае было, калі перастрэльваліся на адлегласьці 50-70 мэтраў. Фактычна праз агароды. Пры нармальным раскладзе тады дакідвалі гранатамі. У першую кампанію ў асноўным працавалі кулямёты, артылерыя. Цяпер нашмат страшней, чым тады было. Блізкіх баёў шмат, аж да нажавых даходзіць. Шмат артылерыі. Такая вайна, што сядзіш-сядзіш у акопе — бац, і табе прыляцела, не пашанцавала. Так і з «Фэніксам» было. Я часта пра сябе думаю пра падзеі ў Ірпяні, Бучы. Я не разумею, адкуль у гэтых расейскіх кантрактнікаў столькі нянавісьці і злосьці? Я быў там 3 красавіка, проста страшна. Было ўсё засыпана трупамі, прычым мірных грамадзян, з завязанымі вачыма, рукамі — зразумець гэта немагчыма.

Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага
Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага

«Хацеў пабыць дома да 3 траўня»

— Вы ўвесь час былі на вайне да 2022 году?

— У прынцыпе, так. Тры-чатыры месяцы на фронце, а потым месяц дома. Стараўся доўга ня быць, бо прывыкаеш да вайны, страчваеш інстынкт самазахаваньня, забываесься сагнуцца, калі нешта побач выбухае. А так пабыў дома зь сям’ёй — паехаў са сьвежай галавой назад. Я прыехаў дадому 27 сьнежня, на Новы год, хацеў рамонт рабіць. Плянаваў нават да 3 траўня быць у Хмяльніцкім, да свайго дня нараджэньня. Але 24 лютага прачынаюся, адкрываю інтэрнэт, гляджу, што адбываецца. На наступны дзень скокнуў у цягнік і паехаў у Кіеў. Спрабаваў прабіцца ў Данецкую вобласьць, але мне сказалі, што там усё перакрыта. З нашымі хлопцамі з «Правага сэктару» сувязі не было. Тады пабачыў, што фармуецца беларуская рота пры «Азове». Патэлефанаваў Арцёму «Ванішу» Войнічу, ён: «Так, прыяжджай». Так я там апынуўся.

— Пазыўны «Хмель», бо вы жывяце ў Хмяльніцкім?

— Так. У «Правым сэктары» я быў «Брэстам», але ў Каліноўскага такі пазыўны ўжо быў. Падышоў да Вані Марчука, давай вырашаць, хто будзе мяняць. Вырашылі, што я, бо пазьней прыехаў.

— Якія першыя ўражаньні былі ад беларускай роты?

— Там тады было чалавек 20-25, у асноўных спрактыкаваных. Усе разумелі, што да нас едзе моладзь неабстраляная. Неўзабаве пачаліся трэнаваньні, каравулы. Пацаны сталі разумець, што мы на вайне. Шчыра кажучы, я ня верыў, што атрымаецца сфармаваць нават роту, а тут ужо дайшло да палка. І колькасьць ахвотнікаў не зьмяншаецца. Хапае людзей, якія яшчэ не паверылі гэтаму [нецэнзурнае слова] вусатаму. Я да яго стаўлюся, як усе беларусы. Калі і вярнуся на радзіму, то толькі на танку, каб зрабіць краіну свабоднай.

— Былі там самым спрактыкаваным?

— Не, чаму ж. Былі «Зубр», «Волат», камбат Юра, «Кіт», «Ваніш», Ян Мельнікаў, «Ігар», «Брэст». Хапала. Калі была першая апэрацыя ў Ірпяні, дзе загінуў «Тэрор», то маладыя адчулі бой. Я туды ня трапіў, бо якраз захварэў.

Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага
Юры «Хмель» Гарупа, полк Каліноўскага

«Курыў і думаў, што гэта мая апошняя цыгарэтка»

— Як вы атрымалі раненьне?

— 21 красавіка атрымалі загад выйсьці на пазыцыю ў Мікалаеўскай вобласьці. Там было поле, мы праходзілі праз палівальныя бэтонныя каналы працягласьцю 600-700 мэтраў. Пасадкамі мы мусілі прайсьці каля 7 кілямэтраў. Наша група з 8 чалавек складалася цалкам зь беларусаў, а за намі ішлі літоўцы з Замежнага легіёну. Мы прайшлі мэтраў сто, як убачылі над намі дрон «Арлан». Амаль адразу пачаўся абстрэл артылерыяй. Мы якраз пераходзілі праз гэтую бэтонную канаву — нас гэта ўратавала, мы там схаваліся. Спачатку працавалі мінамёты, а потым выехала БМП, якая біла па нас каля гадзіны. Потым паўкасэты «Граду» прыляцела каля нас, а другая паўкасэта — за намі.

Гэта ўсё працягвалася ад пятай ранку да паловы на дзясятую. Мы плянавалі дачакацца цемры і ўжо потым рухацца. Калі адзін іхны дрон садзіўся, то адразу ж уздымаўся іншы. Зьбіць магчымасьці яго не было, бо ляталі высока.

Па рацыі нам перадалі, што тая пазыцыя, зь якой па нас білі, зьнялася зь месца, таму нам можна было рухацца. Мы ўсталі і ішлі кароткім перабежкамі, пэрыядычна страляючы; міны прыляталі кожныя хвілін пяць. Дронаў над намі ўжо не было. Да пазыцыі мы не дайшлі мэтраў васемсот. Выйшлі з пасадкі на голае поле.

Расейцы нас, відавочна, чакалі, бо выпусьцілі ўсіх нас з пасадак: першым ішоў наш камандзір групы «Тарэна», а замыкаў «Дзядзька». Як толькі апошні чалавек выйшаў, то адбыўся ўдар з танка. У мяне над галавой узарваўся першы снарад. Зачапіла руку і галаву. На руцэ перабітыя нэрвы, не працуе некалькі пальцаў. Я паваліўся, стаў накідваць турнікет, бачу, што кроў сьвішча, пасекла твар. Падпоўз да мяне наш парамэдык, які спрабаваў мне дапамагчы. У гэты ж час адбыўся другі выбух літаральна за 1,5 мэтра ад маіх ног.

Жгут-турнікет выкарыстоўваецца для спыненьня крывацёку, паранены сам можна яго накласьці і закруціць нават адной рукой.

Беларускія байцы з палку Каліноўскага
Беларускія байцы з палку Каліноўскага

Міна разрываецца, мне прылятае ў жывот і галаву, а парамэдыку адрывае пальцы. Паспрабавалі адпаўзаць, але быў моцны абстрэл. На турнікеце я напісаў час раненьня 10:40, а абстрэл адбываўся да 13:00. Калі завялася рацыя, то паведамілі, што ў нас двое «трохсотых», а потым даведаліся, што параненыя таксама «Булак» і «Тарэна». Чацьвёра з васьмі. Было прынята рашэньне, што нас будуць эвакуаваць. Ня памятаю, ці прыкрыла наша артылерыя, бо ўжо пачынаў страчваць прытомнасьць ад вялікай страты крыві.

Хто мог далей перасоўвацца, пайшлі на пазыцыю, а нас стала эвакуаваць група літоўцаў, якая ішла сьледам. Яны несьлі мяне каля 5 кілямэтраў; былі абстрэлы, але я слаба гэта памятаю, бо рэдка прытомнеў.

Прачнуўся я ўжо ў Мікалаеве. Там мне сказалі, што разарвала цалкам левую сьценку мачавіка, выдалілі частку страўніка, раздробленая тазавая костка зьлева, перабітыя нэрвы на правай руцэ, разрыў бубеннай балоны правага вуха, а таксама разрыў сятчаткі правага вока і кантузія.

Беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне
Беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне

«Нармальна, жыць буду»

— Што кажуць дактары?

— Ужо пачаў крыху чуць на вуха. Вока бачыць, але кепска, але абяцаюць, што адновіцца зрок. З нагой — косткі мне сабралі, зафіксавалі, зьнялі лянгету. Цяпер ужо спрабую хадзіць з мыліцамі, распрацоўваць нагу. Пра руку сказалі, што пальцы будуць працаваць, але кепска. Адчувальнасьць адновіцца празь нейкі час. Нармальна, буду жыць. Мяне цяпер пераводзяць на рэабілітацыю ў Хмяльніцкі, а празь пяць месяцаў будуць рабіць новую апэрацыю на страўнік. Калі вайна да гэтага часу ня скончыцца, то ў лістападзе-сьнежні вярнуся на фронт.

— Не было думак, што гэта можа быць канец?

— Калі шчыра, то былі. Я адчуваў, што плыву. Некалькі разоў адключаўся. Калі адзін з разоў ачуўся, то, памятаю, балела галава, ляжаў у позе эмбрыёна і моцна захацеў курыць. Ляжаў, курыў і думаў, што гэта мая апошняя цыгарэтка. Калі ля ног разарвалася міна, то я апрытомнеў і падумаў: «Гэта ўжо ўсё ці яшчэ не?» Калі думаю, значыць, яшчэ ня ўсё. Гэта маё першае раненьне.

— Як жонка ставіцца да таго, што на вайне?

— Цікавае пытаньне (сьмяецца). Плача, крычыць. Была ў мяне ў шпіталі, шмат плакала. Кажа: «Здавалася, я ўжо прывыкла, але да такога звыкнуць немагчыма». Дачка мне сказала: «Ты герой».

Юры «Хмель» Гарупа
Юры «Хмель» Гарупа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG